Хроніка вызвалення Беларусі: аперацыя "Баграціён"

Аперацыя "Баграціён": зводка Саўінфармбюро за 26 чэрвеня 1944 года

Віцебска-Аршанская аперацыя. Баец Чырвонай арміі ўстанаўлівае дарожны паказальнік на вызваленай тэрыторыі Беларусі
Тэрыторыю сучаснай Беларусі вызвалілі ў рамках наступальнай аперацыі "Баграціён" (часам яе называюць проста Беларускай аперацыяй). Sputnik Беларусь штодня публікуе зводкі Савецкага інфармбюро аб тым, як праходзіла гэтая аперацыя.
Sputnik
Войскі 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў вялі баі па знішчэнні акружанай групоўкі праціўніка ў раёне Віцебска і, сціскаючы кальцо акружэння, штурмам авалодалі буйным абласным цэнтрам Беларусі горадам Віцебск – важным стратэгічным вузлом абароны немцаў на заходнім кірунку.
На захад і паўднёвы захад ад горада Віцебск нашы войскі, развіваючы паспяховае наступленне, авалодалі раённым цэнтрам Віцебскай вобласці горадам Бешанковічы і з баямі занялі больш за 700 іншых населеных пунктаў, у тым ліку горад Ула, буйныя населеныя пункты Обаль, Бачэйкава, Каменьшчына, Алексінічы, Чарэя і чыгуначныя станцыі Княжніца, Обаль (на чыгунцы Віцебск – Полацк).
* * *
На Аршанскім напрамку нашы войскі з баямі прасоўваліся наперад і авалодалі раённымі цэнтрамі Віцебскай вобласці – горадам Дуброўна, горадам і буйной чыгуначнай станцыяй Талачын, а таксама занялі больш за 400 іншых населеных пунктаў, у тым ліку Стайкі, Смаляны, Абольцы, Пішчалава (3 кіламетры на поўнач ад Оршы), Салаўі, Карабанавічы, Сватошыца, Цыбульская і чыгуначныя станцыі Стайкі, Юрцава, Смаляны, Лемніца. Нашы войскі перарэзалі шашэйную дарогу і чыгунку Орша – Барысаў і чыгунку Орша – Лепель.
На Магілёўскім напрамку нашы войскі, паспяхова рухаючыся наперад, з боем авалодалі раённым цэнтрам Магілёўскай вобласці горадам Горкі, а таксама занялі больш як 450 іншых населеных пунктаў, у тым ліку буйныя населеныя пункты Масалыкі, Слабада Казіміраўская, Стан, Цімохаўка, Рудзіцы, Фашчаўка, Дуброўка, Бель, Плешчыцы, Еўдакімавічы, Масток (10 кіламетраў на паўночны ўсход ад Магілёва), Машынакі, Зарудзееўка, Вялікія і Малыя Амхінічы, Гарбавічы, Востравы і чыгуначныя станцыі Чавусы, Благовічы, Рэкта, Пагодзіна.
Нашы войскі выйшлі да ракі Днепр на поўнач ад горада Магілёў.
Савецкая лётчыца, намеснік камандзіра эскадрыллі 125-га гвардзейскага авіяцыйнага жаночага палка Марыя Доліна. Удзельнічала ў баях за Віцебск, Оршу і Барысаў. 26 чэрвеня 1944 года трапным бомбавым ударам разбурыла чыгуначнае палатно на станцыі Орша, узарвала эшалон з боепрыпасамі. 28 чэрвеня 1944 года бомбавымі ўдарамі па праціўніку ў вёсцы Зембін дапамагла савецкім войскам фарсіраваць Бярэзіну і вызваліць горад Барысаў
* * *
Войскі 1-га Беларускага фронту, працягваючы паспяховае наступленне, авалодалі горадам і буйным чыгуначным вузлом Жлобін – важным апорным пунктам абароны немцаў на Бабруйскім напрамку, а таксама з баямі занялі больш за 150 іншых населеных пунктаў, сярод якіх раённы цэнтр Палескай вобласці горад Парычы і буйныя населеныя пункты Асоўнік, Вялікая і Малая Крушынаўка, Фалевічы, Кашары, Забалацце, Саланое, Мармаль, Здудзічы, Казлоўка, Брожа, Ратміравічы, Аземля, Ламовічы і чыгуначныя станцыі Жлобін-Падольская, Мармаль, Брожа, Ратміравічы.
На працягу 25 чэрвеня нашы войскі на ўсіх франтах падбілі і знішчылі 28 нямецкіх танкаў. У паветраных баях і агнём зенітнай артылерыі збіта 29 самалётаў праціўніка.
