Гісторыя свята
Сон у першамайскую ноч
(у скарачэнні)
Зямлю ахінае вясновая ночка,
Кладуцца маўкліва трывожныя цені.
Не надаўга дзень адвінуўся упрочкі,
А здані ўжо сцелюць сваё шалясценне.
Стаю ў задуменні, акно расчыніўшы,
А вуліца звоніць, гамоніць стазвонам,
І радасць вянкамі у сэрцы завіўшы,
За думкамі думкі лятуць у пагоню.
Лятуць, прападаюць, згасаюць далёка
Ды зноў у надхмарных глыбінях лунаюць
– Нап’ецца зямля акавітнага соку
І ружы падорыць прыгожыя маю…
Цяпер над сусветам навалы і хмары,
Разносяцца стогны і плач навальніцы…
– Ці нашыя плечы не згорбіць цяжарам?
На стол у задуме схіляюся ніцам.
На вуліцах людзі і людзі – не злічыш!..
Ссыпаецца іскрамі сонца;
Вясёлыя скрозь сустракаю абліччы, –
Кудысьці спяшаюць бясконца.
Не хмары на небе, не хвалі на моры –
Усплёскам калышуцца людзі;
Раптоўна да сонца злятаюцца зоры,
У хмарах купаюцца, блудзяць.
– Камуна над светам! – З усходу на захад,
Ад мора да мора без краю,
Дзе шлях векавечны ўсіх ворагаў вабіў,
Маяк і гарыць, і палае.
………
Няхай не сягоння, дык заўтра, дык скора
Дарогі усыплем мы цветам,
І праўдаю сон мой тады загаворыць,
Вячыстаю праўдай сусветнай.
Над шостаю часткай зямлі – зацвітанне
І песня вясновага маю.
Браточкі далёкія, ваша змаганне
Вітаю, ад сэрца вітаю!
Май
Сышлі халодныя туманы,
Заслоны шэрыя смугі,
І недалёк ён, дзень жаданы,
Сусветны госць наш дарагі.
Як пасмы золата, праменні
Бруяцца з сіняй глыбіні,
І сеюць радасць поўнай жменяй
Іх жыватворчыя агні.
У ззянні песцяцца бярозы,
Галлё спусціўшы да зямлі,
І роняць сокі – шчасця слёзы –
На заімшэлыя камлі.
Вандроўнік-вецер выганяе
На неба статка лёгкіх хмар,
Ідзе ў абходы, аглядае
Зямлю, як дбалы гаспадар.
І ўсюды кіне сваё вока,
Шушукне штосьці хвайнякам
І падыхне, ды так глыбока,
Паблёклым травам, лазнякам.
Зямля ў надзеі ажывае,
Глядзіць красуняй маладой.
Ідзе жыццё насустрач Маю,
Ідзе вясёлай грамадой.
А разам з ім і мы ўсе чыста,
Дзятва савецкіх гор, раўнін,
Сустрэнем свята урачыста
І скажам дружна, як адзін:
"На барацьбу, народы свету!
За намі смела крок у крок:
Адна дарога ў нас і мэта –
Дзень вашай волі недалёк!".
Першамай
Як люблю я
Гэта свята!
Я іду ў калоне
З татам.
Разам з намі
Крочыць брат.
Ён таксама
Вельмі рад.
Мы сягоння
Дэманстранты,
На грудзях
Палаюць банты.
А ў руках у нас
Шары!
Паглядзі:
Адзін, два, тры!
Май
На зямлю сыходзіць май прыгожы
Пад птушыны звон, у бляску сонца.
І здаецца – недарэмна, можа, –
Што падобны ён да камсамольца.
Колькі іх – імклівых і гарачых –
На святочных бачылі перонах!
І хоць вочы ў час расстання плачуць –
Слёзы з губ сплываюць усміхнёных.
Вось яна танцуе на пероне,
Лёгка, спрытна – проста глянуць люба.
