Біяграфія Купалы настолькі насычаная, што хапіла б не на адно жыццё. Вось толькі некаторыя, найбольш ёмістыя звесткі.
Верасень 1915 года Купала сустрэў у Маскве ў Народным універсітэце. Але ж ужо ў студзені 1916-га паэта прызвалі ў армію, дзе ён служыў у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін у Мінску, Полацку, а таксама ў Смаленску, дзе і сустрэў Кастрычніцкую рэвалюцыю.
Спадчына
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Памiж сваiх i чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
Аб ёй мне баюць казкi-сны
Вясеннiя праталiны,
I лесу шэлест верасны,
I ў полi дуб апалены.
Аб ёй мне будзiць успамiн
На лiпе бусел клёкатам
I той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам;
I тое нуднае ягнят
Бляянне-зоў на пасьбiшчы,
I крык варонiных грамад
На могiлкавым кладбiшчы.
I ў белы дзень i ў чорну ноч
Я ўсцяж раблю агледзіны,
Цi гэты скарб не збрыў дзе проч,
Цi трутнем ён не з’едзены.
Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны светач-полымя,
Што сярод цемры i глушы
Мне свецiць мiж вандоламi.
Жыве з iм дум маiх сям’я
I снiць з iм сны нязводныя…
Завецца ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.
Родныя песні
Гэй, родныя песні! Вы ў суме і ў горы,
Ці ночка пануе, ці сівер дзьме зімны, –
Для роднай зямелькі вы – светлыя зоры,
Для роднага краю вы – райскія гімны!
У вас адаб’ецца нядоля і доля,
Ўздыханні, што ходзяць з сахою, з сякерай,
І холад, і голад, няволя і воля,
І ў будучнасць ясну надзея і вера.
На свеце на белым і праўдай і чэсцяй
Гандлююць, збываюць за фальш і няславу;
Вы ж, песні, і светам маглі бы затрэсці,
Паклікаць к змаганню за добрую справу.
На рукі людскія наложаць аковы.
Край стопчуць, заграбяць чужыя народы, –
У песнях жа родны край, родныя словы
Жылі і жывуць, і жыць будуць заўсёды.
Гэй, песні, гэй, звон Беларусі загнанай!
Зайграйце пацехай на родным загоне,
Што ўжо няма болей няволі, кайданаў
І людзі не стогнуць, як стогнуць сягоння!
Прарок
Сярод маны, сярод насмешкаў,
Знак нейкі тулячы к грудзям,
Ішоў прарок пясчанай сцежкай
З навукай новаю к людзям.
Праціўны вецер лез у вочы
І плачам пеў, як дзіцянё,
Звяр’ё зубамі йграла ўночы,
Днём выла ў небе груганнё.
А ён, не знаючы граніцаў,
Ішоў, хістаючысь наўслонь;
Агонь біў толькі з-пад зраніцаў,
Вялікіх праўд святы агонь.
Душа палала дзіўным жарам,
Бы з зораў выснутая ніць,
Што свет магла б сваім пажарам
Абвіць і к сонцу ўваскрасіць.
Ужо з сваім аклічным словам
Прарок далёка быў вядом,
Народу шмат збудзіў к дням новым,
Даў славу братнюю братом.
Аж так дасяг – аквечан хвалай –
Зямлі забранай сумных хат,
Дзе царства цемры панавала,
Дзе сілу ўзяў над катам кат.
Народ змарнеўшы таго краю
Свайго нат імені не знаў,
Як непатрэбшчына якая,
Гібеў на свеце і канаў.
Галовы людзі пахіліўшы,
Зямлю капалі, як краты,
Ўтапіўшы ў мёртвай ночнай цішы
Усе жаданні яснаты.
Прарок – пасол святла – ў загону
Людзей убачыўшы такім,
Маячыць стаў ім, як шалёны,
Прарочым голасам сваім:
"Паўстаньце, рабскія натуры,
Пакіньце свой адвечны сон,
Загаманіце віхрам, бурай,
Каб ажна дрогнуў ваш палон!
Глядзіце: прадзедавы косці
Ў зямлю калісь за вас ляглі,
А вы, як збэшчаныя госці,
Пракляццем сталі той зямлі.
Дзе вашы песні жыватворны?
