МІНСК, 5 вер – Sputnik. Міжнародная федэрацыя водных відаў спорту (World Aquatics) назвала крытэрыі допуску спартсменаў з Беларусі і Расіі да міжнародных спаборніцтваў, інфармацыя размешчана на сайце арганізацыі.
Так, плыўцам дазваляецца выступаць толькі ў індывідуальных стартах.
"Індывідуальным нейтральным спартсменам будзе дазволена ўдзельнічаць толькі ў спаборніцтвах, дзе час ці вынік вызначаюцца выступленнямі аднаго спартсмена", - гаворыцца ў рэлізе.
Гэта азначае, што як для беларусаў, так і для расіян будуць недаступны выступленні ў дуэтах або групавых стартах у сінхронным плаванні, у водным пола, а таксама ў сінхронных скачках у ваду і эстафетах у плаванні.
У World Aquatics таксама ўдакладнілі, што на сусветных спаборніцтвах будзе дазволена ўдзельнічаць "максімум аднаму нейтральнаму спартсмену з Расіі і Беларусі".
Нагадаем, што федэрацыя прыняла рашэнне аб адхіленні беларускіх і расійскіх плыўцоў ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах з-за сітуацыі ва Украіне.
Санкцыі і Алімпіяда
У сакавіку 2023 года МАК рэкамендаваў міжнародным федэрацыям дапускаць да спаборніцтваў расійскіх і беларускіх атлетаў, але толькі ў нейтральным статусе і толькі тых, хто не падтрымлівае спецаперацыю РФ ва Украіне. Арганізацыя прапанавала адмаўляць ва ўдзеле атлетам, звязаным з узброенымі сіламі і органамі бяспекі, а таксама зборным у камандных дысцыплінах.
У ліпені МАК паведаміў, што Нацыянальныя алімпійскія камітэты РФ і Беларусі не атрымаюць запрашэнняў на АГ у Парыжы ў раней устаноўленую дату – 26 ліпеня (за год да пачатку стартаў). Пры гэтым кіраўнік камітэта не стаў называць дакладныя тэрміны, у якія МАК прыме рашэнне па допуску расіян і беларусаў на Гульні.
Напярэдадні прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томас Бах заявіў, што рашэнне аб ізаляцыі расійскіх і беларускіх спартсменаў з’яўляецца парушэннем праў чалавека.
На яго думку, канчатковае рашэнне аб магчымым удзеле беларускіх і расійскіх спартсменаў у Алімпійскіх гульнях яшчэ будзе прынята, хаця і не ў бліжэйшыя некалькі дзён. Бах схіляецца да меркавання, што атлетам будзе дазволена выступаць у рамках спаборніцтваў, але выключна ў нейтральным статусе, не выкарыстоўваючы сімвалаў краін, якія яны прадстаўляюць.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Чытайце таксама:
Беларусаў дапусцілі да міжнародных спаборніцтваў па бадмінтоне
Задаволены вынікам: Квартальнаў аб перамозе "Дынама" над "Витязем"
Арына Сабаленка ўпершыню стане першай ракеткай свету