І юнак пахарашэў сягоння:
Свеціць позірк і смяюцца губы.
Клічуць іх дарогі-пуцявіны,
Спорная і маладая праца,
Ў эшалонах – хаты і машыны,
Каб зямлю араць і будавацца.
Першы май
Першы май сабірае мільёны
Па крывавых дарогах-шляхах,
Запаляе агонь у грудзях
І гуртуе палкі, батальёны.
Першы май б’е на бітву трывогі
З дзікім, чорным, ліхім груганом,
Што, скаваўшы народы ярмом,
Людаедствам запоўніў дарогі.
І размах баявых пераклікаў
Рэхам громкім, як хваля, гудзе, –
Мы куём перамогу штодзень
Нашай маці – Айчыне вялікай!
Знаем мы – прашумяць аблакамі
Нашы дні – баявыя труды,
Будзе свята і ў нас, і тады
Першы май прамянець будзе з намі.
Слухай сэрцам, як весткі ляцяць,
Аж з далёкай Масквы палымнеюць,
Там пры строгай цішы Маўзалея
Клятвай вернасці сэрцы гараць.
Май
У зеляніне – даляў роўнядзь.
Заліты сонцам небакрай.
І сад зацвіў, і на далонях
Бурштын расы, што кветкі роняць.
Гэта – Май.
У сэрцы цесна песні стала…
Што ж, дай ёй крылы, не трымай!
Дзяўчына хлопца пакахала,
І сёння ёй і крылаў мала.
Гэта – Май.
З усёй зямлёю сэрца ў лёце, –
Працуй, шчаслівы свет стварай!
І думкам весела ў рабоце,
І радасць свеціцца ў турбоце.
Гэта – Май.
А ў дзень святочны кліча маці
Гарніста-сына: паспяшай!
Спявае вуліца, і ў хаце
Так прагне сэрца адказаць ёй!..
Гэта – Май.
І радасць коціцца нястрымна.
Вышэй жа сцяг свой падымай!
Ідзе па краі з родным гімнам,
Ідзе з салютам – зараз грымне –
Шчаслівы Май.
Май
Ясны ранак сон Радзімы будзіць –
Па зямлі вясна ідзе-гудзе.
З Першым маем, дарагія людзі!
Добры дзень,
Вясновы светлы дзень!
Павявай над бацькаўшчынай мілай
Свежы ветрык з цёплай стараны!
Сонцам нас сягоння акрыліла
Свята міру, дружбы і вясны.
Ліся, ліся ў вуліцы і плошчы,
Мора чалавечых галасоў!
Маладыя крочце сцяганосцы
Пад прызыўным шэлестам сцягоў!
Вашы вочы гордасцю іскрацца,
Вам высока несці алы сцяг –
Ад брыгад камуністычнай працы
Да камуністычнага жыцця!
Да вышынь ляці, як водгук славы,
Гром аркестраў, песенны прыбой!
Наша маці родная, дзяржава,
Мы адной сям’ёй ідзём з табой!
Да любой работы мы гатовы
Пад зямлёй, у небе, на зямлі –
Толькі ты скажы, Радзіма, слова,
Толькі, Партыя, народ пакліч!
Глянь, як зграбна адбівае крокі
Маладых салдат адменны строй! –
Кожны з іх твой смелы горды сокал,
Кожны рыцар-абаронца – твой!
Глянь: ідуць рабочыя раёны –
Сямігодкі творцы і майстры!
Глянь: усмешка шчасця ззяе сёння
На абліччах юных і старых!
З краю ў край разбуджанай планеты
Узняліся людзі ў гэты час,
Свецяць ім святлом надзей з партрэтаў
Як жывыя, вочы Ільіча.
Шчодра, сонца, над прасторай роднай
Цеплыні струмень гарачы лі!
Да вясны і шчасця кроч, народ мой, –
Пакарыцель неба і зямлі!