Грозаў: больш за палову БелАЗаў пастаўляецца ў Расію

Асноўныя пакупнікі легендарнай кар’ернай тэхнікі з Беларусі – гэта краіны СНД, сярод якіх на першым месцы Расія.
Sputnik
ЖОДЗІНА, 14 чэр – Sputnik. Расія зацікаўлена ў тэхналагічных навінках БелАЗа, у тым ліку ў беспілотных машынах, заявіў журналістам Пастаянны прадстаўнік РФ пры статутных і іншых органах СНД Андрэй Грозаў падчас наведвання завода, перадае карэспандэнт Sputnik Беларусь.
"Больш за палову вырабленай прадукцыі (БелАЗа - Sputnik) пастаўляецца ў Расійскую Федэрацыю", - адзначыў ён.
У цэлым асноўныя пакупнікі БелАЗаў – краіны СНД. На гэты рынак пастаўляюцца тры чвэрці машын завода.
Грозаў таксама нагадаў, што тэхніка выкарыстоўваецца ў цэлым шэрагу рэгіёнаў Расіі. У тым ліку да нядаўняга часу самы вялікі ў свеце кар’ерны самазвал на 450 тон эксплуатаваўся ў Кузбасе на разрэзе "Черниговец". За год машына перавозіла амаль 4 млн тон грузаў.

Унікальны завод

"Тое, што мы сёння ўбачылі, – гэта без усялякага перабольшання гонар Рэспублікі Беларусь. ААТ "БелАЗ" – гэта ўнікальнае прадпрыемства", - адзначыў Грозаў.
Ён звярнуў увагу, што прадукцыю гіганта цяжкага машынабудавання купляюць больш як 70 краін. Завод займае 30% сусветнага рынку кар’ерных самазвалаў. Пры гэтым прадпрыемства змагло перабудавацца ва ўмовах санкцый і поўнасцю замяніць камплектуючыя з недружалюбных краін.
Прыклад БелАЗа паказвае, што патэнцыял машынабудавання ў СНД вялікі.
"Ён (патэнцыял - Sputnik) быў закладзены, вядома ж, пры Савецкім Саюзе, але і цяпер працягвае развівацца з прымяненнем самых сучасных тэхналогій, якія, у тым ліку, і распрацоўваюцца дзяржавамі СНД", - рэзюміраваў Грозаў.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
БЕЛАЗ выпрабоўвае самазвал малой грузападымальнасці з новым рухавіком