"Сёння Купала, заўтра Ян!..", або Кулага і медавуха для Купальскага дзядка

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, як засцерагчыся ў Купальскую ноч ад чараўніцтва, чаму продкі раней скакалі ў крапіву, ад каго можна атрымаць купальскія кветкі ў дар і навошта з сабой браць звычайны абрус.
Sputnik
Хутка праляцеў першы летні месяц. Яшчэ колькі дзён – і ў свае правы ўступіць ліпень. Цёплы, сонечны чэрвень хоць і выдаўся сёлета гарачым, але ж паспеў пакрасавацца яркімі кветнікамі руплівых гаспадынь. Сонца, якое да гэтага часу падымалася ўсё вышэй і вышэй, пасля 21 чэрвеня пачало павольна каціцца да цёмных калядных вечароў. Ад гэтых думак становіцца крыху сумна, але да зімы яшчэ далёка! Толькі-толькі адбыўся летні Сонцаварот, што амаль супадае з горача любімым моладдзю Купаллем, якое ў народзе святкавалі двойчы.

Перад Купаллем лепш не спаць!

Летняя ўрачыстасць у гонар сонца і агню адбываецца з 23 на 24 чэрвеня і з 6 на 7 ліпеня. У гэтыя дні святкуюць адразу два святы – Купалу і Яна (святы Іаан Прадцеча). У купалках так і спяваюць:
"Сёння Купала, заўтра Ян!.."
І хоць Купалле і лічылася святам моладзі і кахання, у ім прымалі ўдзел усе жадаючыя, пры гэтым паводзячы сябе адпаведна ўзросту.
У Купаллі прымалі ўдзел усе жадаючыя
Продкі меркавалі: каб не ўпусціць сваё шчасце, перад Купаллем лепш не спаць! Тым больш, што спаць у самую таямнічую ноч у годзе лічылася грахом. А яшчэ гэта свята – добрая нагода для сустрэч з сябрамі ў самую лагодную летнюю пару. Седзячы каля вогнішча, чаму б не ўзгадаць купальскія легенды і паданні пра папараць-кветку ды пра Купальскага дзядка, паспяваць абрадавыя песні – "купалкі" – і, вядома ж, смачна падсілкавацца.
Купалле – самае забабоннае свята! Дзяды верылі, што ў гэты самы доўгі дзень здзяйсняецца нейкі магічны пераварот у свеце: па зямлі расхаджваюць ведзьмы і духі, дрэвы ды звяры вядуць паміж сабой гаворку, а ў лузе шэпчуцца травы. Падчас Купалля сустракаюцца ўсе стыхіі – агонь, вада, зямля і паветра – якія ў гэты час на службе ў чалавека. Праўда, кожны карыстаецца імі, як разумее.
Кажуць, што падчас Купалля нават травы пачынаюць шаптацца
Так, зяляркі і пчаляры – на карысць чалавеку, а вось некаторыя – ведзьмакі! – імкнуцца прычыніць максімальную шкоду.

Купальская абарона ад чараўніцтва

Тых, хто не святкаваў Купалу, лічылі злымі чараўнікамі, з іх кпілі:
"Наталка на Купаллі не была, то-то ведзьма была, да Кіёва летала на Йвана…".
Верылі, што ведзьмакі ў купальскую ноч лятаюць на сваю сходку і для сваіх падарожжаў выкарыстоўваюць не толькі венікі, але і чужых коней. Менавіта таму гаспадары ў гэты час ні ў якім разе не выганялі коней са стойла.
Гаспадары ў Купальскую ноч коней са стойла не выганялі
Каб засцерагчы сябе ад шкоднага ўздзеяння чараўнікоў, каля дзвярэй і вокнаў затыкалі галінкі палыну і крапівы, вешалі на сцены вянкі з асвечанага ў царкве купальскага зелля, прыладжвалі над дзвярыма грамнічную свечку. Лічылася, што калі раніцай свечка была пагрызена, то можна да варожкі не хадзіць, ведалі, што ведзьма прыходзіла!
Дарэчы, якія яны – ведзьмы? Па народных павер’ях звычайныя на першы погляд кабеты на кароткі час ператвараліся ў жаб, змей ці яшчарак і ў такім выглядзе імкнуліся трапіць у хлеў, каб "адабраць" малако ў кароў, або заездзіць да смерці коней. Вядома ж трэба было бараніцца! Вызначыць сярод суседак злыдню можна было менавіта перад Купаллем: яна у гэты дзень абавязкова прыйдзе па запалкі!
Ахоўная купальская магія – замыканне палыном хаты
Найбольш эфектыўным сродкам абароны ад шкоднага ўздзеяння купальскіх чараўніц лічыўся агонь. Таму на свяце палілі вялікае вогнішча і скакалі праз яго – гэта дапамагала ачысціць сябе і засцерагчы ад немачы, чараў і замоў.
Ды ўжо, каб напэўна не стаць ахвярай цёмных сіл, на целе пад сарочкай насілі палын. Духмяная галінка каля начнога вогнішча – карысная рэч, бо калі не ведзьму, то камароў дакладна адгоніць!
Скокі праз Купальскае вогнішча дапамагаюць ачысціць сябе і засцерагчы ад немачы і замоў

Без крапівы – аніяк!