Дзе ў вас прарокі й дудары,
Што над пагібельнасцяй чорнай
Віталі б полымем зары?
Забылі ўсё, згубілі долю,
Змяшалі славы цвет з гразёй
І запрадаліся ў няволю,
З душой і скурай счэзлі ў ёй.
Пара у рукі браць паходні,
Ўставаць, ісці, ноч рассвятляць!
Бо што не возьмеце сягоння,
Таго і заўтра вам не ўзяць.
Назло крывавым перашкодам
Скідайце ёрмы, клічце сход,
І дайце знаць другім народам,
Які вы сільны йшчэ народ!
За мной, за мной, забраны людзе!
Я добрай доляй послан к вам
І знаю, што было, што будзе,
І вас у крыўды не аддам".
Так гаварыў і з рабства клікаў
Людзей на волю той прарок,
Ждучы з трывогаю вялікай
Ад іх адказу неўнарок.
А людзі, глянуўшы на сонца,
Адказ казалі грамадой:
– Па колькі ж нам дасі чырвонцаў,
Калі мы пойдзем за табой?
Явар і каліна
Песняй вясны лебядзінаю,
Скінуўшы зімнія чары,
Шэпчуцца явар з калінаю
Ў сумнай даліне над ярам.
Лісцікі зеленяй хваляцца
Небу панятлівай мовай:
Росамі мыюцца раніцай,
Песцяцца сонцам паўднёвым.
Захадам модлы пакорныя
З маткай-зямлёй адпраўляюць;
Тайна у ночаньку чорную
Месяца, зор выглядаюць.
Слухаюць смехаў русалчыных,
Лопату крылляў начніцы,
Ветру павеваў ап’янчаных,
Плюскату шклістай крыніцы.
Чуецца музыка дзіўная
У повесцях сонных імшараў…
Цешыцца явар з калінаю,
Скінуўшы зімнія чары.
А хто там iдзе?
А хто там iдзе, а хто там iдзе
У агромнiстай такой грамадзе?
– Беларусы.
А што яны нясуць на худых плячах,
На руках у крывi, на нагах у лапцях?
– Сваю крыўду.
А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,
А куды ж нясуць напаказ сваю?
– На свет цэлы.
А хто гэта iх, не адзiн мiльён,
Крыўду несць наўчыў, разбудзiў iх сон?
– Бяда, гора.
А чаго ж, чаго захацелась iм,
Пагарджаным век, iм, сляпым, глухiм?
– Людзьмi звацца.
Гусляр
Гэй, гусляр, гусляр!
Ты удар, удар
Па струнах-званах,
Дай нам з песень дар,
Дум вялікіх чар,
К сонцу зорны шлях,
Дай, гусляр, гусляр!
Дзе залёг абшар
Курганоў – ахвяр,
Сей, засей прасвет.
Ты слуга і цар,
Ты – дудар-званар, –
Чуе, знае свет…
Эй, гусляр, гусляр!
Перавалы хмар,
Цемру, зводы мар
Выжый звонам струн;
Як вялік і стар
Свет, зямлі папар,
Ты ад гумн да гумн
Запануй, гусляр!
Дай паходням жар,
Лінь жыццё ў бор-яр,
Не мінай акон;
Строй ваякаў шар,
Кроў сагрэй, як вар,
Сказам новых дзён…
Грай, будзі, гусляр!
Алеся
Кукавала зязюля
У зялёным лесе,
Гадавала матуля
Дачушку Алесю.
Гаманіў бор сасновы
Ўвечары і ранкі,
Над калыскай ліповай
Пела калыханкі.
– Спі, засні, мая дзетка,
Птушкі ўжо заснулі,
Спі, засні, мая кветка,
Люлі, люлі, люлі.
– Спі, не ведай трывогі,
Надыдзе часінка, –
На свае ўстанеш ногі,
Мая ты дзяўчынка.
Будзеш кужаль ты прасці,
Будзеш ткаці кросны,
Выглядаў долі, шчасця
Ў маладыя вёсны.
Кукавала зязюля
У зялёным лесе,
Не згадала матуля,
Што выйдзе з Алесі.
Як набралася моцы
Матчына дачушка,
Паляцела да сонца
Пералётнай птушкай.
