МІНСК, 14 чэр – Sputnik. У пятніцу ва ўсіх школах Беларусі пройдуць выпускныя вечары для 11-класнікаў з уручэннем атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі.
Арганізацыя святочных мерапрыемстваў рэгламентавана міністэрствам адукацыі.
Як раней паведамлялі ў ведамстве, выпускныя, як правіла, праводзяцца ва ўстановах адукацыі. У некаторых выпадках іх могуць арганізаваць ва ўстановах культуры ці дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Таксама свята можна праводзіць на адкрытай пляцоўцы – але на тэрыторыі адукацыйнай установы.
У кафэ, рэстаранах ці забаўляльных цэнтрах арганізоўваць урачыстасці не дазваляецца.
Месца правядзення выпускных вечароў знаходзіцца на кантролі органаў упраўлення адукацыі, а таксама праваахоўнікаў.
Як заяўляла раней кансультант галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Мінадукацыі Таццяна Асмалоўская, адпрацаваны таксама маршруты сустрэчы світання, масавыя гулянні ў горадзе. На ўсіх этапах для стварэння бяспекі будуць дзяжурыць педагогі і работнікі ўстаноў адукацыі.
У гэтым годзе са школ выпускаецца больш за 55 тыс адзінаццацікласнікаў і звыш 108 тыс дзевяцікласнікаў.
Без лімузінаў
Раней прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што негатыўна ставіцца да празмернасцей на школьных выпускных вечарах, у прыватнасці лімузінам, на якіх прыязджаюць былыя школьнікі. Паводле яго слоў, "гэта павінна быць свята, куды ідуць дзяўчына, хлопец, за рукі ўзяўшыся, – кампаніяй, калектывам".
Кіраўнік дзяржавы даручыў узяць пытанне правядзення школьных выпускных на жорсткі кантроль.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"