МІНСК, 25 чэр – Sputnik. У ноч з пятніцы на суботу каля паўночы ў сацсетках з’явіліся паведамленні ад імя кіраўніка ПВК "Вагнер" Яўгена Прыгожына аб нібыта меўшых месца ўдарах узброеных сіл РФ па тылавых лагерах ПВК. Прыгожын заявіў аб стратах і гатоўнасці дзеянняў у адказ.
Рэакцыя на заявы з’явілася з Мінабароны Расіі, там заявы Прыгожына назвалі інфармацыйнай правакацыяй і падкрэслілі, што яны не адпавядаюць рэчаіснасці.
Генеральная пракуратура РФ узбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да кіраўніка ПВК "Вагнер" Яўгена Прыгожына за спробу арганізацыі ўзброенага мяцяжу.
Аб спробе мяцяжу было паведамлена прэзідэну РФ, яму таксама паведамілі аб крымінальнай справе ў дачыненні да Прыгожына, заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.
Цэнтр грамадскіх сувязей ФСБ Расіі звярнуўся ў ноч на суботу да байцоў і камандзіраў ПВК "Вагнер" з просьбай не выконваць загады Прыгожына. Са зваротам выступіў таксама намеснік міністра абароны Аляксееў.
Тым часам, у Растове-на-Доне сіламі ПВК "Вагнер" уначы быў захоплены штаб Паўднёвай ваеннай акругі. У горадзе з’явіліся групы ўзброеных людзей, на ўездах і выездах былі ўстаноўлены блок-пасты. У горадзе адмянілі масавыя мерапрыемствы. Рашэнні аб адмене мерапрыемстваў таксама былі прыняты ў шэрагу рэгіёнаў Расіі.
Мінабароны Расіі ў сваім ранішнім звароце заклікала байцоў "Вагнера" "бяспечна вярнуцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі", адзначыўшы, што іх падманам уцягнулі ў авантуру і ўзброены мяцеж.
Зварот Пуціна
Са зваротам да нацыі і вайскоўцаў у 10 раніцы суботы выступіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. Ён заклікаў адкінуць усе спрэчкі, якімі могуць скарыстацца знешнія ворагі краіны. Але падкрэсліў, што ўсіх здраднікаў чакае пакаранне.
Пасля звароту расійскага лідара да расіян пачалася чарада тэлефонных перагавораў, адкрыў якую тэлефонны званок Пуціна ў Мінск. Прэзідэнт РФ праінфармаваў беларускага калегу Аляксандра Лукашэнку аб сітуацыі ў РФ.
Таксама адбыліся тэлефонныя размовы Пуціна з лідарамі Казахстана Такаевым, Узбекістана Мірзіёевым, Турцыі Эрдаганам. Турэцкі лідар выказаўся ў падтрымку дзеянняў Расіі і прапанаваў аказаць садзейнічанне ў вырашэнне сітуацыі.
Тым часам, рэжым контртэрарыстычнай аперацыі быў уведзены ў Маскве, Падмаскоўі і Варонежскай вобласці. Сабянін аб’явіў панядзелак у Маскве выхадным, а ў Ліпецкай вобласці было заўважана перамяшчэнне ваеннай тэхнікі ПВК "Вагнер".
Рэакцыя і каментарыі
Каментары аб сітуацыі, якая склалася, рушылі ўслед ад многіх афіцыйных асоб і ведамстваў – намесніка старшыні Савета бяспекі Дзмітрыя Мядзведзева, спікераў абедзвюх палат парламента Валодзіна і Мацвіенкі, кіраўніка СЗР Нарышкіна, афіцыйнага прадстаўніка МЗС Марыі Захаравай і іншых. Пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў выказаў упэўненасць у тым, што мяцеж будзе падаўлены.
У беларускім Савеце Бяспекі заявілі аб поўнай падтрымцы дзеянняў расійскіх улад, падкрэсліўшы, што Беларусь заўсёды застанецца на баку Расіі. У МУС Беларусі дадалі, што сочаць за сітуацыяй і нясуць службу ў сувязі са становішчам.
Перагаворы Лукашэнкі
Тым часам, беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка пасля размовы з Пуціным на працягу суботы правёў дзве нарады з сілавым блокам і вайскоўцамі аб сітуацыі ў РФ і перамяшчэннях ПВК "Вагнер".
Да вечара стала вядома, што на фоне нарад беларускі лідар па дамоўленасці з расійскім калегам на працягу ўсяго дня вёў перагаворы з кіраўніком ПВК "Вагнер" Прыгожыным. Сітуацыю ўдалося вырашыць, байцам ваеннай кампаніі былі прадастаўлены гарантыі бяспекі, было прынята рашэнне аб спыненні руху байцоў прыватнай ваеннай кампаніі на тэрыторыі Расіі.
Сам Прыгожын пасля перагавораў з Лукашэнкам заявіў, што ПВК "Вагнер" разгортвае калоны і сыходзіць у зваротным кірунку ў палявыя лагеры згодна з планам, разумеючы адказнасць за магчымае кровапраліцце.
У 9 вечара прэзідэнты Беларусі і Расіі зноў паразмаўлялі па тэлефоне, Лукашэнка падрабязна праінфармаваў Пуціна аб выніках перагавораў, у сваю чаргу, прэзідэнт Расіі падтрымаў і падзякаваў беларускаму калегу за праведзеную працу.
Таксама стала вядома, што па выніках перагавораў кіраўнік ПВК "Вагнер" сыдзе ў Беларусь, крымінальная справа ў дачыненні да яго, узбуджаная пракуратурай РФ, будзе спынена. Чым будзе займацца Прыгожын у Беларусі, пакуль што не ўдакладняецца.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Таксама на Sputnik:
Прыгожын сыдзе ў Беларусь – Пяскоў
Лукашэнка правёў дзве нарады з сілавікамі на фоне падзей у РФ