МІНСК, 16 лют – Sputnik. Людзей у Беларусі ніколі не дзялілі па моўным ці па этнічным прынцыпе, заявіў міністр замежных спраў рэспублікі Сяргей Алейнік у Мінску.
"У разнастайнасці моў і ёсць наша адзінства. Яно ўвасабляе культурную разнастайнасць, заахвочвае абмен думкамі, стварае аснову для ўзаемапаважлівага дыялогу, прыняцця і супрацоўніцтва паміж народамі", - адзначыў ён.
Міністр нагадаў, што цяпер у краіне дзве дзяржаўныя мовы – беларуская і руская, а калісьці было і чатыры (беларуская, руская, польская і ідыш).
"Асаблівае месца заўсёды займала і будзе займаць родная беларуская мова. Яна дае нам сілу і стойкасць. У яе мілагучнасці нязломная воля беларусаў, самабытнасць і каларыт нашай багатай культуры", - упэўнен Алейнік.
Кіраўнік МЗС Беларусі прыняў удзел у мерапрыемстве ў Мінскай гарадской Ратушы ў гонар Міжнароднага дня роднай мовы. На ім таксама прысутнічалі паслы замежных краін і дзеячы культуры. Беларускія і замежныя дыпламаты чыталі ўрыўкі літаратурных твораў на беларускай мове. Такія акцыі для МЗС Беларусі традыцыйныя.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"