Амаль аўтабан: як ідзе рэканструкцыя трасы Мінск – Віцебск

Вялікая дарожная будоўля разгарнулася на рэспубліканскай трасе М-3 Мінск – Віцебск паміж Лагойскам і Плешчаніцамі. Гэты 15-кіламетровы ўчастак стане шырэй: будзе чатыры паласы, а замест асфальту пакладуць бетон. Тэрмін будаўніцтва: чэрвень 2023 – снежань 2024 года.
Sputnik
За апошнія сем гадоў у Беларусі было ўзведзена і рэканструявана 176 км рэспубліканскіх аўтадарог з цэментабетонным пакрыццём. Вяртанне да маштабнага будаўніцтва бетонных магістралей – адно з даручэнняў прэзідэнта краіны, агучаных падчас сакавіцкага паслання народу і парламенту.
Як ідзе рэканструкцыя адной з найбуйнейшых аўтамагістралей у рэспубліцы і якім стане ўчастак пасля рамонту – у матэрыяле Sputnik Беларусь.

Падрыхтоўчая праца

Перад пачаткам дарожных работ у раёне рэканструкцыі правялі вялікую падрыхтоўчую работу. Спачатку мясцовасць абследавалі навукоўцы – гісторыкі і батанікі. Аказалася, што ў лясным масіве, на 45-46 км трасы, знаходзіцца курганны могільнік X-XIII стагоддзяў, унесены ў Дзяржаўны спісак гісторыка-культурных каштоўнасцей. Згодна з праектам, новая траса пройдзе побач з могільнікам, не парушыўшы яго меж.
Таксама навукоўцы ўстанавілі, што недалёка ад месца рэканструкцыі расце "чырванакніжнік" – прастрэл раскрыты. Спецыялісты перасадзілі яго ў бяспечнае месца. А каб траса магла стаць шырэй, леснікоў задзейнічалі на высечцы дрэў.

З невялікім апярэджаннем

Афіцыйна рэканструкцыя дарогі М3 на ўчастку з 41 км па 56 км стартавала 1 чэрвеня. Генпадрадчыкам стала гомельская арганізацыя "Дарожна-будаўнічы трэст №2", якая выйграла ў конкурсе дзяржзакупак. Яна ў сваю чаргу наняла больш за дзесятак субпадрадчыкаў, у кожнага з якіх сваё кола абавязкаў.
Цяпер на аб’екце працуюць сотні людзей і адзінак тэхнікі: грузавікі, экскаватары, краны, бульдозеры, грунтавыя каткі. Работы вядуцца ў адну змену шэсць дзён у тыдзень на ўсім працягу ўчастка, які рэканструюецца.
"У дадзены момант будаўніцтва ідзе з невялікім апярэджаннем вызначанага графіка. Зараз пашыраем земляное палатно, ужо каля 160 тысяч тон грунта прывезена для збудавання дарожнага адзення. Ідзе ўстройванне аб’ездаў і водапрапускных труб. Да кладкі цэментабетону плануем прыступіць у кастрычніку", - уводзіць у курс справы намеснік начальніка ўпраўлення інвестыцыйнымі праектамі РУП "Мінскаўтадор-Цэнтр" (гэтая арганізацыя з’яўляецца заказчыкам работ) Наталля Грышкевіч.
Паводле яе слоў, дзякуючы асаблівасцям ландшафту – узвышшам, якія на пэўных участках рэзка пераходзяць у нізіны – ёсць магчымасць распрацоўваць новыя ўчасткі для будучай дарогі.
"Вядома, там, дзе патрэбна пэўная якасць пяску пад бетон, мы вымушаны браць яго з кар’ераў", - удакладняе спецыяліст.

