Дзень Перамогі

Паўгода ў тыле ворага: гісторыя апошняга разведчыка з групы "Джэк"

Група "Джэк" працавала ў глыбокім нямецкім тыле ў 1944-м амаль паўгода, байцы дзейнічалі ў нечалавечых умовах, здабываючы важныя звесткі.
Sputnik
Знакаміты разведчык групы "Джэк" Генадзь Уладзіміравіч Юшкевіч у 16-гадовым узросце быў закінуты разам з групай разведчыкаў ва Усходнюю Прусію. У жывых з групы "Джэк" засталося толькі трое. За час аперацыі яны перадалі ў Цэнтр 67 асабліва важных данясенняў. У тыле ворага яны знаходзіліся 179 дзён, набліжаючы Перамогу.
У размове са Sputnik ветэран успомніў аб падзеях тых дзён: начны выкід на парашутах, баявую працу, праследаванні нацыстаў і небяспека, якая пільнуе на кожным кроку. Далей – успаміны Генадзя Юшкевіча.
Першую частку ўспамінаў Генадзя Юшкевіча, які ў 14 год, пасля гібелі маці, што супрацоўнічала з падполлем, сышоў у партызаны, чытайце на Sputnik.

Не твая справа

Пасля вызвалення Беларусі байцы групы "Чайка" былі адкліканы ў Смаленск у апарат Разведупраўлення 3-га Беларускага фронту. На спадарожнай машыне "Студэбекер" я, Павел Крылатых, Напалеон Рыдзеўскі, Іосіф Зварыка і Уладзімір Міхалевіч з’ехалі ад мінскага парку Чалюскінцаў у бок Смаленска.
Прыбыўшы на месца, размясціліся ў вёсцы Сухадолы ў сялянскай хаце. Палова адводзілася сям’і, другая частка – нам. Там пахла сырадоем, адчуваўся такі сялянскі побыт. Была цішыня, а не вайна.
З усімі рабятамі прайшла сур’ёзная размова аб тым, што трэба рабіць. Са мной гутарка была іншага кшталту. Мне начальнік сказаў: "Не твая справа – ваяваць, твая справа – вучыцца, ваяваць ёсць каму". Стаў агітаваць пайсці ў кінамеханікі, слесары. У выніку даў згоду адправіць мяне на зенітную батарэю.
Сабралі дакументы: харчовы атэстат, характарыстыку. Склалі ўсё ў пакет. Даручылі памочніцы мяне правесці на зенітную батарэю.
Памятаю, як дзяўчына мяне павяла, а каля смаленскага Крамля стаяў барак, там – сталовая. Яна і кажа: "Невядома, калі давядзецца яшчэ перакусіць, пойдзем".
Селі за стол і ў гэты час прайшла чутка: "Партызан, сярод нас партызан". Раптам на пустым стале з’яўляецца кавалачак хлеба, міска супу, шкляначка з кісялём. Неўзабаве ўвесь стол уставілі вось гэтымі дарамі.
Я адразу не зразумеў, у чым справа, а пасля падумаў: Смаленск, які перааралі ўздоўж і ўпоперак снарады, міны, бомбы. Тут галодныя людзі аддаюць, можа, тое, што ім па картках дасталася. Я не стаў да ежы дакранацца, нейкі спазм у горле з’явіўся.
Чамусьці расплакаўся і выбег са сталовай, а ў гэты час якраз ехала "паўтаратонка" з маімі рабятамі. Яны атрымалі прызначэнне і ехалі да новага месца. Мяне падхапілі, дык я апынуўся сярод сваіх (былых партызан - Sputnik). Тады Напалеон Рыдзеўскі і кажа: "Паехалі разам з намі, харчаваннем пераб’емся – з голаду не памрэш". Сказана – зроблена.
Па дарозе нам сустрэлася чыгунка. Павел Крылатых, які пасля стане начальнікам нашай групы "Джэк", дамовіўся з начальнікам цягніка. Так мы размясціліся ў таварным вагоне.

