Хроніка вызвалення Беларусі: аперацыя "Баграціён"

Аперацыя "Баграціён": зводка Саўінфармбюро за 23 чэрвеня 1944 года

Ваенны савет 2-га Беларускага фронту
Аперацыя па вызваленні Беларусі пачалася 23 чэрвеня 1944 года. Sputnik Беларусь будзе штодня публікаваць зводкі Савецкага інфармбюро аб тым, як праходзіла аперацыя "Баграціён".
Sputnik
23 чэрвеня на паўночны захад і на паўднёвы ўсход ад горада Віцебск нашы войскі, пры падтрымцы масіраваных удараў артылерыі і авіяцыі, перайшлі ў наступленне супраць нямецка-фашысцкіх войск.
Нашы войскі, якія надыходзяць на паўночны захад ад Віцебска, прарвалі моцна ўмацаваную абарону праціўніка працягласцю 30 кіламетраў па фронце і прасунуліся ў глыбіню ад 12 да 15 кіламетраў, заняўшы пры гэтым больш за 100 населеных пунктаў, у тым ліку раённы цэнтр Віцебскай вобласці Шуміліна, буйныя населеныя пункты Валатоўкі, Сіроціна, Грабянцы, Плігаўкі, Рылькава, Навасёлкі, Дворышча, Крыцкія, Залужжа, Дабрына, Вербалі, Губіца, Рабушкава, Шпакі, Багданава, Хацілава і чыгуначныя станцыі Сіроціна, Язвіна на чыгунцы Полацк – Віцебск.
Нашы войскі, якія надыходзяць на паўднёвым усходзе ад горада Віцебска, прарвалі моцна ўмацаваную абарону праціўніка працягласцю па фронце 25 кіламетраў і прасунуліся ў глыбіню ад 8 да 10 кіламетраў, заняўшы пры гэтым больш за 50 населеных пунктаў. Сярод іх Забеліна, Замасточча, Лядзенкі, Лускінаполь, Кузмянцы, Высачаны, Старабабылле, Асінаўка, Шніткі, Курценкі і чыгуначная станцыя Замасточча. Нашы войскі перарэзалі чыгунку Віцебск – Орша.
* * *
На паўночны захад і паўднёвы ўсход ад горада Віцебск нашы войскі перайшлі ў наступленне. Сотні савецкіх гармат розных калібраў і мінамёты абрынулі на праціўніка магутны агонь. Артылерыйская і авіяцыйная падрыхтоўка наступлення доўжылася некалькі гадзін. Шматлікія ўмацаванні немцаў былі разбураны. Затым, следам за агнявым валам, рушыла ў атаку савецкая пяхота. Душачы ўцалелыя агнявыя кропкі праціўніка, нашы байцы прарвалі моцна ўмацаваную абарону на абодвух участках наступлення. Савецкія войскі, што надыходзяць на паўднёвы ўсход ад горада Віцебск, перарэзалі чыгунку Віцебск – Орша і тым самым пазбавілі віцебскую групоўку праціўніка апошняга чыгуначнага шляху, які звязваў яе з тыламі. Вораг нясе вялізныя страты. Нямецкія траншэі і месцы баёў завалены трупамі гітлераўцаў, разбітым узбраеннем і тэхнікай. Нашы войскі захапілі трафеі і палонных.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"