Два беларускія бізнесы ўвайшлі ў топ-50 замежных кампаній у Расіі

Выручка БелАЗа на расійскім рынку вырасла за мінулы год на 25,7%, а холдынга Аляксандра Машэнскага – на 30,6%.
Sputnik
МІНСК, 2 кас – Sputnik. Холдынг БелАЗа і група Santa занялі 38-е і 39-е месцы ў рэйтынгу Forbes 50 найбуйнейшых замежных кампаній у Расіі.
Цяперашні топ-50 узначаліла французская "Леруа Мерлен" (Leroy Merlin), якая трымае ў Расіі будаўнічыя гіпермаркеты. У рэйтынгу 2022 года яна была на другім месцы, а на першым – Volkswagen. Цяпер гэтай кампаніі ўвогуле няма ў топ-50.
Рэйтынг складзены на аснове выручкі за мінулы год.
Сетка Leroy Merlin у 2022 годзе атрымала 529,7 млрд расійскіх рублёў (больш за 17,9 млрд беларускімі), а ў 2021-м – 456,6 млрд расійскіх (15,4 млрд у беларускіх). Пры гэтым рост выручкі запаволіўся: у мінулым годзе было плюс 16%, а ў 2021 – 31,5%.
Дылерская кампанія БелАЗа ў Расіі атрымала 65,9 млрд расійскіх у 2022 годзе (больш за 2,2 млрд беларускіх) – рост на 25,7%.
Выручка групы Santa, якая мае вытворчасці прадуктаў харчавання як у Беларусі, так і ў Расіі – 65,4 млрд у расійскай валюце (таксама каля 2,2 млрд беларускіх), і рост склаў 30,6%.
Раней у БелАЗ заяўлялі, што 84,7% тэхнікі ў 2022 годзе было пастаўлена ў Расію, і агульная сума перавысіла 800 млн у доларавым эквіваленце. Сюды ўключаецца продаж не толькі кар’ерных самазвалаў, але і тэхнікі для будаўніцтва дарог і для працы ў шахтах.
Група Santa (холдынг бізнесмена Аляксандра Машэнскага) прадае ў Расіі сыры, малочныя прадукты, перапрацаваную рыбу і іншыя прадукты харчавання. Частку гэтых тавараў вырабляюць на падмаскоўным заводзе "Русское море", а астатняе – на прадпрыемствах у Беларусі (Брэст, Орша, Беразіно). Агульны аб’ём продажу ў Расіі не агучваецца.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Чытайце таксама:
Легкавыя аўтамабілі пад брэндам Hongqi пачнуць выпускаць у Беларусі
У Беларусі створаны выдатныя ўмовы работы ў СЭЗ – Галоўчанка
Паўгадавая выручка найбуйнейшага рэтэйлера Беларусі набліжаецца да 4 млрд