МІНСК, 12 мая – Sputnik. Амаль 124 тыс сямей у Беларусі лічацца шматдзетнымі, у іх выхоўваецца каля 405 тыс дзяцей, паведаміў на прэс-канферэнцыі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны рэспублікі Валерый Кавалькоў.
"Ёсць станоўчая дынаміка. Так, сёння ў рэспубліцы амаль 124 тыс шматдзетных сямей, у якіх выхоўваецца 405 тыс дзяцей, гэта значыць кожнае чацвёртае дзіця ў рэспубліцы выхоўваецца ў шматдзетнай сям’і", - адзначыў намеснік міністра.
Самым шматдзетным рэгіёнам лічыцца Брэсцкая вобласць, дзе жыве больш за 25 тыс шматдзетных сямей.
"Самая вялікая колькасць сямей з трыма дзецьмі, іх каля 99 тыс. Але ў нас ёсць і сям’я ў Мінскай вобласці, у якой выхоўваецца 15 непаўналетніх, гэта самая шматдзетная сям’я. Да гэтага самая шматдзетная сям’я пражывала ў Брэсцкай вобласці, але яны сваё лідарства выпусцілі", - распавёў намеснік кіраўніка ведамства.
Дзяржпадтрымка сямей з дзецьмі
Па інфармацыі Кавалькова, выдаткі дзяржбюджэту на меры сацыяльнай абароны сямей з дзецьмі штогод складаюць ад 3% ВУП.
"Толькі ў бягучым годзе на сістэму дзяржаўных дапамог будзе накіравана 3,4 млрд беларускіх рублёў, з іх 1,8 млрд пойдуць на выплаты дапамогі па доглядзе за дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў", - паведаміў ён.
У цяперашні час выплатамі ахоплены 380 тыс дзяцей, з іх дапамогай па доглядзе за дзіцем – 207 тыс.
"Памеры дапамогі, магу сказаць, дастаткова значныя. Мы іх перагледзелі з 1 мая бягучага года ў сувязі з павелічэннем бюджэту пражытачнага мінімуму насельніцтва", - дадаў намеснік кіраўніка профільнага ведамства.
Так, пры нараджэнні першага дзіцяці сям’я атрымлівае 4,2 тыс беларускіх рублёў, а калі нараджаецца другое і наступнае дзіця выплата складае ўжо амаль 6 тыс рублёў.
"Значная і дапамога па доглядзе за дзіцяці, яна перавышае ўзровень мінімальнай заработнай платы", - дадаў ён.
У прыватнасці, калі ў сям’і выхоўваецца першае дзіця, дапамога складае 725 рублёў, калі другое і наступнае – 828 рублёў.
Акрамя таго, на аказанне адраснай дапамогі ў бягучым годзе плануецца выдзеліць 140 млн рублёў.
Сямейны капітал
Паводле інфармацыі намесніка міністра, са студзеня 2015 года ў краіне было адкрыта 137 тыс укладаў "Сямейны капітал".
"З 2020 года шматдзетныя сем’і могуць сродкі сямейнага капіталу атрымліваць датэрмінова. На 1 мая прынята больш як 82 тыс рашэнняў аб датэрміновым выкарыстанні сямейнага капіталу. 81% з гэтых рашэнняў быў прыняты на паляпшэнне жыллёвых умоў, 8% – на атрыманне адукацыі і яшчэ 11% – на атрыманне платных медыцынскіх паслуг", - праінфармаваў Кавалькоў.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"