Эбрахім Раісі нарадзіўся 14 снежня 1960 года ў Мешхедзе (свяшчэнны горад для паслядоўнікаў шыізму, на паўночным усходзе Ірана) у рэлігійнай сям’і. Меў ганаровы тытул сейіда, які пазначае прыналежнасць да нашчадкаў прарока Мухамада.
На фота: Сейед Эбрахім Раісі на фронце падчас Ірана-іракскай вайны.
У 1975 паступіў у семінарыю ў горадзе Кум (сусветны адукацыйны рэлігійны цэнтр для шыітаў). Пасля яе завяршэння вывучаў міжнароднае прыватнае права ва ўніверсітэце імя Шахіда Матахары ў Тэгеране, пасля там жа атрымаў ступень доктара юрыдычных навук і ісламскага права.
На фота: прыхільнікі Раісі падчас перадвыбарчага мітынгу 16 мая – 2017 года ў Тэгеране, Іран.
У гады студэнцтва падтрымліваў ідэі звяржэння манархіі і прымаў удзел у Ісламскай рэвалюцыі 1978-1979 гг. (падзеі ў Іране, якія прывялі да скасавання манархіі і абвяшчэння Ісламскай Рэспублікі Іран, ІРІ).
На фота: жанчына трымае фатаграфію новавыбранага прэзідэнта Ірана Раісі падчас святкавання яго перамогі на выбарах на плошчы Імама Хусэйна ў сталіцы Тэгеране 19 чэрвеня 2021 года.
У 1980-м паступіў на працу ў судовую канцылярыю горада Керэдж (прыгарад Тэгерана), праз некаторы час стаў пракурорам гэтага горада. У 1982-1984 гадах быў пракурорам горада Хамадан на паўночным захадзе краіны. У 1985-м прызначаны намеснікам пракурора Тэгерана. У 1988-м рашэннем вышэйшага кіраўніка ІРІ Рухалы быў надзелены асаблівымі паўнамоцтвамі па вырашэнні рэлігійна-прававых пытанняў у правінцыях Керманшах, Семнан, Лурэстан. У 1989-м стаў пракурорам Тэгерана і працаваў на гэтай пасадзе да 1994 года.
На фота: прэзідэнт Эбрахім Раісі атрымлівае першую прышчэпку вакцыны Covid-19 COVIran Barekat у Тэгеране, Іран, 8 жніўня 2021 года.
Затым 10 гадоў узначальваў Генеральную інспекцыю Ірана (ажыццяўляе агульны кантроль за дзейнасцю выканаўчых органаў улады).
На фота: прэзідэнт Ісламскай Рэспублікі Іран Сейед Эбрахім Раісі (справа) падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Духоўнага ўпраўлення мусульман РФ у Маскоўскай саборнай мячэці 20 студзеня 2022 года.
З 2004 па 2014 год Раісі займаў пасаду намесніка старшыні Вярхоўнага суда, адказваў за арганізацыйныя і кіраўнічыя пытанні.
На фота злева направа: прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Ірана Эбрахім Раісі і прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган падчас сумеснага фатаграфавання перад пачаткам сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў – гарантаў Астанінскага працэсу садзейнічання сірыйскаму ўрэгуляванню, 19 ліпеня 2022 года.
У 2014-2016 гг. быў генеральным пракурорам Ірана. У 2016-м заняў пасаду кіраўніка найбуйнейшага ў краіне мусульманскага рэлігійнага фонду "Астане Кодсе Разаві".
На фота: Раісі з фатаграфіяй забітага іранскага генерала Касема Сулеймані падчас выступлення на 77-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 21 верасня 2022 года.
У 2019 годзе Раісі ўзначальваў Вярхоўны суд краіны. На пасадзе кіраўніка судовай сістэмы ён разгарнуў маштабную кампанію па барацьбе з карупцыяй і ініцыяваў распрацоўку законапраектаў па абароне жанчын ад бытавога гвалту.