Паляцела дзяўчына
Самалётам гонкім
Над шчаслівай краінай,
Над роднай старонкай.
Адчыняе вароты
Нябесным маршрутам
Ці як ястраб з высотаў
Скача з парашутам.
І да сонца праз хвілю,
А ўсё вышай, вышай!
Самалётавым крыллем
Воблакі калыша.
Стара маці днём, ночкай
Марыць ля аконца:
Ужо к прасніцы дочка
Не зляціць з-пад сонца.
Кукавала зязюля
У зялёным лесе,
Не згадала матуля,
Што выйдзе з Алесі.
Генацвале
Снег бялеецца ў вышынях,
На гары, на стромкай скале,
Кветкі квецяцца ў даліне, –
Ў сонцы, ў кветках Генацвале.
Было люба мне ў Цхалтуба,
Ў жыватворнай цёплай цхалі,
Было люба, як галубіў
Цябе ў думках, Генацвале.
Ты лячыла ўсмешкай мілай,
Твае лекі чаравалі,
Сны чароўныя будзіла
Ты, грузінка, Генацвале.
Ой, паеду я далёка,
Сэрца сціснецца ад жалю,
Будзе сумна, адзінока
Без цябе мне, Генацвале.
Будуць сніцца скалы, горы,
Грузіі цудоўнай далі,
І адна ты з ясных зораў
Сніцца будзеш, Генацвале.
Эліко, маё світанне,
Смутна зоркі мне міргалі…
"Суліко" на адвітанне
Праспявай мне, Генацвале!
Хлопчык і лётчык
Мой мілы таварыш, мой лётчык,
Вазьмі ты з сабою мяне!
Я – ведай – вялікі ўжо хлопчык
І ўмею ўжо лётаць у сне.
Мне мама сягоння казала,
Што стукнула мне ўжо сем год,
Табе гэта, можа, і мала,
А мне ляцець толькі ў палёт.
Мне ўжо надакучыла дома –
Ў дзіцячы хадзі адно сад,
А так паглядзеў бы, вядома,
На іншы парадак і лад.
Вазьмі ж мяне, лётчык, хачу я
Пабыць у людзях, паглядзець,
Як месяц на небе начуе,
Як блукае ў лесе мядзведзь,
Як свецяцца ночкаю зоры,
А днём не відаць іх чаму,
Як рэчкі ў далёкія моры
Улетку плывуць і ўзіму.
На моры зірнуць хоць раз вокам,
Як ходзяць па іх караблі,
Ляцеці далёка, высока
Ды так пабываць і ў Крамлі.
І там з-пад нябеснае далі,
Грымнуць громка ўсімі грудзьмі:
– Дзень добры, таварыш наш Сталін!
Паклон з самалёта прымі!
Вось гэтак у добрым здароўі
Мы будзем ляцець і ляцець.
Вазьмі ж мяне, лётчык, з сабою,
Не будзеш ты клопату мець!
Аб дзяўчыне
Аб дзяўчыне яшчэ не пяяў,
Бо дагэтуль не знаў ўсіх прынад,
Сёння йдзе ў думку шмат новых з’яў,
Дык і ў песні па-новаму лад.
Маладую дзявочу красу
Не змалюеш, не спішаш пяром…
Бо хто ж летню змалюе расу,
Спіша хто птушын шчэбет і гром?
І я толькі яе хараству,
Як умею, аддам песняй дань…
Прытупіў сэрца я аб жарству
Год цяжкіх, што мінулі, як здань.
Вось яна – цуд-дзяўчына мая,
Нібы казкі чароўнай жар-цвет!
Я шапчу ёй: – Зірні, паспрыяй!
Дык куды?! Іншы сніцца ёй свет.
Вочкі спусціць на грудкі, на дол, –
Так ідзе і набок не зірне,
А прывабны прыпол і падол,
Аж смяюцца з мяне, да мяне!
Яе сонца ад ног да калень,
Ад калень да грудзей і да губ
Атуляе ў пяшчотны прамень,
Бы спраўляе заручыны-шлюб.
Я гляджу, сам не свой, як у сне,
Цень на сэрцы, у думках імгла…
Ці была тут дзяўчына, ці не?.. –
Яна ўпобачкі з сонцам пайшла!