"Клетачныя" ўколы: навукоўцы прыдумалі спосаб запаволіць прагрэсіраванне дыябету

Ноу-хау беларускіх вучоных ужо даступна для лячэння цукровага дыябету першага тыпу, але яно падыдзе не ўсім.
Sputnik
Многія людзі, якія хварэюць на цукровы дыябет, мараць забыцца пра штодзённыя ўколы, таблеткі і пастаянны кантроль цукру ў крыві. Але ў свеце яшчэ не прыдумалі лекі, якія цалкам вылечвалі б гэтую хваробу, хоць працы ў гэтым напрамку вядуцца пастаянна.
Сёння шмат пішуць пра стваловыя клеткі і вакцыну ад дыябету, а навукоўцы б’юцца над стварэннем штучнай падстраўнікавай залозы, здольнай выпрацоўваць інсулін у патрэбных колькасцях. Усе даследаванні – вельмі дарагія мерапрыемствы. І варта разумець, што ў гэтым пытанні немагчыма атрымаць аднамаментную аддачу – на вывучэнне тых ці іншых спосабаў лячэння сыходзяць гады, а часам і дзесяцігоддзі працы навукоўцаў.
У Беларусі таксама заняты пошукам лекаў ад дыябету. Нядаўна навукоўцы зрабілі сапраўдны прарыў, распрацаваўшы ўнікальны метад лячэння дыябету першага тыпу з дапамогай клетачных тэхналогій.
Гэта сумесны праект Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі і Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Карэспандэнт Sputnik Кацярына Вераб’ёва даведалася, што ляжыць у аснове дадзенага лячэння, хто ім можа скарыстацца і колькі давядзецца заплаціць.

Клеткі з прабіркі

Супрацоўнікамі інстытута з 2013 года вядзецца работа па вывучэнні талерагенных дэндрытных клетак. Яны ёсць у арганізме кожнага чалавека і іграюць важную ролю ў функцыянаванні імуннай сістэмы. Шляхам шматлікіх эксперыментаў навукоўцы прыйшлі да высновы, што з іх дапамогай можна лячыць анкалогію. Гэта практыка ўжо шырока прымяняецца ў рэспубліцы.
Пазней навукоўцы зрабілі яшчэ адно адкрыццё – дэндрытныя клеткі могуць быць скарыстаны пры лячэнні цукровага дыябету першага тыпу.
Падрыхтоўка клетак у стэрыльных умовах
"Пры цукровым дыябеце ўласныя Т-клеткі "нападаюць" на бэта-клеткі, якія выпрацоўваюць інсулін. Калі наша імунная сістэма знаходзіцца ў норме, нашы клеткі і тканкі не атакуюць адна адну. Калі гэта адбываецца, мы гаворым аб аўтаіммунным працэсе. Знішчэннем "агрэсіўных" клетак якраз займаюцца талерагенныя дэндрытныя клеткі. Але калі адбываецца збой у арганізме, уласныя талерагенныя дэндрытныя клеткі ўжо не здольны выконваць сваю функцыю", - расказала вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі імуналогіі і вірусалогіі Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Наталля Антаневіч.
Улічваючы гэта, спецыялісты Інстытута паставілі перад сабой задачу "выгадаваць" у прабірцы новыя клеткі, якія пасля ўвядуць у арганізм чалавека з дыябетам. Яны пераспрабавалі дзесяткі методык, ствараючы розныя клетачныя "кактэйлі" з рэчываў-стымулятараў, каб атрымаць клеткі з патрэбнымі ўласцівасцямі.
"Калі мы пераканаліся, што наш метад дазваляе атрымліваць біямедыцынскі клетачны прадукт з імунасупрэсіўнымі ўласцівасцямі, гэта значыць здольны падаўляць аўтаімуннае запаленне, мы звярнуліся да загадчыцы кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Таццяны Махорт з просьбай пасадзейнічаць у правядзенні клінічных даследаванняў", - адзначыў дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Андрэй Ганчароў.
Дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Андрэй Ганчароў

Абмежаванні па ўзросце і стажы дыябету

Падборам пацыентаў для клінічных даследаванняў займаліся ўрачы Мінскага гарадскога клінічнага эндакрыналагічнага цэнтра. Усяго адабралі амаль 20 чалавек. Удзельнікамі маглі стаць толькі пацыенты старэй за 18 гадоў і без сур’ёзных спадарожных захворванняў.
Спецыялісты называюць яшчэ адну важную ўмову – павінна быць захавана рэшткавая функцыя інсуліну (калі не ўсе бэта-клеткі загінулі ў арганізме - Sputnik). Як правіла, гэта магчыма, калі стаж хваробы складае не больш за паўтара года. Але бываюць выключэнні – усё залежыць ад таго, з якой інтэнсіўнасцю развіваецца захворванне і наколькі позна яго выявілі.
"Калі ў чалавека актыўны аўтаімунны працэс і ён вельмі хутка прывёў да гібелі бэта-клетак, то нават пасля 3 ці 6 месяцаў ад пачатку захворвання верагоднасць эфектыўнасці гэтай тэрапіі будзе нізкая. У той жа час бываюць сітуацыі, калі і праз паўтара года ад моманту выяўлення захворвання захоўваецца сакрэт інсуліну, хоць і не ў вялікай колькасці", - падкрэсліла намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы цэнтра Вольга Шышко.

