На Полацкім напрамку нашы войскі вялі наступальныя баі, у ходзе якіх авалодалі раённымі цэнтрамі Віцебскай вобласці горадам Ушачы, Ветрына, а таксама занялі больш як 150 іншых населеных пунктаў, у тым ліку буйныя населеныя пункты Лысая, Валюшчына, Астраўляне, Туржац 1-ы і 2-і, Варонен, Арэхава, Кублічы і чыгуначная станцыя Ветрына. Нашы войскі перарэзалі чыгунку Полацк – Маладзечна.
* * *
На Мінскім напрамку нашы войскі, развіваючы паспяховае наступленне, з баямі выйшлі да ракі Бярэзіна на поўнач ад горада Барысаў на ўчастку працягласцю 60 кіламетраў, заняўшы пры гэтым больш як 200 населеных пунктаў, у ліку якіх буйныя населеныя пункты Ражно, Дамжэрыцы, Пераходцы, Бараны, Крацэвічы, Хал-Халец, Кішчына-Слабада, Бытча, Жыцькава, Млехава, Мужанка.
* * *
На захад ад горада Магілёў нашы войскі, праследуючы адступаючага праціўніка, прасунуліся наперад да 35 кіламетраў і занялі больш за 500 населеных пунктаў, сярод якіх раённы цэнтр Магілёўскай вобласці горад Бялынічы, буйныя населеныя пункты Цяцерын, Галоўчын, Аляшковічы, Асавец, Калінаўка, Тэхцін, Вялікія Бялевічы, Калічэнка, Золатва, Гарадзец, Доўгае і чыгуначныя станцыі Вендрыж, Семуковічы. На шэрагу ўчасткаў нашы войскі фарсіравалі раку Друць.
* * *
Войскі 1-га Беларускага фронту 29 чэрвеня штурмам авалодалі горадам і буйной чыгуначнай станцыяй Бабруйск, а таксама з баямі занялі больш за 200 іншых населеных пунктаў, у тым ліку буйныя населеныя пункты Свіслач, Кастрычнік, Ясень, Дараганава, Мязовічы, Крынка, Солан, Макарычы, Гасціно, Зелянькі, Забалацце і чыгуначныя станцыі Ясень, Татарка, Дзераўцы, Дараганова.
Разбітая нямецкая тэхніка ў раёне Бабруйскага "катла", 29 чэрвеня 1944 года
© Sputnik / Александр Капустянский
* * *
Нашы войскі завяршылі ліквідацыю акружанай у раёне Бабруйска групоўкі немцаў. Пры ліквідацыі акружанай групоўкі праціўніка нашы войскі знішчылі больш за 16.000 нямецкіх салдат і афіцэраў і ўзялі ў палон 18.000 нямецкіх салдат і афіцэраў.
На працягу 28 чэрвеня нашы войскі на ўсіх франтах падбілі і знішчылі 278 нямецкіх танкаў. У паветраных баях і агнём зенітнай артылерыі збіты 71 самалёт праціўніка.
Налёты нашай авіяцыі на чыгуначныя вузлы Баранавічы, Лунінец, Мінск і Полацк
У ноч на 29 чэрвеня наша авіяцыя здзейсніла масіраваныя налёты на чыгуначныя вузлы Баранавічы, Лунінец, Мінск і Полацк.
У момант налёту на чыгуначным вузле Баранавічы знаходзілася шмат эшалонаў з войскамі і ваеннай тэхнікай праціўніка. У выніку бамбардзіроўкі на тэрыторыі вузла ўзнікла 15 ачагоў пажару. Лётчыкі назіралі, як гарэлі эшалоны і ваенныя склады. На чыгуначным вузле Лунінец падпалены тры эшалоны.
Асабліва інтэнсіўны налёт наша авіяцыя здзейсніла на чыгуначны вузел Мінск. Пажар ахапіў значную частку тэрыторыі вузла. Гарэлі эшалоны і вайсковыя склады. На чыгуначным вузле Полацк у выніку бамбардзіроўкі ўзнікла 6 ачагоў пажару, які суправаджаўся моцнымі выбухамі.
* * *
На Полацкім напрамку праціўнік, выкарыстоўваючы зручную для абароны лясіста-балоцістую мясцовасць, багатую на азёры і рэкі, аказваў упартае супраціўленне. Бязлітасныя баі адбыліся на мяжы ракі Ушача. Немцы пабудавалі тут паласу абароны і спрабавалі на гэтым участку затрымаць прасоўванне савецкіх войск.
Часці Н-скага злучэння разграмілі праціўніка і занялі вузел грунтавых дарог і апорны пункт немцаў Ушачы. Нашы рухомыя групы пераправіліся цераз раку, імкліва прасунуліся наперад, перарэзалі чыгунку Полацк – Маладзечна і занялі раённы цэнтр Віцебскай вобласці Ветрына.
* * *
На Мінскім напрамку нашы войскі праследуюць па пятах праціўніка, які адступае ў беспарадку, не даючы яму магчымасці замацавацца на прамежных рубяжах. Савецкія танкісты і кавалерысты нагналі на Мінскай шашы і разграмілі вялікую аўтакалону немцаў. На працягу некалькіх дзесяткаў кіламетраў дарога завалена разбітымі гарматамі, аўтамашынамі і трупамі гітлераўцаў. Захоплена больш за 2.000 аўтамашын з грузамі.
