МІНСК, 9 сак – Sputnik. Тэхналагічнае абсталяванне, аналагаў якому няма ў Беларусі, вызваляецца ад падатку на дададзеную вартасць (ПДВ) пры ўвозе ў рэспубліку, вынікае з указа беларускага лідара Аляксандра Лукашэнкі.
У панядзелак прэзідэнт падпісаў указ №77 "Аб вызваленні ад падатку на дададзеную вартасць". Дакумент накіраваны на тое, каб стымуляваць стварэнне новых вытворчасцей і праводзіць мадэрнізацыю існуючых, паведамілі ў прэзідэнцкай прэс-службе.
"У адпаведнасці з дакументам ад ПДВ вызваляецца тэхналагічнае абсталяванне, якое ўвозіцца ў Беларусь і аналагі якога ў краіне не вырабляюцца, а таксама камплектуючыя і запасныя часткі да яго", - сказана ў паведамленні.
Згодна з указам, устаноўлены і абавязковыя ўмовы выкарыстання гэтай ільготы для суб’ектаў гаспадарання.
У прыватнасці, для таго, каб ёй скарыстацца, патрэбна мець заключэнне ўпаўнаважанага ўрадам органа. У ім павінна гаварыцца аб тым, што ў краіне адсутнічае вытворчасць аналагаў такога абсталявання, і аб тым, што ўвезеная маёмасць узята на ўлік у якасці аб’екта асноўных сродкаў для выкарыстання пры вытворчасці прадукцыі (выкананні работ, аказанні паслуг).
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"