Сігануў з цягніка – і з самалёта скокнеш

А я хацеў бачыць усё, дзе прайшла вайна. Падышоў да начальніка цягніка і дамовіўся ехаць на мосціку на цыстэрне. Каб ехаць і глядзець. Ён мне і адказвае: "Наогул на цыстэрне нельга, але вайна ўносіць іншыя прапановы. Глядзі толькі – прывяжыся, а то заснеш і звалішся".
Так я даехаў да Мінска і бачыў на свае вочы ўсе тыя месцы страшнай бітвы: горы трупаў, разварочаная тэхніка, як савецкія салдаты размініравалі дарогі. Усе карцінкі разгрому нямецкага воінства – усё засталося са мной у памяці назаўжды і ўзрушыла ўяўленне.
У Мінску пераселі на іншы цягнік, які ехаў у бок Вільнюса. Павел Крылатых там сказаў, што цягнік спыняцца не будзе. Калі будзем праязджаць станцыю "Залессе", ён дасць нам знак, цягнік зменшыць ход, а мы павінны на хаду скакаць.
Так яно і адбылося: мы кулём пакаціліся з вагона пад адхон. Былі жарты, смех, усе маладыя. Самаму старэйшаму, Іосіфу Зварыку, споўнілася 27 гадоў. Калі мы апынуліся ў кювеце, Павел Крылатых сказаў: "Раз сігануў з цягніка, значыць, і з самалёта скокнеш". Я тады не надаў гэтым словам значэння.
Так мы прыйшлі ў вёску – былы маёнтак знакамітага кампазітара Міхала Агінскага. Нас размясцілі ў вясковай хаце і зноў давялося паўстаць перад начальствам, якое лаяла Крылатых і Рыдзеўскага за тое, што прывезлі мяне ў часць.
Але за мяне заступіліся, сказалі, што я добра валодаю рознымі відамі стралковай зброі, ведаю падрыўную справу, нямецкую мову. У выніку начальства пераканалі, што я магу быць сапраўдным байцом. Так атрымалася, што Уладзімір Міхалевіч, які быў дзесятым у групе "Джэк", адстаў ад нас. Дык я заняў яго месца. Нас было 10 чалавек. Як стане вядома пазней, Валодзя ўсё ж пойдзе з іншай групай і ў верасні 1944-га загіне.

Развітанне з Радзімай

Начальства нарэшце пагадзілася, каб я запоўніў дакументы: падпіску аб невыдаванні і іншыя паперы. Нам далі абмундзіраванне: звычайныя шавіётавыя касцюмы, кірзавыя боты, шапкі, кашулі-касавароткі.
Дні два мы адпачывалі і прыстрэльвалі зброю. Раптам пачулі музыку з суседняга дома, а там на скрыпцы хтосьці выконваў паланэз "Развітанне з Радзімай". І мне падумалася, няўжо гэта і ёсць развітанне.
Потым была ўрачыстая вячэра, на ёй прысутнічала некалькі начальнікаў у званні палкоўнікаў. Па глытку гарэлкі было, прыкусілі вайсковай ежай, гаспадыня дома дала пару агуркоў.
Старшы афіцэр сказаў аб тым, што нам трэба будзе выканаць сур’ёзнае баявое заданне, і мы павінны гэтым ганарыцца. Пасля нас пагрузілі ў аўтобус і адвезлі на палявы аэрадром. Там стаяў самалёт "Дуглас". Нас пастроілі, выдалі парашуты, правялі невялікі інструктаж аб тым, як сябе паводзіць у самалёце, як і ў якім парадку выскакваць.
Пасля перад намі выступіў генерал Алёшын, які сказаў, што нам давераны гонар аднымі з першых перайсці мяжу рэйха і апынуцца на тэрыторыі Усходняй Прусіі, у глыбокім аператыўным нямецкім тыле.
Ён дадаў, што Усходняя Прусія заўсёды была трамплінам для кідка на Усход, адпаведна там усё ваенізавана і падрыхтавана для ваенных дзеянняў. А мы будзем з’яўляцца вачамі і вушамі фронту.
Потым падышоў да мяне і пытаецца: "Колькі ў табе вагі? Парашут разлічаны на 100 кілаграмаў, а ў табе і паловы няма, глядзі, каб не занесла на Кёнігсберг". Я адразу зразумеў, што ляцім кудысьці пад Кёнігсберг. Але для мяне гэта было гэтак жа туманна, як і ўсё іншае.
Мы пагрузіліся ў самалёт, ужо вечарэла, і сонца закацілася за гарызонт. Самалёт пайшоў на ўзлёт і прыкладна праз паўтары гадзіны мы ўбачылі бляск Балтыйскага мора.

