МІНСК, 10 сту – Sputnik. Некаторыя выпускнікі беларускіх школ атрымаюць ільготы пры паступленні ў ВНУ ў 2024 і 2025 гадах, паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Паводле яго слоў, пачынаючы з гэтага года паступіць без экзаменаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы на запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці (сельскагаспадарчыя, інжынерныя, педагагічныя і гэтак далей) змогуць медалісты школ і ўладальнікі чырвоных дыпломаў каледжаў. Акрамя таго, у рэгіянальныя ВНУ выдатнікі змогуць паступіць на безэкзаменацыйнай аснове практычна на ўсе спецыяльнасці.
"Профільныя" вучні
Іванец нагадаў, што паступаць ва ўніверсітэты з пэўнымі льготамі з 2023 года могуць выпускнікі некаторых профільных класаў – педагагічных, аграрных, спартыўна-педагагічных і ваенна-патрыятычных.
"Цяпер вызначаць пералік профільных класаў, выпускнікі якіх будуць мець ільготы пры паступленні ў нашы ўніверсітэты, упаўнаважаны ўрад. У бліжэйшы час гэты пералік будзе зацверджаны, але ў параўнанні з мінулым годам яны ніякіх змяненняў не зведаюць", - сказаў міністр у інтэрв’ю "Беларусь 1".
Ён дадаў, што ў мінулым годзе ў рэспубліцы ўпершыню запрацавалі інжынерныя класы. З 2025 года выпускнікі гэтых класаў змогуць таксама без экзаменаў паступаць у ВНУ на профільныя спецыяльнасці. Галоўнае патрабаванне – высокая паспяховасць.
"Сярэдні бал атэстата (павінен быць) не ніжэй за 8 і адзнакі па профільных прадметах – не ніжэй за 9 балаў. Яны (абітурыенты) змогуць паступаць па гутарцы без экзаменаў", - удакладніў кіраўнік Мінадукацыі.
Парог балаў для мэтавікоў
Ён таксама растлумачыў, чаму ўводзіцца мінімальны бал, які павінны мець абітурыенты-мэтавікі пры паступленні ў ВНУ ў 2024 годзе. Раней у інтэрв'ю выданню "СБ. Беларусь сегодня" Іванец паведаміў, што для мэтавікоў уводзіцца парог, "мінімум 7 балаў па ўсіх прадметах".
Паводле яго слоў, нягледзячы на новаўвядзенне, колькасць мэтавікоў не зменшыцца.
"Пытанне толькі датычыцца таго, наколькі моцныя, падрыхтаваныя юнакі і дзяўчаты прыходзяць на мэтавую форму падрыхтоўкі. Менавіта таму ў гэтым годзе мы ўводзім ніжні парог. Упэўнен, што, нягледзячы на гэта, колькасць мэтавікоў толькі павялічыцца ў гэтым годзе", - лічыць Іванец.
Нагадаем, абмежаванняў па мінімальным бале атэстата не будзе ў мэтавікоў, якія плануюць паступаць на запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"