ВІЦЕБСК, 25 лют – Sputnik. Міжнародныя назіральнікі не выявілі парушэнняў на выбарах у Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту Sputnik прадстаўнік місіі СНД Ігар Папоў.
16-ы выбарчы ўчастак, які знаходзіцца ў Музычным каледжы імя І. І. Салярцінскага, у апошнія два гады – галоўны ў Віцебскай вобласці, паколькі ў ім зарэгістраваны старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
Як адзначыла старшыня выбарчай камісіі, на ўчастку зарэгістравана каля 1 300 грамадзян, 30% з якіх прагаласавалі датэрмінова. Акрамя таго, 15 маладых людзей прыйшлі ўпершыню, іх чакаюць падарункавыя экзэмпляры Канстытуцыі.
© Sputnik / Павел Вур
Участак наведалі і міжнародныя назіральнікі ад місіі СНД.
"Мы прыбылі ў Беларусь два дні таму, пабывалі ў Полацку, а сёння з раніцы ўжо паспелі наведаць тры выбарчыя ўчасткі. Пазнаёміліся з працай камісій, з назіральнікамі, даведаліся, якія партыі яны прадстаўляюць. Старшыні камісій распавялі, як будзе праходзіць галасаванне. І ў нас няма абсалютна ніякіх заўваг па правядзенні выбарчай кампаніі", – адзначыў міжнародны назіральнік ад місіі СНД, старшыня выбарчай камісіі Пскоўскай вобласці Ігар Папоў.
Па словах субяседніка Sputnik, ён як старшыня камісіі выдатна разумее, што яго калегам у гэтым годзе будзе складаней падводзіць вынікі галасавання, паколькі бюлетэні трэба падлічваць у пэўнай паслядоўнасці.
Пры гэтым Папоў падкрэсліў, што пасля размовы са старшынямі і членамі камісій ён зразумеў, што ўсе працэдурныя пытанні ім вядомыя, плюс да гэтага ЦВК Беларусі падрыхтавала добрыя рэкамендацыі, дзе пакрокава распісаны кожны момант.
© Sputnik / Павел Вур
Таму, на думку назіральніка, яны і не знайшлі пакуль што ніякіх, нават драбнюткіх, парушэнняў на ўчастках.
У якасці міжнароднага назіральніка Папоў прыязджае ў Беларусь другі раз, упершыню ён наведаў краіну падчас рэферэндуму, на якім праходзіла галасаванне наконт змен у Канстытуцыю. З таго часу ў працы камісій ён заўважыў пэўныя новаўвядзенні.
"Як старшыні выбарчай камісіі мне былі цікавыя тэхнічныя дэталі, паглядзець на скрыні для галасавання, цікавым здаўся вопыт з адчыненымі кабінкамі для галасавання, каб было бачна, што адбываецца ўнутры", - пракаменціраваў Папоў.
Таксама назіральнік адзначыў, што на ўчастках, ён сустрэў "старых знаёмых" – членаў камісій, якія працавалі і ў мінулы раз. Паводле слоў Папова, вельмі важна, што ў Беларусі захоўваюцца згуртаваныя калектывы, паколькі яны, маючы неабходны вопыт, могуць не толькі добра працаваць падчас галасавання, праводзячы яго ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства, але і рабіць гэты працэс для выбаршчыкаў больш камфортным.
Наведаюць назіральнікі і працэдуру падліку галасоў, але Папоў упэўнен, што там праблем не будзе.
"Улічваючы, як ЦВК праводзіў навучанне членаў камісій, і тое, што многія з іх – вопытныя людзі, думаю, што ў выніку пытанняў па правядзенні адзінага дня галасавання ўзнікнуць не павінна", - адзначыў ён.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"