МІНСК, 10 сак – Sputnik. Сярэдняя тэмпература паветра зімой у Беларусі склала –1,4°С, гэта на 2°С вышэй за кліматычную норму, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Паводле звестак сіноптыкаў, мінулы зімовы сезон з’яўляецца шостым па высокіх тэмпературах падчас метэаралагічных назіранняў з 1881 года.
"Па ўсёй тэрыторыі краіны адзначалася станоўчая анамалія сезоннай тэмпературы паветра, якая знаходзілася ў асноўным у межах 1,5–2,5°С", - гаворыцца ў паведамленні.
Цяплей за ўсё было ў Брэсцкай вобласці (у сярэднім па рэгіёне перавышэнне тэмператур склала +2,7°С), халадней – на Віцебшчыне (у сярэднім +1,4°С).
Паводле звестак Белгідрамета, тэмпературны рэжым у краіне зімой быў неаднародны: снежань і люты былі больш цёплыя ў параўнанні са студзенем.
Так, сярэдняя тэмпература ў першым зімовым месяцы склала –0,7°С (вышэй за кліматычную норму на 1,8°С), у студзені – мінус 5,1°С (ніжэй за норму на 1°С), у лютым – +1,7°С (вышэй за норму на 5,2°С).
У сярэднім за зіму ў краіне выпала 195 міліметраў ападкаў, а гэта складае 159% сезонных кліматычных паказчыкаў.
У Белгідрамеце ўдакладнілі, што ў асобныя дні ў Беларусі назіраліся туманы, завеі і галалёдзіца, а на станцыі ў Мсціславе 4 і 7 лютага была зарэгістравана навальніца.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"