На фота: прэзідэнт Ірана пасля выступлення ў Дзяржаўнай Думе, 20 снежня 2022 года.
Упершыню Эбрахім Раісі балаціраваўся ў прэзідэнты ў 2017 годзе, але прайграў Хасану Раўхані, перавыбранаму на другі тэрмін (38% супраць 57% у Раўхані). На выбарах 18 чэрвеня 2021 года ён атрымаў перамогу, набраўшы больш за 60% галасоў (другое месца заняў Мохсэн Рэзаі – 11,5%). Заступіў на пасаду 5 жніўня.
На фота: Эбрахім Раісі прыбывае на афіцыйную цырымонію сустрэчы з кітайскім калегам Сі Цзіньпінам у Пекіне 14 лютага 2023 года.
Раісі належаў да ультракансерватыўнага палітычнага крыла. Ён прытрымліваўся жорсткай лініі ў адносінах з Захадам, пры гэтым не пярэчыў супраць аднаўлення іранскага ядзернага пагаднення (дагавор ад 2015 года аб урэгуляванні іранскай ядзернай праграмы паміж Іранам і шасцёркай міжнародных пасрэднікаў, які прадугледжваў паступовую адмену санкцый у абмен на абавязацельствы Тэгерана абмежаваць ядзерную дзейнасць; фактычна перастаў дзейнічаць пасля выхаду ЗША ў 2018 годзе).
На фота: двухбаковая сустрэча прэзідэнтаў Францыі і Ірана на палях 77-й Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у штаб-кватэры ААН у Нью-Йорку 20 верасня 2022 года.
Раісі быў захавальнікам магільнага склепа імама Рэзы (шыіцкай святыні) у Мешхедзе. Быў паплечнікам кіраўніка і духоўнага лідара ІРІ аяталы Алі Хаменеі.
На фота: Раісі (другі злева) слухае камандуючага арміяй генерала Абдалрахіма Мусавіна на парадзе ў гонар Дня арміі 18 красавіка 2023 года.
У лістападзе 2019 года ён быў уключаны ў санкцыйныя спіскі ЗША і Еўрасаюза за парушэнні праў чалавека.
На фота: прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін і прэзідэнт Ірана Эбрахім Раісі перад пачаткам расійска-іранскіх перагавораў у фармаце працоўнага абеду 7 снежня 2023 года.
Увайшоў у спісак 100 самых уплывовых людзей у свеце ў 2021 годзе па версіі амерыканскага часопіса "Тайм".
На фота: сумесная прэс-канферэнцыя прэзідэнтаў Ірана (злева) і Турцыі 24 студзеня 2024 года.
Эбрахім Раісі быў жанаты. Яго жонка – Джаміла Аламальхода – доктар філасофскіх навук, пісьменніца (яе бацька – рэлігійны дзеяч Ахмад Аламальхада). У іх дзве дачкі.
На фота: Раісі падчас наведвання выставы ваенна-марскіх сіл Рэвалюцыйнай гвардыі ў паўднёвым партовым горадзе Бандар-Абас, Іран, 2 лютага 2024 года.
Беларусь і Іран звязвае даўняе супрацоўніцтва, 18 сакавіка 2023 года адзначалася 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Аляксандр Лукашэнка і Эбрахім Раісі сустракаліся неаднаразова, у апошні раз – падчас візіту беларускага лідара ў Тэгеран у сакавіку 2023 года. Прэзідэнта Ірана чакалі з візітам у Беларусі ў 2024 годзе.
На фота: па выніках перагавораў 13 сакавіка 2023 года Аляксандр Лукашэнка і Эбрахім Раісі падпісалі дарожную карту ўсебаковага супрацоўніцтва паміж краінамі на 2023-2026 гады.
На фота: Раісі падчас цырымоніі пахавання ахвяр выбуху бомбы ў Кермане, 5 студзеня 2024 года.