МІНСК, 13 сак – Sputnik. ДАІ і Транспартная інспекцыя пасля рэзананснага ДТЗ пад Смалявічамі ўзмацнілі кантроль за маршруткамі, амаль за два тыдні было выяўлена каля 3 700 парушэнняў, распавяла Sputnik начальнік аддзялення галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Вераніка Раманькова.
Яна адзначыла, што па ўсёй краіне прайшлі 179 рэйдаў. Больш за 650 парушэнняў было звязана з правіламі перавозкі пасажыраў, 104 вадзіцелі не выконвалі хуткасны рэжым, яшчэ ў 15 не было праў кіравання транспартам. У поле зроку супрацоўнікаў ДАІ патрапілі і нецвярозыя аўтамабілісты.
"У Брэсце 2 сакавіка каля 9 гадзін раніцы супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі быў спынены маршрутны транспартны сродак, на якім былі ўстаноўлены шторкі, не прадугледжаныя заводам-вытворцам. Маршрутным таксі кіраваў 51-гадовы жыхар Брэсцкага раёна, у якога знойдзена ў крыві 0,48 праміле алкаголю", - паведаміла Раманькова.
Таксама яна дадала, што мікрааўтобус змясцілі на ахоўную стаянку, а на кіроўцу склалі адміністрацыйныя матэрыялы, у тым ліку за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане. Як растлумачыў мужчына, алкаголь ён ужыў не перад працай, а напярэдадні вечарам.
Па словах прадстаўніка ДАІ МУС, больш за ўсё парушэнняў зафіксавана ў Мінску, кантроль будзе працягвацца.
Рэйды па маршрутках
Раней МУС сумесна з Міністэрствам транспарту анансавалі пачатак прафілактычных мерапрыемстваў па праверцы маршрутнага пасажырскага транспарту.
Супрацоўнікі ДАІ кантралявалі пытанні допуску да ўдзелу ў дарожным руху або дакументы, якія даюць магчымасць ажыццяўляць паслугі па перавозцы пасажыраў. Таксама ўзмоцнена правяралі выкананне хуткаснага рэжыму.
Што адбылося пад Смалявічамі
Нагадаем, 20 лютага на трасе Р69 у лабавым сутыкненні гружанага пяском МАЗа і маршруткі загінулі 11 чалавек, у тым ліку адно дзіця. Акрамя таго, 9 пацярпелых былі дастаўлены ў бальніцы. Пазней стала вядома аб смерці яшчэ дваіх.
Медыкі працягваюць барацьбу за выратаванне жыцця сямі пацярпелых. Кіроўца МАЗа жывы, ён атрымаў цялесныя пашкоджанні.
У сувязі з тым, што адбылося, Следчы камітэт Беларусі ўзбудзіў справу па ч. 3 арт. 317 КК – парушэнне правіл дарожнага руху, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці дзвюх і больш асоб.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Хірург аб пацярпелых у ДТЗ пад Смалявічамі: чацвёра ў вельмі цяжкім стане
ДАІ рэкамендуе не спяшацца "пераабуваць" машыны на летнюю рызіну
Колькі ДТЗ з удзелам дзяцей адбылося ў 2022 годзе, расказалі ў ДАІ Мінска