Дзённік – самы важны дакумент школьніка на час навучання. У яго ўносяцца адзнакі, расклад урокаў, заўвагі. Акрамя таго, ён з’яўляецца паказчыкам паспяховасці вучня, а таксама сродкам зносін педагогаў і бацькоў.
Міністэрства адукацыі Беларусі праводзіць рэгулярны "апгрэйд" школьных дзённікаў. Апошняе абнаўленне адбылося ў 2022 годзе, калі кардынальна змянілася вокладка. Наступную рэформу плануецца правесці ў 2024 годзе.
Як мяняўся школьны штодзённік у Беларусі на працягу апошніх 40 гадоў – у матэрыяле Sputnik.
1980-я: самы класічны
У 80-х гадах мінулага стагоддзя беларускім вучням прапаноўваліся дзённікі з самай што ні на ёсць класічнай – белай – вокладкай. Прозвішча-імя-імя па бацьку, нумар школы і класа запісваліся тады на тытульнай вокладцы.
Першая старонка дакумента змяшчала патрабаванні па вядзенні штодзённіка. Адно з іх абвяшчала, што вучань павінен весці дзённік пісьменна і акуратна. Далей ішлі старонкі з правіламі для навучэнцаў: асобна яны прапісваліся для малодшых класаў, 4-8-х і 9-11-х.
Як і зараз, унутраныя старонкі дзённіка большай часткай былі падзелены на табліцы. Тыповая разметка на тыдзень уключала ў сябе расклад урокаў з панядзелка па суботу (тады ў школьнікаў была шасцідзёнка), графы з прадметамі, хатнімі заданнямі, ацэнкамі, атрыманымі на ўроках, і тры віды подпісаў – настаўніка-прадметніка, класнага кіраўніка і бацькоў. На левай старонцы ў самым нізе запаўнялася колькасць прапушчаных урокаў (у тым ліку па хваробе) і спазненняў.
Апошняя старонка змяшчала звесткі аб паспяховасці і паводзінах вучня (у далейшым яе функцыі не змяніліся). Тут можна знайсці прадметы, якія тады выкладалі ў старшакласнікаў БССР: алгебра і пачатак матэматычнага аналізу, асновы Савецкай дзяржавы і правы, прыродазнаўства, этыка.
У канцы кожнай чвэрці ацэньваліся не толькі паводзіны, але і стараннасць – прасцей кажучы, руплівасць вучня. Таксама запісвалася колькасць прапушчаных урокаў і спазненняў. Па заканчэнні кожнага навучальнага года ў дзённіках падводзіліся вынікі з адпаведнымі паметкамі: пераведзены ў наступны клас, пакінуты на другі год, выключаны, выпушчаны са школы і гэтак далей.
1990-я: было з чаго выбраць
На заранку наступнага дзесяцігоддзя ў беларускіх школах сталі выкарыстоўваць дзённікі з некалькімі відамі вокладак – акрамя класічнай белай, з’явіліся графітавая і белая з малюнкам. З двух моўных варыянтаў прапаноўвалася выбраць любы – на рускай ці беларускай.
Унутранае напаўненне штодзённіка практычна не зведала змен, за выключэннем колькасці радкоў для запаўнення прадметаў: калі, да прыкладу, у 1989-м можна было занесці на кожны дзень да сямі ўрокаў, то ўзор 1997/98 навучальнага года меркаваў наяўнасць максімальна васьмі ўрокаў кожны дзень.
Таксама ў 1990-х сталі масава выкарыстоўваць каляровую версію школьнага дзённіка, на тытульнай старонцы якога з’явілася выява плошчы Леніна з Чырвоным касцёлам і Домам урада. А на ўнутранай вокладцы з’явіліся галоўныя дзяржаўныя сімвалы ўжо незалежнай Беларусі – герб і сцяг, а таксама верш Алеся Бачылы "Радзіма мая дарагая".
2000-я: з’явіўся гімн і 10-бальная сістэма
У 2000-х было некалькі версій дзённікаў. Самая знакамітая – з выявай манумента Перамогі на тытульнай вокладцы і помнікам Францыску Скарыне на тыльным баку. Дзяржаўная сімволіка, у тым ліку сучасны тэкст гімна (яго зацвердзілі ў ліпені 2002-га) прысутнічала на ўнутранай вокладцы штодзённіка.
Ключавой падзеяй у адукацыйным жыцці Беларусі тады стала ўкараненне 10-бальнай сістэмы адзнакі ведаў замест пяцібальнай. Упершыню новыя адзнакі ў школьных дзённіках з’явіліся ў верасні 2002 года.
У астатнім школьны дзённік быў сапраўды такім жа, як і яго папярэднікі: з раскладам урокаў на тыдзень, графамі аб колькасці прапушчаных урокаў, радкамі для настаўніцкіх заўваг і гэтак далей. На вокладцы дзённіка са зваротнага боку быў надрукаваны спісак дзяржаўных свят, святочныя дні і памятныя даты ў Беларусі.
2010-я: з бусламі і Еўрапейскімі гульнямі
У новым дзесяцігоддзі свет убачылі яшчэ некалькі варыянтаў дзённікаў.
Напрыклад, у 2014/2015 навучальным годзе да выкарыстання ў адукацыйным працэсе ў школах дапускаліся любыя дзённікі без абмежаванняў. Але з адным толькі патрабаваннем – яны павінны былі мець дзяржаўную сімволіку Рэспублікі Беларусь.
У 2018/19 навучальным годзе на вокладках штодзённікаў навучэнцаў з’явіліся буслы, славутасці краіны, а таксама лагатып II Еўрапейскіх гульняў-2019, да якіх тады рыхтаваўся Мінск. Пры гэтым вокладкі прапаноўваліся ў розных расфарбоўках.
2020-я: дзённікі "для хлопчыкаў" і "для дзяўчынак"
У сучасных жа школьнікаў абсалютна новыя версіі дзённікаў – з больш шчыльнай вокладкай і іншым афармленнем.
На тытульнай вокладцы – выява манумента Перамогі, на ўнутранай – герб і сцяг Беларусі, а таксама тэкст гімна рэспублікі. На адваротным баку кантакты і адрас сайта Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі, QR-код для пераходу на інтэрактыўную платформу "Патриот.BY", а таксама малюнкі сумных хлопчыка і дзяўчынкі з сабакам (на выбар).
Спісак святочных дзён і памятных дат стаў больш – дададзены ў тым ліку Дзень народнага адзінства, які адзначаецца ў нашай краіне 17 верасня.
Нагадаем, нядаўна Мінадукацыі вызначыла, як з 1 верасня 2024 года павінен выглядаць галоўны дакумент вучня. З тыльнай вокладкі знікнуць выявы хлопчыка і дзяўчынкі, застануцца толькі кантакты Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі і QR-код інтэрактыўнай платформы патрыятычнага выхавання.
Акрамя таго, на ўнутраных старонках дзённіка замест слоў "Подпіс законных прадстаўнікоў" будзе "Подпіс бацькоў". У беларускамоўных штодзённіках на ўнутраным баку вокладкі ў спіску святочных дзён "Дзень беларускай пісьменнасці" памяняюць на "Дзень беларускага пісьменства".
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"