* * *
Сёння войскі 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў штурмам занялі абласны цэнтр Беларусі горад Віцебск. Выбіўшы ўчора немцаў з усходняй часткі горада, савецкія войскі з надыходам цемры фарсіравалі Заходнюю Дзвіну і пачалі штурм заходняй часткі горада. Іншыя нашыя часці ўварваліся ў Віцебск з захаду. Усю ноч савецкія байцы вялі бязлітасныя баі, выбіваючы гітлераўцаў з дамоў, падвалаў і хованак. Да раніцы 26 чэрвеня Віцебск быў поўнасцю ачышчаны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На вуліцах горада засталося звыш 6 тысяч варожых трупаў. Захоплены багатыя трафеі, у тым ліку 10 паравозаў, 3 чыгуначныя саставы з ваеннай маёмасцю, 1.100 аўто машын, вялізная колькасць узбраення і боепрыпасаў. Улік трафеяў працягваецца.
Узята ў палон да 1.000 нямецкіх салдат і афіцэраў. На захад ад Віцебска нашы войскі ўсё больш цесна сціскалі кальцо вакол нямецкай групоўкі. Усе спробы праціўніка вырвацца з акружэння паспяхова адбіты. Захоплена шмат палонных. Імклівым ударам савецкія войскі рассеклі акружаную групоўку немцаў на дзве часткі і вядуць баі за поўнае іх знішчэнне.
* * *
На захад і паўднёвы захад ад горада Віцебск часці Н-скага злучэння абышлі з трох бакоў раённы цэнтр Віцебскай вобласці Бешанковічы і штурмам авалодалі ім. У баі за гэты важны вузел грунтавых дарог знішчана больш за 1.000 гітлераўцаў. Адбіваючы контратакі праціўніка, нашы войскі паспяхова прасоўваліся наперад і занялі звыш 700 населеных пунктаў. Узята шмат трафеяў. Н-ская часць захапіла 6 танкаў, мінамётную і 2 артылерыйскія батарэі.
Бой у раёне горада Віцебска. 3-і Беларускі фронт
* * *
На Аршанскім напрамку нашы войскі, імкліва рухаючыся наперад, абышлі Оршу з поўначы і занялі больш за 400 населеных пунктаў, у тым ліку вузлы грунтавых дарог Абольцы і Смаляны. Праціўнік спрабуе затрымаць савецкія войскі на прамежных рубяжах. Нашы рухомыя часці ўмелымі абыходнымі манеўрамі прарываюцца ў тылы праціўніка, ліквідуюць яго жывую сілу, знішчаюць і захопліваюць тэхніку і ўзбраенне. На шэрагу ўчасткаў немцы бязладна адыходзяць, кідаючы рыштунак, боепрыпасы і ваенную маёмасць. У адным сяле нашы байцы захапілі 300 аўтамашын, 3 склады з боепрыпасамі і звыш 30 цяжкіх гармат. У паселішчы Абольцы савецкія конныя атрады імклівай атакай разграмілі варожы гарнізон, захапілі 30 аўтамашын і ўзялі ў палон 100 немцаў. На іншым участку савецкія падраздзяленні акружылі і знішчылі буйны нямецкі атрад і захапілі ў палон 400 нямецкіх салдат і афіцэраў. За дзень баёў нашы часці захапілі 14 танкаў і самаходных гармат, звыш 90 гармат рознага калібру, 212 кулямётаў, 246 аўтамашын, 500 коней і іншыя трафеі.
* * *
На Магілёўскім напрамку нашы войскі выйшлі да ракі Днепр на поўнач ад горада Магілёў, перарэзаўшы такім чынам важную ракадную шашэйную дарогу Магілёў – Орша. Контратакі праціўніка поспеху не мелі. Пад ударамі савецкіх часцей немцы нясуць вялізныя страты і адкочваюцца на захад. Узята шмат палонных і багатыя трафеі.
* * *
Войскі 1-га Беларускага фронту, зламаўшы жорсткае супраціўленне праціўніка, штурмам авалодалі горадам Жлобін. Немцы, абапіраючыся на загадзя падрыхтаваныя абарончыя рубяжы, робяць адну за адной шалёныя контратакі. Н-скае злучэнне за дзень адбіла 16 варожых контратак. Савецкія байцы знішчылі да 2 тысяч гітлераўцаў і спалілі 15 танкаў. На захад ад горада Рагачоў нашы надыходзячыя часці вынішчылі звыш 900 нямецкіх салдат і афіцэраў, захапілі 3 танкі і 3 самаходныя гарматы. Савецкія лётчыкі збілі 13 самалётаў праціўніка.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"