Нарадзілася Ганна Пятроўна ў Рагачове ў Гомельскай вобласці. Яе бацька працаваў настаўнікам у горадзе, але з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны пераехаў у вёску Крушынаўка. Там ён стаў падпольшчыкам: трымаў сувязь з партызанамі, расказваў пра тое, што адбываецца ў акрузе. Праўда, так працягвалася нядоўга.
"У адзін з дзён ліпеня 1942-га бацька павінен быў ехаць разам з яшчэ адным партызанам у Рагачоў на заданне, але паліцаі ўстроілі аблаву. Каля вёскі Фалевічы іх затрымалі. Прымусілі выкапаць сабе магілу і расстралялі", - распавядае Ганна Пятроўна.
Пасля гэтага яе маці вырашыла не заставацца на ранейшым месцы – сабрала пажыткі і разам з Ганнай і яе маленькім братам адправілася ў вёску Піліпкавічы. Аднак бяда не мінула і там. У пачатку сакавіка 1944 года многіх жыхароў разам з дзецьмі сярод ночы па спісках немцы і паліцаі пагрузілі ў машыны і павезлі на чыгуначны вакзал у Рагачоў. А пасля – пагрузілі ў таварны вагон да Калінкавіч. Гэта быў шлях у лагер смерці "Азарычы".
"Ехалі ўшчыльную адзін да аднаго, у вагонах ні прыбіральні, нічога не было. У асноўным – старыя, жанчыны і дзеці. Прывезлі нас у Калінкавіцкі раён, выгрузілі. Там жа немцы сабралі дакументы, адабралі пажыткі. Я думала, што нас расстраляюць, але не – прывезлі ў нейкае месца. Як аказалася пасля – лагер смерці. Там нічога не было – балота, вакол абнесенае калючым дротам. Людзі стараліся на купінах размясціцца: сесці, легчы, хто як", - дзеліцца ўспамінамі Ганна Пятроўна.
Голад, холад і тыф
"Азарычы" нацысты добра ахоўвалі. Усяго ж фашысты сагналі ў лагер звыш 50 тыс беларусаў з розных рэгіёнаў краіны, а таксама жыхароў Смаленскай і Арлоўскай абласцей Беларускай ССР. Вязняў немцы не кармілі, толькі зрэдку ў якасці забавы кідалі хлеб у твар.
"Вады не было, ежы не было і страшны холад. Запомніўся мне і ручаёк, які працякаў на тэрыторыі лагера. Людзі пілі адтуль, а нацысты заразілі ваду сыпным тыфам. У лагеры захварэлі амаль усе, у тым ліку хвароба падкасіла мяне і маці. Браціка ж мучыла крывавая дызентэрыя", - кажа Ганна Пятроўна.
Заражаючы тыфам вязняў "Азарычаў", нацысты праследвалі далёка ідучую мэту – распаўсюдзіць гэтую цяжкую хваробу на байцоў надыходзячай Чырвонай Арміі. Гэты лагер стаў першай пляцоўкай на тэрыторыі Беларусі, дзе нямецка-гітлераўскія захопнікі выкарысталі біялагічную зброю.
Людзі паміралі масава. Ганна Пятроўна расказвае, што ў лагеры каля іх знаходзілася жанчына і яе чацвёра дзяцей.
"Яны былі бежанцамі са Смаленска. З сабой ні коўдры – нічога, і каб хоць неяк сагрэць сваіх дзяцей, маці накрывала іх сабой. Аднойчы раніцай дзеці прачнуліся, пачалі прасіць есці, піць і крычаць: "Мама, мама!" А маці памерла. Трупы людзей былі ўсюды, у лагеры доўга не вытрымлівалі”, - дадае субяседніца.
Вызваленне
Савецкія войскі вызвалілі "Азарычы" вокамгненна, раніцай вязні спачатку нават не зразумелі, што адбылося.
"Мы прачнуліся, а чуваць рускую гаворку. Салдаты нам сказалі, каб ніхто не ўставаў са сваіх месцаў, бо лагер цалкам замініраваны. Яны здолелі прарабіць невялікую дарожку, праз якую людзі і выходзілі след у след", - успамінае Ганна Пятроўна.
Яна прызнаецца, што сама не здолела б дайсці, бо з-за хваробы моцна аслабла і ўжо трызніла.
Дапамог мужчына Васіль, які таксама знаходзіўся ў "Азарычах". Маленькую дзяўчынку ён панёс на руках, а потым і выхадзіў яе. Малодшага брата Ганны выратаваць не ўдалося – хлопчык памёр.
Жыццё пасля
Пасля Васіль, які вынес Ганну на руках з лагера смерці, стаў яе айчымам.
"Ён мяне выратаваў, я так і называла яго – тата", - кажа былая вязніца.
Увосень 1944 гады дзяўчынка пайшла ў першы клас.
"Ад лагера крыху ачуняла і ўжо ў верасні пайшла ў школу. Быў такі калгасны свіран, там паставілі нейкія столікі. Так мы і вучыліся. Пасля чацвёртага класа вучняў стала значна менш – яны ішлі працаваць, бо нельга было пражыць. Але мне пашанцавала, тата (айчым - Sputnik) сказаў: "Вучыся, дачушка", - распавяла жанчына.
Пасля заканчэння 10 класаў яна паступіла ў мінскі тэхнікум, выйшла замуж – усё было добра, аднак цяжкія ўспаміны аб перажытых жахах вайны ніколі не пакідалі і не пакідаюць да гэтага часу.
Ганна Пятроўна з трапятаннем гартае старонкі сямейнага альбома
© Sputnik / Александр Жибуль
"У мяне не было дзяцінства, вайна яго забрала. Таму, калі ў мяне з’явіліся дзеці, я старалася даць ім усё, чаго была пазбаўлена. Яны і гурткі розныя скончылі", - дзеліцца Ганна Пятроўна.
Нягледзячы на тое, што жыве яна ў Чэрвені ў Мінскай вобласці, кожны год ездзіць у Рагачоўскі раён з кветкамі.
"Там 11 магіл маіх блізкіх людзей, для мяне гэта асаблівыя месцы. Еду туды з цяжкім сэрцам, а вяртаюся з лёгкім, як быццам адпускае", - адзначае Ганна Пятроўна.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"