Яўка на выбарах у Беларусі на момант закрыцця ўчасткаў склала амаль 73%

У нядзелю ў рэспубліцы ўпершыню прайшоў адзіны дзень галасавання, падчас якога выбіралі дэпутатаў у мясцовыя саветы і ніжнюю палату парламента.
Sputnik
МІНСК, 25 лют – Sputnik. На выбарах дэпутатаў, па стане на 20:00 нядзелі, 25 лютага, яўка выбаршчыкаў склала 72,98%, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў нядзелю старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігар Карпенка, перадае карэспандэнт Sputnik.
Лідарам сярод рэгіёнаў на момант закрыцця ўчасткаў стала Магілёўская вобласць, там прагаласавала 77,03% грамадзян, уключаных у спіскі выбаршчыкаў.
У Брэсцкай вобласці на ўчасткі прыйшлі 75,82% грамадзян, у Віцебскай – 74,74%, у Гомельскай – 75,85%, у Гродзенскай – 76,90%, у Мінскай – 74,20%, у Мінску – 61,54%.
"Першыя вынікі мы, як і абяцалі, недзе да гадзін дзвюх ночы атрымаем і плануем даць папярэднюю канферэнцыю", - сказаў Карпенка.
Кіраўнік ЦВК падзякаваў усім грамадзянам, якія прынялі ўдзел у галасаванні, камандзе нацыянальных і міжнародных назіральнікаў, валанцёраў, а таксама сілавікоў, якія забяспечвалі бяспеку падчас кампаніі.
"Асаблівыя словы падзякі – членам выбарчых камісій, якія цяпер працягваюць працаваць. Работнікам праваахоўных органаў, работнікам МНС, сістэме аховы здароўя. Усім тым, хто гарантаваў бяспеку падчас правядзення выбарчай кампаніі", - рэзюміраваў ён.
У Беларусі ўпершыню адбыўся адзіны дзень галасавання, у рамках якога планавалася выбраць больш за 12,5 тыс дэпутатаў мясцовых саветаў і 110 – ніжняй палаты парламента на пяцігадовы тэрмін. У асноўны дзень галасавання выбарчыя ўчасткі ў рэспубліцы працавалі з 8:00 да 20:00 без перапынку.
Раней у ЦВК паведамілі, што выбары дэпутатаў у мясцовыя саветы і ніжнюю палату парламента праходзяць нармальна, ніякіх надзвычайных сітуацый не зарэгістравана.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Участкі для галасавання закрыліся ў Беларусі