МІНСК, 5 ліп – Sputnik. Украінская артылерыя і бронетэхніка, размешчаныя паблізу мяжы з Беларуссю, могуць выкарыстоўвацца як падтрымка для дзеянняў дыверсантаў, заявіў намеснік начальніка Генеральнага штаба УС рэспублікі Уладзімір Купрыянюк падчас брыфінгу.
Паводле яго слоў, у непасрэднай блізкасці ад дзяржаўнай мяжы ўкраінскія вайскоўцы размясцілі свае спецпадраздзяленні. Гэта можа ацэньвацца толькі як адзін з этапаў для падрыхтоўкі закідвання дыверсантаў на беларускую тэрыторыю.
"У цэлым, ва ўмовах нарошчвання прысутнасці падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння, наёмнікаў і розных добраахвотніцкіх фарміраванняў у прыгранічных раёнах захоўваецца высокая верагоднасць падрыхтоўкі і правядзення на нашай тэрыторыі ўзброеных правакацый, а таксама рэзанансных акцый", - лічыць Купрыянюк.
Пры гэтым намеснік начальніка Генштаба запэўніў, што нягледзячы на складанае становішча на паўднёвай мяжы, беларускі бок не збіраецца нагнятаць сітуацыю. Але разам з саюзнікамі беларускія вайскоўцы адрэагуюць на любыя правакацыі.
У цяперашні час беларуская армія разам з іншымі сілавымі ведамствамі выконвае задачы па ўзмацненні аховы мяжы з Украінай. Таксама рэгулярна праводзяцца сумесныя трэніроўкі.
"Для прыкрыцця асноўных дарожных напрамкаў спланаваны манеўраныя дзеянні агульнавайсковых падраздзяленняў пры падтрымцы ракетных войск і артылерыі, а таксама баявой авіяцыі", - расказаў Купрыянюк.
Ён дадаў, што для абароны дзяржаўных і ваенных аб’ектаў былі павялічаны дзяжурныя сілы СПА і разгорнуты дадатковыя сілы радыёэлектроннай барацьбы.
Становішча пастаянна адсочваецца з дапамогай спецыяльных сродкаў назірання і беспілотнікаў – у гэтай працы задзейнічаны ўсе падраздзяленні арміі.
"Створаная аператыўная сістэма рэагавання дае магчымасць у любы час гарантаваць ваенную бяспеку нашай дзяржавы. Мяркуем, што нас пачуюць і нам удасца не дапусціць далейшай эскалацыі", - падсумаваў намеснік начальніка Генштаба.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"