Усё для людзей і не забыліся пра жывёл

На новым участку трасы плануецца пабудаваць мост цераз раку Гайна, шэсць аўтобусных прыпынкаў і дзве пляцоўкі адпачынку са з’ездам у "кішэню". На павароце да мемарыяльнага комплексу "Хатынь" з’явіцца двухузроўневая транспартная развязка, а ў некаторых месцах – веладарожкі і тратуары. Для турыстаў і мясцовых жыхароў гэта цэлая падзея.
"Будуць створаны ўсе ўмовы для бяспекі пешаходаў і транспарту. Прадугледжана будаўніцтва двух падземных пешаходных пераходаў, адзін з іх велапешаходны ў раёне вёскі Слаговішча. На ўсім працягу ўчастка, які рэканструюецца, будзе сетка ад жывёл з брамкамі для міграцыі", - тлумачыць субяседніца.
Што да стэлы каля павароту на Хатынь, пераносіць яе не будуць. Як адзначае прадстаўнік арганізацыі-заказчыка, дадзены дакладныя ўказанні максімальна акуратна працаваць у гэтай зоне, каб не пашкодзіць манумент.
"У гэтым месцы запланавана будаўніцтва новага пуцеправода з развязкай і падземным пераходам для жывёл, з прымыканнем дарогі, якая вядзе ў мемарыяльны комплекс", - канстатуе Наталля Грышкевіч.
Цяпер рух транспартных сродкаў на рэканструюемым участку арганізаваны па часовай схеме. Для прыцягнення ўвагі вадзіцеляў устанавілі сігнальныя шчыткі з ліхтарамі і воданаліўныя блокі. Абмежаванне хуткасці – да 70 км/г, а ў месцах звужэння дарогі – да 50 км/г. Аднак пасля завяршэння ўсіх будаўнічых работ хуткасны рэжым павысяць да 120 км/г.

Цэментабетоннае рашэнне

Дарожнае палатно новага ўчастка віцебскай трасы будзе выканана з цэментабетону. Гэты матэрыял мае нядрэнныя характарыстыкі: калі тэрмін службы асфальтабетоннага пакрыцця разлічаны ў сярэднім на 10 гадоў да рамонту, то цяжкі бетон можа праслужыць усе 25.
"Быў праведзены эканамічны аналіз затрат на канструкцыю дарожнага адзення. Асфальтабетоннае пакрыццё аказалася даражэйшым, чым цэментабетон", - запэўнівае прадстаўнік "Мінскаўтадор-Цэнтр".
Яшчэ адна важная перавага дарожнага палатна з цяжкага бетону – пры яго вытворчасці прымяняюцца матэрыялы, вырабленыя на беларускіх заводах, – цэмент і друз.
Вырабляць гатовае пакрыццё для будучай дарогі будзе перасовачны цэментабетонны завод, прывезены на М-3 з Магілёва. Запускаць мабільнае прадпрыемства плануюць на днях, усе матэрыялы для пачатку працы – друз, пясок, цэмент і вада – ужо нарыхтаваны.
За 10-гадзінную змену такі завод здольны вырабіць да 1 000 кубаметраў цэментабетону – гэтага хопіць, каб абкласці паўкіламетра дарогі. Вядома, што на ўвесь рэканструюемы ўчастак спатрэбяцца дзесяткі тысяч кубаметраў цэментабетону, таўшчыня верхняга пласта палатна складзе 24 см. Асноўныя работы на аб’екце павінны быць завершаны ў снежні 2024 года.

За свае грошы

З улікам санкцыйнай палітыкі ў адносінах да Беларусі выдзяленне заходніх крэдытных рэсурсаў на рамонт дарог было часова прыпынена. Рэканструкцыю трасы М-3, якую пачаў фінансаваць еўрапейскі банк, было вырашана праводзіць за кошт дзяржаўнага бюджэту.
Колькі грошай будзе затрачана на будаўніцтва гэтага ўчастка дарогі і добраўпарадкаванне сумежных тэрыторый, палічыць пакуль што складана. Але дакладна зразумела: рэканструкцыя адной з самых загружаных магістралей у краіне, па якой машыны едуць у бок Лепельскіх і Браслаўскіх азёр, да прадпрыемстваў Віцебска, Полацка, Наваполацка, а таксама да літоўскай і латвійскай меж, – справа патрэбная.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Таксама на Sputnik:
Лукашэнка аб рамонце дарог: плаціць павінен той, хто па іх перамяшчаецца
У Беларусі і Расіі будзе адзіны поліс аўтастрахавання
Беларусы пачалі купляць больш новых аўтамабіляў