Фота

Легенды "Мосфильма": лепшыя стужкі кінастудыі за 100 гадоў

Гэтыя фільмы адгадаеш па адным кадры або мелодыі. Легендарныя карціны "Мосфильма" – у падборцы Sputnik.
Sputnik
Днём нараджэння "Мосфильма" вельмі сімвалічна лічыцца не дзень аб’яднання двух нацыяналізаваных кінафабрык, і не дзень іх пераезду ў новы будынак, і не дзень зліцця з яшчэ адной фабрыкай, а дзень прэм’еры фільма "На крыльях ввысь" – яна адбылася 30 студзеня 1924 года.
За гэтыя сто гадоў было знята нямала фільмаў – касавых і не вельмі, якія здабылі ўсенародную любоў і высока шануюцца пераважна крытыкамі, маштабных і камерных, шырока цытаваных і незаслужана забытых.
Да стагоддзя "Мосфильма" тэлеканал "Мосфильм. Золотая коллекция" склаў "Абсалютны топ" карцін кінастудыі. Як удакладнілі ў прэс-службе тэлеканала, каб скласці гэты рэйтынг, яны прааналізавалі экспертныя, рэдакцыйныя рэйтынгі і рэйтынгі гледачоў з 12 выданняў і сэрвісаў, а таксама вывучылі спіскі лідараў савецкага кінапракату і лепшых фільмаў года па версіі часопіса "Советский экран".
"Лідарам стала камедыя "Джентльмены удачи", знятая Аляксандрам Серым па сцэнарыі Вікторыі Токаравай і Георгія Данеліі. У 1972 годзе карціна заняла першае месца па колькасці гледачоў, яе паглядзелі 65 млн чалавек", - прывялі ў прэс-службе вынікі рэйтынгу.
Наступныя тры пазіцыі – у камедый Гайдая. Так, на другім месцы – "Бриллиантовая рука". На гэты фільм рэжысёра натхніла заметка пра швейцарскіх кантрабандыстаў, якія прыдумалі перавозіць каштоўнасці ў гіпсавых павязках. У год выхаду фільма на экраны – 1969-ы – яго паглядзелі 76,7 млн гледачоў.
Трэці радок займае "Операция "Ы" и другие приключения Шурика". Тры самастойныя гісторыі – "Напарник", "Наваждение" і ўласна "Операция "Ы" – аб’ядноўвае галоўны герой: праставаты, але знаходлівы студэнт Шурык.
Першапачаткова навелы было дзве, а галоўнага героя звалі Уладзік Аркоў. Аднак для поўнаметражнага фільма гэтага было мала – так з’явілася трэцяя гісторыя, у якой фігуравала тройца з фільма "Деловые люди" – Баязлівец, Байбус і Бывалы. А вось імя змянілі па ідэалагічных меркаваннях: цэнзары палічылі, што глядач расшыфруе імя як Уладлен, і ў народа эксцэнтрычная камедыя пачне асацыявацца з правадыром сусветнага пралетарыяту.
Чацвёртае месца – у фільма "Иван Васильевич меняет профессию", знятага па матывах п’есы "Иван Васильевич" Міхаіла Булгакава. "Леанід Гайдай і Уладлен Бахноў напісалі сцэнарый у разліку на тое, што ролі Івана Грознага і домакіраўніка Буншы сыграе Юрый Нікулін. Аднак акцёр, памятаючы аб прадузятым стаўленні савецкіх чыноўнікаў да творчасці Булгакава, здымацца адмовіўся. Ён быў упэўнен, што фільм да гледача не дойдзе", - адзначылі прадстаўнікі тэлеканала.
Топ-5 замыкае меладрама Уладзіміра Мяншова "Москва слезам не верит". У 1980 годзе чытачы часопіса "Советский экран" назвалі карціну лепшым фільмам года, а выканаўцу галоўнай ролі Веру Алентаву – лепшай актрысай. У 1981 годзе меладрама атрымала прэмію "Оскар" у намінацыі "Лепшы фільм на замежнай мове".
На шостым радку – зноў камедыя Гайдая – фільм "Кавказская пленница, или Новые приключения Шурика". Камісія Дзяржкіно СССР у свой час ледзьве не забараніла выхад гэтага фільма на вялікія экраны. Аднак у выніку абышлося: падчас выхадных Леанід Брэжнеў папрасіў паказаць яму "што-небудзь новенькае". Памочнікі генеральнага сакратара прынеслі ў праглядную залу "Кавказскую пленницу…".
Брэжневу карціна спадабалася – ён нават падзякаваў кіраўніку Дзяржкіно і ўсёй здымачнай групе за якасную працу. Далейшая гісторыя: "Кавказская пленница" стала лідарам збораў – у першы год яе паглядзелі 76,5 млн гледачоў.
Сёмае месца – у карціны Міхаіла Калатозава "Летят журавли". Чорна-белы фільм 1957 года зняты паводле п’есы Віктара Розава "Вечно живые". У 1958 годзе атрымаў "Залатую пальмавую галіну" Канскага кінафестывалю – адзіны савецкі фільм, удастоены гэтай узнагароды.
Легенда сусветнага ўзроўню – карціна Сяргея Эйзенштэйна "Броненосец "Потемкин" – заняла восьмае месца. Гэты нямы фільм, зняты ў 1925 годзе, не аднойчы прызнаваўся адным з лепшых фільмаў усіх часоў і народаў.
Дзевятае месца падзялілі "Девчата" Юрыя Чулюкіна і "Служебный роман" Эльдара Разанава. "Девчат" кіношнае начальства аб’явіла "залішне бытавой і драбнаватай для савецкага экрана" працай, у сувязі з чым выдала ўсяго толькі трэцюю пракатную катэгорыю – што не перашкодзіла карціне стаць адным з лідараў пракату, а таксама атрымаць некалькі міжнародных узнагарод.
"Служебный роман" зняты паводле п’есы "Сослуживцы", напісанай у суаўтарстве Эльдарам Разанавым і Эмілем Брагінскім, якая з поспехам была пастаўлена ў Маскве, Ленінградзе і мностве правінцыяльных тэатраў. Як прызнаўся сам рэжысёр, асноўнай прычынай з’яўлення кінаверсіі стала няўдалая, на яго думку, тэлепастаноўка камедыі – тэлеспектакль "Сослуживцы" 1973 года.
Закрывае спісак ваенная драма Элема Клімава "Иди и смотри". Гэта сумесная вытворчасць "Мосфильма" и "Беларусьфильма". Здымкі фільма меркавалася пачаць у 1977 годзе, падрыхтоўчую працу падтрымліваў першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Пётр Машэраў – сам былы камандзір партызанскага атрада, Герой Савецкага Саюза.
Аднак абставіны склаліся так, што пачаць здымкі Клімаў змог толькі ў 1984-м. Фільм, які выйшаў у пракат у 1985 годзе да саракагоддзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне быў адзначаны ўзнагародамі на некалькіх буйных кінафестывалях і заняў шостае месца ў савецкім кінапракаце 1986 года: яго пагледзелі 29,8 млн гледачоў.
1 / 11