Пляваць мы на цябе хацелі, Германія

У гэты дзень савецкія войскі бамбілі Кёнігсберг, што дало нам магчымасць праскочыць. Штурман крыху памыліўся, і нас выкінулі не ў тым месцы, дзе нам трэба было апынуцца. Тым не менш, мы трапілі на балота, парослае хвойнікам. Былі выпадкі, калі групы знасіла прама на нямецкія гарнізоны ці нейкія населеныя пункты.
Усе сталі скакаць, самалёт задрыжаў, надышла мая чарга – ступіў наперад. Закруціла, потым воплеск – і вось я калыхаюся, такі стан эйфарыі, думаю: "Пляваць мы на цябе хацелі, Германія, вось мы над табой".
Прызямліўся, схаваў парашут і пачаў чуць нашы пазыўныя сігналы – гукі свісточкаў. Мы хутка сабраліся, у цэлым прызямліліся ўсё кучна. Праўда, некаторыя члены групы прызямліліся на дрэвы, але гэтую праблему ўдалося вырашыць. Далі першую радыёграму: "На месцы, прыступаем да выканання задання".
Удзельнікі групы "Джэк"
Першыя ўражанні цудоўна запомніліся. Я стаю на зямлі ворага, адкуль пачалася вайна, дзе зарадзіўся нямецкі фашызм, і мы зараз тут для таго, каб яго перамагчы і спыніць вайну. Гэта першыя думкі, якія выспелі.
Уначы памятаю першыя пахі балотнай травы. Зусім пахі іншыя, чым на нашай зямлі. Іншая прырода, іншая трава. Нос у мяне быў, як у сабакі. Спачатку свае сляды засыпалі махоркай і тытунем, а потым палічылі, што гэта не патрэбна. За першую ноч ад месца прызямлення здолелі пайсці на кіламетраў 15-20. Так пачалося наша баявое жыццё ў складзе разведгрупы "Джэк".

Усходняя Прусія – гэта не дом адпачынку

У групе кожны меў псеўданім. У Паўла Крылатых – камандзіра групы – "Джэк". Падчас перадачы ён патрабаваў усяго адзін удар ключом. Ва ўсіх былі кароткія пазыўныя: "Крот", "Ёрш", мне далі псеўданім "Трус" (па-руску – "кролик"), а Напалеон Рыдзеўскі быў "Зайцам".
Самае страшнае – праца радыёперадатчыка: як толькі мы пачыналі перадачу інфармацыі, немцы пеленгавалі сігнал і ўстанаўлівалі наша месцазнаходжанне. Адразу рабілі ахоп гэтага месца і спрабавалі нас блакіраваць.
Усходняя Прусія – гэта не дом адпачынку, працаваць прыходзілася ў вельмі складаных умовах. Насельніцтва да нас было настроена жахліва, калі бачыла чужынцаў, то паведамляла нацыстам.
Праблемы былі з харчаваннем, наш сухі паёк разлічаны максімум на тыдзень – мясныя амерыканскія кансервы, брыкеты прасяной кашы, сухары, ядры фундуку. Адзін арэшак пажуеш – і можаш паўдня трымацца. Торба з чырвоным крыжом была адна, ніякіх індывідуальных санітарных пакетаў не прадугледжвалася. З гэтай сумкі нас выручаў вітамін С – такія карычневыя таблеткі. Яны пахлі паленым цукрам.
Нас вельмі хутка збіралі, таму забяспечыць усім, чым трэба, не было магчымасці. У групе мелася толькі два компасы і два гадзіннікі. А так мы па сонцы арыентаваліся.
Нам вельмі дапамагаў вопыт знаходжання ў партызанскіх краях Беларусі. Як гаворыцца, галота на выдумкі хітрая. Самае страшнае – нельга было знаходзіцца на адным месцы і даводзілася пераадольваць вялізныя адлегласці. Перадалі зводку – і даводзіцца неадкладна здымацца і сыходзіць, бо гэтае месца блакіравалі немцы.

Куля двойчы ў адно месца не пападае

Некаторыя нашы рабяты пападалі ў акружэнне. Так загінуў Іосіф Зварыка, ён не змог выйсці. А на другі дзень пасля высадкі загінуў наш камандзір групы Павел Крылатых – нарваліся на засаду. Шалёная куля трапіла прама ў сэрца.
З яго знялі пінжак, бо там маглі знаходзіцца асабістыя рэчы. Камандаванне на сябе ўзяў Мікалай Шпакаў: "Гена, ты самы малады, табе абавязкова трэба выжыць. Апрані Пашкін пінжак, а куля двойчы ў адно месца не трапляе – закон балістыкі". У гэтым пінжаку я і вярнуўся ў вайсковую часць жывым.
На адным са скрыжаванняў нас сустрэла засада, Мікалай Шпакаў падчас яе знік. Мы думалі, што ён паранены ці забіты. Памятаю, поўзалі ўначы па кювеце, усё клікалі яго.
У гэты час мой сябар Напалеон Рыдзеўскі на нешта натыкнуўся, прагрымеў выбух. Яго кантузіла, усё аказалася цэлым, але з-за моцнай кантузіі ён не мог ісці. Камандаванне прыняў Іван Мельнікаў, ён сказаў, што з ім нехта павінен застацца і дапамагчы дайсці да паштовай скрыні №1, бо група павінна была працягваць выконваць заданне.

