У першы дзень работы форуму ў Віцебску адкрылася выстава дасягненняў народнай гаспадаркі, дзе свае магчымасці прэзентуюць многія беларускія і расійскія прадпрыемствы.
© Sputnik / Сергей Пушкин
Карэспандэнты Sputnik паглядзелі на ўнікальную тэхніку, вырабленую сумесна дзвюма краінамі, і на сабак-герояў, якія ўдзельнічалі ў выратавальнай аперацыі пасля землятрусу ў Турцыі.
На вялікай вышыні
Выставу дасягненняў народнай гаспадаркі беларускіх і расійскіх рэгіёнаў арганізавалі адразу ў некалькіх лакацыях. Дзеля гэтага ў Віцебску прыйшлося перакрыць цэнтр горада.
Каля мясцовай ратушы красаваліся свежыя МАЗы, КамАЗы, электрагрузавік Белкамунмаша, 45-тонны БелАЗ і іншыя ўзоры айчыннага і расійскага аўтапрама.
Не абышлося без камбайнаў, імпартазамешчаных аўтамабіляў хуткай дапамогі і прадукцыі "Мотавела".
© Sputnik / Сергей Пушкин
Сярод усіх экспанатаў асабліва вылучалася пажарная машына з 52-метровай лесвіцай – яе, здавалася, можна было назіраць з любой кропкі горада.
Унікальную тэхніку на базе шасі МАЗ распрацавала барысаўскае прадпрыемства "Пажснаб". Па задуме, такая лесвіца пры аварыйных сітуацыях здольна вытрымаць 450 кг. Плануецца, што гэтыя машыны ўжо хутка запусцяць у серыйную вытворчасць, вялікі попыт на іх ёсць у Расіі.
Лабрадоры-ратавальнікі
На віцебскай плошчы Перамогі, насупраць манумента "Тры штыкі" МНС, МУС і іншыя профільныя ведамствы арганізавалі тэматычную выставу.
Ратавальнікі паказалі снегабалотаход "Шэрп" расійскай вытворчасці, які стаіць на ўзбраенні спецатрада "ЗУБР" з 2021 года. Машына здольна працаваць у самых суровых умовах, развіваць хуткасць да 40 км/г, а яе непасрэднае прызначэнне – пошук і выратаванне людзей.
© Sputnik / Сергей Пушкин
Супрацоўнікі МНС прызнаюцца, што ўсюдыход прымяняецца нячаста, але, напрыклад, на мінулым тыдні працаваў у Чэрвеньскім раёне – шукаў жанчыну, якая згубілася ў лесе. Місія скончылася паспяхова.
Але, бадай, самую вялікую аўдыторыю на віцебскай ВДНГ сабралі не трактары, грузавікі, камбайны, кар’рныя самазвалы і пажарныя машыны, а мілыя лабрадоры Дарк і Гром.
© Sputnik / Сергей Пушкин
Абодва служаць у атрадзе "ЗУБР". У Дарка (чорны на фота) у паслужным спіску – удзел у гуманітарнай місіі: у лютым 2023 года пасля разбуральнага землятрусу ў Турцыі дапамагаў шукаць людзей пад заваламі.
"Забойца дронаў" і карабель вікінгаў
У той жа час каля летняга амфітэатра, дзе звычайна праходзяць фестывальныя мерапрыемствы знакамітага "Славянскага базару", пад вялізнымі белымі падстрэшкамі размясціліся стэнды рэгіёнаў і розных прадпрыемстваў.
Ва ўсёй гэтай разнастайнасці складана было не заўважыць гістарычны стэнд, на які завезлі аўтэнтычны карабель вікінгаў – снэкар. Менавіта на такіх суднах скандынавы перамяшчаліся па водным шляху "з варагаў у грэкі", які праходзіў, у тым ліку, па тэрыторыі сучаснай Беларусі. Снэкары будавалі з лёгкай драўніны, таму яны былі вельмі манеўраныя і развівалі хуткасць да 5-6 вузлоў.
© Sputnik / Сергей Пушкин
Дзяржкамваенпрам на сваім стэндзе чарговы раз паказаў радыёэлектронную стрэльбу для барацьбы з мультыкоптарамі "Навальніца Р-5", яе выкарыстоўваюць у асноўным пагранічнікі для перахопу беспілотнікаў-"нелегалаў".
Прэзентавалі свае стэнды і многія прамыслоўцы – Беларускі металургічны завод, "Гарызонт", холдынг "Аўтакампаненты", 407-ы завод грамадзянскай авіяцыі.
© Sputnik / Станислав Лобатый
Ацаніць апошнія поспехі Беларусі і Расіі ў імпартазамяшчэнні ўсе жадаючыя змогуць да 30 чэрвеня ўключна.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"