МІНСК, 31 кас – Sputnik. Масква прадставіць інтэрактыўную прастору на выставе "Россия", дзе можна ўбачыць, як мяняецца сталіца, заявіў маскоўскі мэр Сяргей Сабянін у сваім Telegram-канале.
"Наша краіна пакажа свае галоўныя дасягненні ў навуцы, культуры, прамысловасці, энергетыцы, будаўніцтве і транспарце", - адзначыў ён.
Маскоўскі стэнд будзе цэнтральнай экспазіцыяй павільёна №75 ВДНГ. Па словах Сабяніна, наведвальнікаў там чакае лічбавае гістарычнае шоў аб тым, як горад ператвараўся ў сучасны мегаполіс.
"Для рэгіёнаў прэзентуем інавацыйныя праекты, падзелімся вопытам. Напрыклад, як пабудаваць 109 новых станцый метро за дзесяць гадоў або стварыць папулярны сэрвіс для падарожнікаў", - паабяцаў сталічны мэр.
Выстава "Россия" адкрыецца на ВДНГ 4 лістапада, на ёй будуць прадстаўлены 89 рэгіёнаў РФ, а таксама два дзесяткі найбуйнейшых карпарацый, федэральныя міністэрствы і грамадскія арганізацыі. Для гэтага задзейнічаюць 67 аб’ектаў ВДНГ. Наведаць выставу можна будзе да 12 красавіка 2024 года.
ВДНГ
Выстава дасягненняў народнай гаспадаркі (ВДНГ, першапачаткова УСГВ – Усесаюзная сельскагаспадарчая выстава) – гэта комплекс будынкаў і ландшафтных зон, які пачалі ствараць у Маскве ў 1934 годзе. Будаўніцтва першай чаргі працягнулася каля пяці гадоў, і датай заснавання ВДНГ лічыцца 1 жніўня 1939 года. Пасля распаду СССР, з 1992 па 2014 гады, комплекс пераназвалі ў УВЦ – Усерасійскі выставачны цэнтр.
Беларускі павільён
Комплекс увесь час дапаўняўся, а таксама перажыў рэканструкцыі. У 1937 годзе быў пабудаваны першы павільён для БССР. Будынак быў драўляны, яго знеслі ў 1939 годзе. Затым быў узведзены новы павільён, а той, дзе зараз экспазіцыя Рэспублікі Беларусь, пабудаваны пазней – у 1954-м.
У 1963 годзе беларускі павільён перадалі Міністэрству электратэхнічнай прамысловасці СССР. Пасля распаду Саюза ў будынку быў гандлёвы цэнтр. Беларусь зноў змагла выкарыстоўваць яго з 2008 года.
У 2022 годзе прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў працу беларускага павільёна.
"Слухайце, мне ж важна, каб гэта было прыбытковае мерапрыемства. Але яшчэ важней, каб там дасягненні краіны былі прадстаўлены. І самыя высокія дасягненні, ці то прадукты харчавання, адзенне, тэхніка, ці яшчэ нешта, прадаваліся праз ВДНГ, праз наш павільён", - заявіў ён тады.
Пасля гэтай нарады павільён абнавілі. У тым ліку там адкрылі краму "Першы", дзе можна купіць адзенне з цытатамі Лукашэнкі і іншы прэзідэнцкі мерч.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Чытайце таксама:
Авярчук: РФ і Беларусі трэба працаваць над імпартазамяшчэннем замежнага ПЗ
Расія дазволіла імпарт мяса птушкі яшчэ сямі прадпрыемствам Беларусі
Мішусцін: рашэнне аб падтрымцы кааперацыі ў ЕАЭС трэба прыняць да канца года