Дзень Перамогі

Са слязамі і партрэтам прадзеда ў руках: "Бессмертный полк" на вуліцах Гродна

Многія гродзенцы, якія прыйшлі ў цэнтр Гродна з партрэтамі дзядоў і прадзедаў, якія ваявалі, расказалі, што робяць гэта штогод, каб з удзячнасцю ўспомніць подзвіг усіх удзельнікаў вайны.
Sputnik
ГРОДНА, 9 мая – Sputnik, Іна Грышук. Акцыі "Бессмертный полк" і "Беларусь помніць" прайшлі ў рамках шэсця пакаленняў, якое сабрала некалькі тысяч гараджан у цэнтры Гродна раніцай 9 мая, перадае карэспандэнт Sputnik.
Некалькі тысяч гараджан з партрэтамі сваякоў-ветэранаў пад гукі аркестра прайшліся па цэнтральных вуліцах ад плошчы Леніна да плошчы Савецкай, а таксама падзяліліся, чаму для іх гэтак важны гэтыя акцыі памяці.
Акцыя "Бессмертный полк" у Гродне
Гродзенскае шэсце пакаленняў у гэтым годзе праходзіла ў самым цэнтры горада і аб’яднала дзве акцыі – "Беларусь помніць" і "Бессмертный полк". У шэсці можна было бачыць не толькі старэйшае пакаленне, але і маладое – студэнтаў і школьнікаў.
Святочныя мерапрыемствы ў Гродне
Адна з іх – 19-гадовая Лізавета, якая прыйшла на шэсце з маці Людмілай. У руках несла ўпрыгожаную георгіеўскімі стужачкамі рамку з партрэтамі двух прадзедаў. На просьбу журналіста расказаць іх гісторыю, дзяўчына не змагла стрымаць слёз. Сваіх прадзедаў яна ніколі не бачыла, але гісторыяй іх трагічнага мінулага прасяклася да глыбіні душы.
19-гадовая Лізавета з маці і братам
"Мы не паспелі зрабіць прыгожыя партрэты, зрабілі ў такім выглядзе, таму што вырашылі абавязкова прыйсці на акцыю "Бессмертного полка". Прадзядуля Мікалай быў стралком, героем бітвы пад Ленінградам, на яго рахунку – падарваны браняпоезд і шмат забітых нямецкіх салдат. Пра яго ваенныя подзвігі вельмі шмат ёсць на сайце "Бессмертного полка". А другі прадзядуля прайшоў усю вайну, дайшоў да Берліна. У іх было шмат узнагарод. Іх гісторыю мне распавялі бабуля і маці", - расказала Лізавета.
Дзеці віншуюць ветэранаў з Днём Перамогі
Яе маці дапоўніла, што дзядулі вельмі мала расказвалі пра падзеі ваенных гадоў, але Дзень Перамогі для іх заўсёды быў вялікім святам.
"Дзядуля Мікалай добра іграў на баяне. У дзяцінстве, калі мы прыязджалі да яго ў госці, усе ўнукі збіраліся і спявалі пад яго акампанемент песні ваенных гадоў і любімую дзядулем "Катюшу". І мы разумелі, якім важным для яго быў гэты дзень", - распавяла Людміла.
Былі сярод удзельнікаў шэсця і партрэты тых удзельнікаў вайны, якія не дажылі да 9 мая 1945-га, а аддалі сваё жыццё ў баях. Адзін з іх – Віктар Тарасевіч, які загінуў у 1944 маладым 33-гадовым хлопцам. Яго партрэт на шэсце прынёс унук – поўны цёзка свайго дзядулі.
Удзельнік акцыі "Бессмертный полк" Віктар Тарасевіч з партрэтам загінулага ў 1944 годзе дзеда
"Мяне назвалі ў гонар дзеда. Сёння я тут, на гэтым шэсці, бо прыйшоў ушанаваць памяць усіх ветэранаў. А яшчэ паказаць майму дзядулю мірны парад і тое, што стала магчымым дзякуючы іх подзвігам на палях бітваў. Мой дзядуля і іншыя загінулыя салдаты засталіся ў нашай памяці маладымі рабятамі. Ён загінуў пры вызваленні Кенісберга, сучаснага Калінінграда. Ваяваў ён усяго паўгода пасля прызыву, але паспеў унесці свой уклад у агульную перамогу", - расказаў Віктар.
Па словах мужчыны, пра гісторыю дзядулі ён даведаўся дзякуючы апавяданням бабулі і бацькі. Дзед доўгі час лічыўся прапаўшым без вестак. Бацька Віктара шмат гадоў звяртаўся ў розныя архівы і здолеў адшукаць месца яго пахавання і гісторыю трагічнай гібелі.
"Дзед Віктар пахаваны пад горадам Гусевым у Калінінградскай вобласці. Наша сям’я бывала там. Знайшлі ў спіску прозвішчаў на мануменце і прозвішча дзеда", - дадаў Віктар.
Ён таксама дадаў, што лічыць сваім абавязкам кожны год прыходзіць на шэсці памяці, памятаць подзвіг усіх удзельнікаў вайны – тых, хто выжыў, і тых, хто аддаў жыццё за агульную перамогу.
Аляксандр і Марына Калінушкіны
"Гэта мой бацька – Калінушкін Сяргей Іванавіч – удзельнік вайны, які таксама ўнёс свой пасільны ўклад у нашу вялікую Перамогу. Ён – наш гонар. Ваяваў на Першым беларускім фронце, быў снайперам, быў цяжка паранены, потым кантужаны, але застаўся жывы. На свет з’явіліся мы, нас шасцёра ў сям’і было", - падзяліўся гісторыяй свайго бацькі афіцэр запасу, падпалкоўнік, афганец, удзельнік шэсця Аляксандр Калінушкін, які прыйшоў на акцыю з жонкай Марынай.
Па ўспамінах Аляксандра, яго бацька мала расказваў аб сваім ваенным вопыце. Нешта ўдалося даведацца з цішком пачутых у дзяцінстве размоў, калі дзед збіраўся сярод сваіх сяброў-ветэранаў, якія таксама ваявалі.
Выстава ваеннай тэхнікі ў Гродне
"Напэўна гэтыя ўспаміны для іх былі вельмі цяжкія, таму яны мала пра гэта гаварылі, а мы стараліся не распытваць", - растлумачыў мужчына і дадаў:
"Сёння наш абавязак – прыходзіць на такія шэсці. Гэта не мы ўдзельнічаем, гэта бацька мой удзельнічае, гэта ён тут прысутнічае. Для яго Дзень Перамогі заўсёды быў вялікім святам. Гэта іх Перамога, а мы – усяго толькі наследнікі гэтай Перамогі".
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Таксама на Sputnik:
У Гомелі больш за 25 тысяч чалавек выйшлі на святочнае шэсце 9 мая
Расійскія дыпламаты ў Мінску прынялі ўдзел у шэсці "Бессмертного полка"
Мінскія сувораўцы прынялі ўдзел у парадзе Перамогі ў Ніжнім Ноўгарадзе