На заранку Нацыянальнага мастацкага музея карціны ацэньвалі ў прадуктах

Нядаўна адкрылася выстава, прысвечаная 85-годдзю з дня стварэння Нацыянальнага мастацкага музея. Калумніст Sputnik Яўген Агурцоў-Кржыжаноўскі пабываў на ёй і паразмаўляў з адным з тых, з каго пачынаўся музей.
Sputnik
Народны мастак Беларусі Іван Якімавіч Міско, чалавек, якога можна назваць старэйшынам творчай інтэлігенцыі краіны як па рэгаліях і ўзнагародах, так і па найвышэйшых чалавечых якасцях, працаваў у музеі амаль з самага моманту яго адкрыцця.
Міско расказаў, як у свой час шукалі экспанаты для музея – для гэтага трэба было аб’ехаць мноства прыватных калекцыянераў, і часам кошт твора ацэньваўся ў бульбе, мясе і іншых прадуктах.
– Магу сказаць, як відавочца гэтых падзей. 1957 год быў для нас знакавы, бо адкрыўся наш Мастацкі музей. Для мастакоў, пісьменнікаў, акцёраў, гэта значыць для людзей творчых было куды прыйсці, бо раней не было дзе сабрацца… А цяпер усё забурліла, заварушылася! Выставы, сустрэчы, абмеркаванні – гэта былі гады станаўлення сучаснай беларускай культуры. Музей аказаўся сапраўдным цэнтрам, які прыцягваў да сябе ўсё лепшае, што было ў рэспубліцы. Ніякага фармалізму і бюракратыі – усё было сапраўднае і жывое.
Народны мастак Беларусі Іван Міско ў Нацыянальным мастацкім музеі
– Ведаю, што Вы ці ледзь не з першага дня адкрыцця музея ў ім сталі працаваць? Як гэта адбылося?
– Выпадкова! Бо хто патрабаваўся музею ў самым пачатку? Рабочыя! Трэба было пераносіць экспанаты, у тым ліку і скульптуры, мыць іх, займацца пацініроўкай, гэта значыць фарбаваць, рэстаўрыраваць. Я гэта рабіў і зусім аб гэтым не шкадую, потым растлумачу чаму. Я стаў працаваць у музеі яшчэ да яго афіцыйнага адкрыцця, так што напэўна найстарэйшы супрацоўнік! Калі ж Мастацкі музей адкрыўся афіцыйна, тагачасны дырэктар Аладава прапанавала мне стаўку мастака-афарміцеля. Што я павінен быў рабіць? Пералічваю абавязкі: рэстаўрацыя скульптур, этыкетаж, афішы, каталогі, запрашальныя білеты, афармленне выстаў…
– Па сутнасці, на вашы плечы лёг абавязак забеспячэння жыццядзейнасці музея як арганізма, які развіваецца.
– У гэты перыяд ішоў найцікавы працэс зборкі экспазіцыі музея. Ніякіх аўтобусаў у нас тады не было, ездзілі на грузавых машынах ці на цягніку. Шукалі прыватных калекцыянераў і ў іх выкупалі карціны. Мінкульт даваў грошы, але тады не было расцэнак, ад слова ніякіх! Прыязджаеш да калекцыянера і пачынаеш вызначаць кошт твора. А як? Пачынаеш складаць колькі каштуе бульбачка, хлеб, мяса, садавіна і іншыя прадукты. Вось і атрымліваецца мяшок ежы за карціну.
– А якую карціну вы асабіста купілі для музея?
– Была такая знакамітая балерына Гельцэр. Дарэчы палюбоўніца мастака Каровіна. Невысокага росту, прыгожая… Дарэчы, падарыла мне сваю фатаграфію. Трэба было б знайсці... Строгая такая жанчына. Ні чаем не пачаставала, нічога такога не прапанавала. Карціну памятаю, "Дама с собачкой" завецца. Затое грошы старанна палічыла. Гэтыя калекцыянеры галоўнай умовай ставілі канфідэнцыяльнасць здзелкі, каб сваякі не даведаліся, карціны ж былі часткай спадчыны, якую трэба было дзяліць.
Гэта быў дзікі рынак таго часу, з якога вялікія музеі вырасталі. Раней былі выставы прыватных калекцый. Цяпер іх няма, таму што і калекцый такіх ужо няма, ды і ўладальнікі "ціхарацца" на ўсялякі выпадак.
У Піцеры калекцыянер Карнілоўская такая была. Адкуль у яе калекцыя ўтварылася? Так аказалася, што да вайны яна дырэктарам камісійнай крамы мастацкіх тавараў была. Да таго ж і з Фурцавай сябравала, якая ў той час міністрам культуры СССР была. Найбагатую калекцыю гэтая Карнілоўская сабрала. Цяпер такога няма!
– Праца ў Мастацкім музеі, што яна дала маладому мастаку Міско, акрамя вельмі сціплай зарплаты?
– 20 гадоў я прапрацаваў у музеі! Скажу так: я застаўся адзін, як самы стары працаўнік музея, ці то экскурсавод, ці то ўжо сам экспанат?! Ну, які там супрацоўнік? Я невысокага меркавання пра сябе тагачаснага… Мы проста збіралі творы высокага мастацтва. Падаецца, што атрымалася.
Народны мастак Беларусі Іван Міско ў Нацыянальным мастацкім музеі
– Мастацкі музей для Івана Міско – гэта што?
– Нешта накшталт аспірантуры! Тут я спазнаў тое, што не далі ні вучылішча, ні акадэмія – магчымасць дакрануцца да высокага мастацтва. Адчуць яго, адчуць кончыкамі пальцаў… Калі ў Мінск прыязджала знакамітая мастачка-беларуска Надзя Лежэ, я быў з ёй заўсёды побач, каб здымаць з яе шыкоўныя футры, якія складалі частку іміджу знакамітай суайчынніцы. Ведаю дакладна, што Лежэ дарыла музею свае кнігі. Дзе яны зараз? А гэта наша спадчына, трэба шукаць... Дакладна ведаю, што ўсе падарункі, якія дарылі дырэктару Аладавай, засталіся ў музеі. Яна дадому не аднесла ніводнай аўтаручкі або гумкі. Крыштальнай сумленнасці чалавек!
– Хочаце сказаць, што музей не быў для вас толькі працоўным месцам?
– Не толькі для мяне, а для ўсіх! Выхадных не было. Усе дні перагружаныя, а заробак вельмі сціплы. Так што тут трэба было не проста працаваць з дзевяці да васемнаццаці, а іменна служыць і ніяк па-іншаму!
Мы ўжо заканчвалі размову, калі ў майстэрні-музеі мастака з’явілася групка студэнтаў і папрасіла Івана Якімавіча сфатаграфавацца з ім…
Мы сапраўды былі ў храме заступніка мастацтваў!
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пунктам гледжання рэдакцыі
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Іван Міско: лёс паклікаў космас