Адысея

У нас быў закон сумлення. Калі чалавек паранены і не можа больш выконваць задачу разам з групай, то ён вырашаў свой лёс сам: пісталет да скроні ці прымаў апошні бой, каб сысці "з музыкай". Але ў Рыдзеўскага ўсё было цэлае, прымяняць закон сумлення не было неабходнасці. Я пагадзіўся застацца з ім, бо мы былі звязаны яшчэ з партызанства ў Беларусі. Ён жартам называў мяне збраяносцам.
Прыйшлося прайсці праз неймаверныя цяжкасці, каб дайсці да паштовай скрыні №1. Але на месцы нікога не аказалася. Група туды не прыходзіла. Мы засталіся адны, на баявых пазіцыях ворага ў глыбокім аператыўным тыле.
Нам удалося сустрэць савецкіх ваеннапалонных салдат, якія працавалі ў лесе. Праз іх устанавілі сувязь з нямецкімі антыфашыстамі Аўгустам Шылятам і Эрнстам Райчуком. Вядома, была вялікая рызыка, пакуль не ўдалося даведацца, што людзі надзейныя. Дзякуючы ім мы здолелі здабыць шмат цікавых разведданых і сустрэцца са сваімі войскамі.
Так скончылася гэтая Адысея. Але ў канцы вайны, 6 мая 1945 года, я атрымаў цяжкае раненне, нарваўся на расцяжку. Так для мяне скончылася вайна.

Разведчыкаў не заўважалі

Усе ўзнагароды я атрымаў пасля вайны. У шпіталі мне прыйшоў ліст ад майго куратара маёра Шапавалава: "Віншую з Перамогай, вы прадстаўлены да Ордэна Чырвонай Зоркі". Затым прыйшло паведамленне, што загадам я ўзнагароджаны Ордэнам Славы трэцяй ступені.
Нашаму брату вялікіх ордэнаў не давалі. Той, хто пабываў у тыле ворага, пападаў пад падазрэнне. Таму і вялікімі ордэнамі пры жыцці звычайна не ўзнагароджвалі.
Пасля распіскі аб невыдаванні я доўгі час ні з кім не мог гаварыць на нашу тэму (высадкі ва Усходняй Прусіі - Sputnik). Бо ніхто нават з родных не ведаў, дзе я быў, што рабіў. А з Напалеонам Рыдзеўскім мы моцна сябравалі, збіраліся ў яго на дачы і маглі пагаварыць па душах. Імкнуліся ўспомніць падзеі – хто знік, куды, лёсы нашых таварышаў.

Змена пакаленняў

Для мяне 9 Мая – гэта другі дзень нараджэння. Калі б не гэты дзень, дык не існавала б цэлых пакаленняў. Іншая справа, што зараз імкнуцца гэтае свята забыць тыя, каму непрыемна пра гэта ўспамінаць. Мне давялося часта бываць у розных замежкамандыроўках і часам даводзілася чуць: "Што вы носіцеся са сваёй Перамогай? Мы ўжо ўсе забыліся". Гэта мне польскі журналіст казаў.
Я яму адказаў, што так лёгка разважаць і забываць. А за свабоду Польшчы 600 тысяч салдат ляглі на вашай тэрыторыі. Палякам лёс – быць знішчанымі па загадзе Гітлера, але дзякуючы савецкаму салдату гэты народ існуе. Польшча лягла пад Гітлера за 28 дзён, Данія – за дзень. Уся Еўропа – за тры месяцы пакарылася.
Добра так забыць пра вайну, але ж яны не ведаюць, што такое Сталінград, дзе немцы не маглі ўзяць адзін дом ("дом Паўлава" - Sputnik).
Свет шмат у чым змяніўся, амаль сышло пакаленне, якое ведала жах вайны, а маладое пакаленне не мае ўяўлення аб гэтым. Можна назваць мноства прыкладаў, калі няўдзячныя нашчадкі топчуць памяць савецкага салдата. Напрыклад, Украіна – цяпер гэта зусім іншая планета, там усё перавернута ўверх дном.
У Беларусі стараюцца захаваць гістарычную памяць. У адрозненне ад тых, хто яе скажае, разбурае помнікі савецкім воінам, якія неслі цэлым народам вызваленне.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Дзень Перамогі
Вайна забрала маё дзяцінства: маналог былой вязніцы "Азарычаў"