Кадр з кінафільма "Бриллиантовая рука" (рэжысёр Леанід Гайдай). Акцёры Юрый Нікулін (злева) у ролі Гарбункова, Андрэй Міронаў у ролі Казадоева і Ніна Грабяшкова ў ролі Гарбунковай.

2 / 11

Раднэр Муратаў (злева), Георгій Віцын (другі злева) і Савелій Крамараў (трэці злева) у фільме "Джентльмены удачи".

3 / 11

Кадр з фільма "Операция "Ы" и другие приключения Шурика". У ролі Шурыка – Аляксандр Дзям’яненка, у ролі Ліды – Наталля Селязнёва.

4 / 11

Леанід Кураўлёў у ролі злодзея-дамушніка Жоржа Міласлаўскага на здымках фільма "Иван Васильевич меняет профессию" рэжысёра Леаніда Гайдая.

5 / 11

Ірына Мураўёва і Вера Алентава ў фільме "Москва слезам не верит" Уладзіміра Мяншова.

6 / 11

Георгій Віцын у ролі Баязліўца, Юрый Нікулін у ролі Байбуса і Яўген Маргуноў у ролі Бывалага ў кінафільме "Кавказская пленница, или новые приключения Шурика" рэжысёра Леаніда Гайдая.

7 / 11

Кадр з фільма "Летят журавли". Рэжысёр Міхаіл Калатозаў. Таццяна Самойлава – Вераніка, Аляксей Баталаў – Барыс.

8 / 11

Кадр з мастацкага фільма "Броненосец "Потемкин" рэжысёра Сяргея Эйзенштэйна.

9 / 11

Кадр з кінафільма "Девчата" (рэжысёр Юрый Чулюкін). У ролях (злева направа): Надзя – Іна Макарава, Каця – Люсьена Аўчыннікава, Анфіса – Святлана Дружыніна, Вера – Ніна Меншыкава.

10 / 11

На здымках фільма "Служебный роман". Рэжысёр Эльдар Разанаў. У галоўнай ролі Андрэй Мягкоў (у цэнтры).

11 / 11

Маскоўскі школьнік Аляксей Краўчанка (у цэнтры) у ролі Флёры ў фільме "Иди и смотри" (рэжысёр Элем Клімаў).

>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"