Крапіва – раслінны сімвал агню. Здаўна лічылася, што на небе пануе бог сонца Ярыла, а пад зямлёй уладарыць бог Жыжаль. Пра сябе ён нагадвае людзям праз від крапівы з дробнымі лісцікамі, які ў народзе завецца "жычкай". Яна асабліва пякучая, і гэта пра яе кажуць:
"Жыжкае крапівы нарвалі".
Тая самая жычка
На Купаллі дзеці не маглі скакаць праз вогнішча разам з дарослымі. Яны рабілі вогнішча з жычкі і скакалі праз яго.
Аднак у продкаў крапіва выступала яшчэ і ў якасці мацнейшага любоўнага сімвала. Сапраўды, дзяды верылі: каб нараджаліся дзеці, на свяце было прынята лупцаваць адзін аднаго крапівой!
Купалле лічылася святам моладзі і кахання
Дарэчы, яшчэ ў старажытнасці ў гэтую ноч у крапіве бралі шлюб. Калі пра кагосьці казалі, што ён ці яна "скочылі ў крапіву", то мелі на ўвазе пэўныя эратычныя паводзіны.
А пазашлюбнае дзіця таму і называлі "крапіўнікам".

Вячэра з Купальскім дзядком

Сядзець каля купальскага вогнішча ў сяброўскім коле сапраўднае задавальненне! Хтосьці спявае, хтосьці скача праз амаль згаслы агонь, хтосьці пайшоў да ракі пускаць па вадзе вянкі і купацца, а хтосьці апавядае байкі пра вядзьмарак, папараць-кветку ды Купальскага дзядка.
Купальскі дзядок згодна з уяўленнямі продкаў беларусаў быў добрым духам. У народзе казалі, што ў Купальскую ноч ён ходзіць і збірае купальскія кветкі, з-за чаго яго кошык гарыць як жар. Пры сустрэчы з ім трэба расцяліць абрус – і тады Купальскі дзядок кіне на яго толькі адну кветку. У каго тая кветка, той атрымае дар ведаць пра ўсё на свеце, убачыць – дзе якія скарбы ляжаць і як іх атрымаць. Праўда, спаткаць Дзядка цяжка, насіць з сабой абрус нязручна, ды і ўсё ведаць – клопатна.
Праўда, спаткаць Купальскага дзядка цяжка
Але ж абрус на Купалле бяруць, каб раскласці на ім на світанку ўсялякае смакоцце, прынесенае з хаты: яйкі, бліны, аладкі са смятанай, пірагі, кілбасы, смажанае мяса і рыбу, пер’е цыбулі, квас і піва, кулагу і медавуху, ды шмат чаго іншага. Частуюцца ўсе разам, і, хто ведае, магчыма сярод людзей сядзіць і ўсміхаецца нікому не бачны Купальскі дзядок!

Стравы на купальскі абрус

У адной з дзявочых купальскіх песень апавядаецца як дзяўчат, калі яны з песнямі абыходзілі двары, частавалі настолькі салодкай кулагай, што і нават пчолам ёй прыемна было ласавацца:

"А ў той кулазе пчоланькі бруялі,
мяды сабіралі!
".

Кулага з чарніц
Вядома ж, дзе мяды – там і медавуха! Таму і прапаную прыгатаваць да вашай купальскай вячэры абрадавыя кулагу і медавуху.

Кулага беларуская

З чаго гатаваць:
400 г чарніц (малін, суніц, брусніц, буякоў і інш.)
60-80 г мёду,
2-3 ст. л. жытняй мукі.
Суніцы для кулагі
Як гатаваць. Свежыя ягады перабраць, памыць, паставіць на агонь. Калі ягады разварацца, дадаць жытнюю муку, разведзеную ў невялікай колькасці халоднай вады, мёд або цукар, перамяшаць і варыць на слабым агні, пакуль страва не стане падобнай да кісялю.
Ядуць кулагу з блінамі і малаком.
Кулажка - не бражка!

Медавуха

З чаго гатаваць:
5 л вады,
300 г мёду,
10 г дражджэй.
Мёд разам з сотамі развесці ахалоджанай вадой
Як гатаваць. Мёд разам з сотамі развесці ахалоджанай гатаванай вадой, заліць у невялікую драўляную бочачку (у ідэале). Дадаць дрожджы, разведзеныя ў цёплай вадзе, перамяшаць.
Вытрымліваць у халаднаватым месцы 6-8 дзён.
Вытрымліваць медавуху трэба было ў драўлянай бочцы
Шчаслівай купальскай ночкі!
Таксама на Sputnik:
Свята агню: як прайшоў фестываль "Свята Сонца" ў Дудутках – фота
Летняе сонцастаянне - 2023: традыцыі і прыкметы
Купальская ноч: самае таемнае летняе свята адбылося на возеры Шо на Глыбоччыне