* * *
Войскі 1-га Беларускага фронту імклівай атакай з трох бакоў уварваліся ў Бабруйск і ў выніку бязлітасных вулічных баёў ачысцілі горад ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нямецкія войскі, акружаныя ў раёне Бабруйска, распачалі шалёныя, але беспаспяховыя спробы вырвацца з "катла". Пад ударамі савецкіх часцей праціўнік адкочваўся назад, высцілаючы поле бою тысячамі забітых салдат і афіцэраў. Сёння нашы войскі поўнасцю ліквідавалі акружаную варожую групоўку. Узята ў палон 18.000 нямецкіх салдат і афіцэраў. Захоплены вялікія трафеі.
Злева направа: член Ваеннага савета 3-га Беларускага фронту генерал-лейтэнант Васіль Емяльянавіч Макараў, Маршал Савецкага Саюза Аляксандр Міхайлавіч Васілеўскі, камандуючы фронтам генерал арміі Іван Данілавіч Чарняхоўскі прымаюць капітуляцыю нямецкага генерала. Віцебск, 28 чэрвеня 1944 года
© Sputnik / Анатолий Морозов
Страты праціўніка і трафеі войск 3-га Беларускага і 1-га Прыбалтыйскага франтоў за час наступальных баёў з 23 па 27 чэрвеня гэтага года
Войскі З-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерала арміі Чарняхоўскага, у выніку наступальных баёў, праведзеных з 23 па 27 чэрвеня гэтага года, нанеслі праціўніку наступныя страты ў жывой сіле і тэхніцы:
Знішчана: танкаў і самаходных гармат – 126, гармат розных калібраў – 796, мінамётаў – 290, кулямётаў – 2.852, аўтамашын – 1.840. Праціўнік пакінуў на полі бою больш за 32.000 трупаў сваіх салдат і афіцэраў.
За гэты ж час войскі 3-га Беларускага фронту захапілі наступныя трафеі: танкаў – 36, самаходных гармат – 33, гармат розных калібраў – 652, мінамётаў – 514, кулямётаў – 1.774, вінтовак і аўтаматаў – 13.380, радыёстанцый – 163, аўтамашын – 3.300, цягачоў – 25, паравозаў – 32, вагонаў – 1.540, коней – 2.266, акладаў з боепрыпасамі, узбраеннем, рыштункам і харчаваннем – 225.
Узята ў палон больш за 20.000 нямецкіх салдат і звыш трохсот афіцэраў, у тым ліку камандзір 53-га армейскага корпуса генерал ад інфантэрыі Гольвіцэр, камандзір 206-й пяхотнай дывізіі генерал-лейтэнант Хітэр і начальнік штаба 53 армейскага корпуса палкоўнік Шміт.
Такім чынам, агульныя страты немцаў па галоўных відах баявой тэхнікі і жывой сіле за пяць дзён наступальных баёў 3-га Беларускага фронту складаюць: палоннымі і забітымі – 52.000 чалавек, танкаў і самаходных гармат – 195, гармат рознага калібру – 1.448, мінамётаў – 804, кулямётаў – 4.626, аўтамашын – 5.140.
Кінутая і знішчаная тэхніка 9-й нямецкай арміі на дарозе пад Цітоўкай/Бабруйскам
© Photo : Public Domain
* * *
Войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту, пад камандаваннем генерала арміі Баграмяна, у выніку наступальных баёў, праведзеных з 23 па 27 чэрвеня гэтага года, нанеслі праціўніку наступныя страты ў жывой сіле і тэхніцы:
Знішчана: танкаў і самаходных гармат – 269, гармат рознага калібру – 252, мінамётаў – 170, кулямётаў – 1.009, аўтамашын – 1.026. Праціўнік страціў толькі забітымі больш за 20.000 салдат і афіцэраў.
За гэты ж час войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту захапілі наступныя трафеі: танкаў – 31, гармат рознага калібру – 374, мінамётаў – 156, кулямётаў – 1.093, вінтовак і аўтаматаў – 10.565, супрацьтанкавых стрэльб – 137, аўтамашын – 1.424, паравозаў – 9, чыгуначных вагонаў і платформ – 30, коней – 595, складоў з боепрыпасамі, узбраеннем, рыштункам і харчаваннем – 225.
Узята ў палон больш за 5.000 нямецкіх салдат і афіцэраў.
Такім чынам, агульныя страты немцаў па галоўных відах баявой тэхнікі і жывой сіле за час наступальных баёў 1-га Прыбалтыйскага фронту складаюць: палоннымі і забітымі – 25.000 чалавек, танкаў і самаходных гармат – 300, гармат рознага калібру – 626, мінамётаў – 326, кулямётаў – 2.102, аўтамашын – 2.450.
У выніку наступальных баёў, праведзеных у цесным узаемадзеянні двух франтоў – 3-га Беларускага і 1-га Прыбалтыйскага, – і акружэннем і знішчэннем віцебскай групоўкі праціўніка, якія завяршыліся, і вызваленнем горада Віцебск, страты немцаў па галоўных відах баявой тэхнікі і жывой сіле складаюць: палоннымі і забітымі – 77.000 чалавек, танкаў і самаходных гармат – 495, гармат розных калібраў – 2.074, мінамётаў – 1.130, кулямётаў – 6.728, аўтамашын – 7.590.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"