Тая самая якасць

У пацыентаў бралі кроў з вены, пасля чаго яе адпраўлялі ў Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН. Там на працягу тыдня ажыццяўлялі працэс атрымання патрэбных клетак. Пасля гэтага біямедыцынскі клетачны прадукт праходзіў кантроль якасці і, калі пацвярджалася адпаведнасць усім абавязковым крытэрыям, то ўводзіўся пацыенту.
Аналіз клетак метадам флуарэсцэнтнай мікраскапіі
"Мы правяралі клеткі на забруджванне бактэрыяльнымі патагенамі і грыбкамі. Для некаторых яшчэ ажыццяўлялі вірусалагічны кантроль. Стэрыльнасць – абавязковы крытэрый. Далей – жыццяздольнасць, клеткі павінны быць жыццяздольнымі і выконваць сваю функцыю. І трэці паказчык – аўтэнтычнасць. Гэта набор такіх якасцей, па якіх мы можам сказаць, што мы атрымалі менавіта тыя клеткі, якія нам патрэбны", - расказала Наталля Антаневіч.
Паводле слоў субяседніцы, падчас клінічных выпрабаванняў былі адзінкавыя выпадкі, калі атрыманы прадукт не прайшоў кантроль якасці. Такое магчыма з-за індывідуальных асаблівасцей клетак крыві і нядаўна перанесеных хвароб. Пасля аналізу адхіленых спроб спецыялісты Інстытута дапрацавалі тэхналогію атрымання талерагенных дэндрытных клетак для таго, каб павысіць эфектыўнасць іх атрымання.

Яшчэ не панацэя

Падчас клінічных выпрабаванняў урачы праводзілі для пацыентаў чатырохгадзінныя тэсты, каб паглядзець, як вылучаецца інсулін не толькі базава, але і стымулявана.
"Спачатку мы вызначалі базальны ўзровень С-пептыду як паказчыка рэшткавай сакрэцыі інсуліну. Затым давалі чалавеку аднастайны сняданак, які ўтрымліваў 50 г вугляводаў. Пасля гэтага кожныя 30 хвілін ажыццяўлялі забор крыві для таго, каб паглядзець нарастанне С-пептыду на фоне ўжывання вугляводаў", - падзялілася Вольга Шышко.
Усяго пацыенты атрымалі ад трох да пяці ін’екцый клетачнага прадукту з інтэрвалам у месяц. За гэты час ніякіх пабочных эфектаў і скарг не было выяўлена.
Аналіз марфалогіі і фенатыпу клетак метадам віруалізуючай праточнай цытаметрыі
Як адзначае Вольга Шышко, дадзеная тэрапія паказала, што ўведзены клеткавы матэрыял дапамагае ўздзейнічаць на імунную сістэму такім чынам, што зніжаецца хуткасць разбурэння клетак падстраўнікавай залозы. Але гэта не мае на ўвазе поўнае вылячэнне ад дыябету.
"Мы не гаворым аб тым, што гэты метад поўнасцю вылечвае дыябет. Увесь сэнс уздзеяння гэтымі клеткамі – максімальна затармазіць аутаіммунную агрэсію. Гэта значыць дадзеная тэрапія дазваляе запаволіць прагрэсіраванне хваробы і патрэбнасць у вялікіх дозах інсуліну", - растлумачыла Шышко.

Нятаннае здавальненне

Клінічныя выпрабаванні праводзіліся за кошт бюджэтных сродкаў. Паводле слоў дырэктара Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Андрэя Ганчарова, у Беларусі выдзяляюцца мільёны рублёў на клетачныя тэхналогіі. А само лячэнне клеткамі з’яўляецца нятанным здавальненнем.
"Вялікая частка кошту тэрапіі – гэта рэагенты і расходныя матэрыялы. Таму што яны ўсе аднаразовыя – флаконы, прабіркі, наканечнікі. І, вядома, мы працуем у абсалютна чыстых, набліжаных да стэрыльных, умовах. Адпаведна, гэта абслугоўванне непасрэдна ўсіх памяшканняў. Плюс абслугоўванне абсталявання, яго тэсціраванне, пастаянная праверка. Гэта ўсё каштуе вельмі дорага і ўплывае на канчатковы кошт", - растлумачыў Андрэй Ганчароў.
Метад ужо даступны для пацыентаў з усіх куткоў краіны. Жадаючыя могуць звярнуцца ў Мінскі гарадскі клінічны эндакрыналагічны цэнтр праз электронную форму на сайце ўстановы (зварот "пытанне-адказ" - Sputnik) для пачатковага абследавання. Кошт аднаго "клетачнага" ўколу складае крыху больш за 2 тысячы беларускіх рублёў. Спецыялісты рэкамендуюць курс не менш як 5 уколаў. Эфект захоўваецца мінімум на працягу года.

Якія планы?

У Інстытуце не выключаюць, што прадоўжаць гэты праект і вывучаць уплыў дадзеных клетак на эфектыўнасць лячэння дыябету першага тыпу ў дзяцей і падлеткаў.
"Дыябет першага тыпу выяўляецца часта ў раннім дзіцячым або падлеткавым узросце. У гэтым даследаванні, якое завяршылася, мы гэтых пацыентаў не ўключалі. Таму, магчыма, будзе асобны праект з удзелам дзіцячага кантынгенту", - сказала Наталля Антаневіч.
У сваю чаргу, дырэктар Інстытута адзначыў, што ў планах запусціць праект, дзе размова пойдзе аб вяртанні функцыі прадукцыі інсуліну ў арганізм за кошт трансплантацыі інсулін-прадуцыруючых клетак.
"У нас распрацавана вельмі цікавая тэхналогія атрымання так званых індуцыраваных плюрыпатэнтных стваловых клетак. Што гэта такое? Пры дапамозе рэдагавання геному са звычайных клетак атрымліваюцца стваловыя, якія здольны дыферэнцыравацца ва ўсіх напрамках. Адпаведна, з іх можна атрымаць клеткі падстраўнікавай залозы", - сказаў Ганчароў.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Беларуская вакцына ад COVID-19 прайшла клінічныя выпрабаванні