МІНСК, 28 сне – Sputnik. Зарплата ўсім катэгорыям педагагічных работнікаў павышаецца ў Беларусі з 1 студзеня 2024 года, паведамляе прэс-служба Міністэрства адукацыі.
Гэтую меру прадугледжвае пастанова ведамства №372. На 15% ад акладу будзе павялічана заработная плата для:
настаўнікаў дзіцячых школ мастацтваў;
настаўнікаў-дэфектолагаў;
выхавацеляў груп прадоўжанага дня;
кіраўнікоў з ліку педработнікаў;
іншых катэгорый педагагічных работнікаў.
Акрамя таго, на 22% ад акладу павялічаць аплату працы настаўнікаў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. На 5% яна будзе павышана для кіраўнікоў і спецыялістаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу.
Таксама ўстаноўлена даплата за складанасць работы:
выхавацелям, а таксама спецыялістам, якія працуюць з дзецьмі-аўтыстамі – на 30% ад базавай стаўкі (з 1 студзеня гэты паказчык складзе 250 беларускіх рублёў);
памочнікам выхавацеля, якія аказваюць дапамогу дзецям з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату з выяўленымі парушэннямі перамяшчэння, невідушчым навучэнцам, а таксама навучэнцам з парушэннямі маўлення, з цяжкасцямі ў навучанні, якія маюць парушэнні паводзін – на 20% ад базавай стаўкі.
У Мінадукацыі адзначылі, што праграма дзейнасці ўрада да 2025 года прадугледжвае паслядоўнае павышэнне заробкаў работнікаў педагагічнай сферы.
Нагадаем, папярэдні рост заробкаў у педработнікаў быў 1 верасня бягучага года.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"