Дэфіцыт, рамантыка і вечная мерзлата: навошта камсамольцы ехалі на БАМ

Эпахальнае стварэнне Байкала-Амурскай магістралі (БАМ) пачыналі некалькі разоў, але самая маштабная будоўля, мабыць, была ў брэжнеўскія часы.
Sputnik
На будоўлях Байкала-Амурскай магістралі (БАМ) у брэжнеўскія часы студэнтам можна было добра зарабіць, але гэта быў не галоўны стымул. Чаму з БССР ехалі на далёкі БАМ, карэспандэнту Sputnik Беларусь расказаў ветэран студатрадаўскага руху Анатоль Аркадзьевіч Аладзьін.
У другой палове 1970-х ён быў студэнтам Белдзяржуніверсітэта, тады БАМ грымеў на ўвесь Савецкі Саюз. На XVII з’ездзе УЛКСМ, які праходзіў 23-27 красавіка 1974 года, гэты праект аб’явілі Усесаюзнай ударнай камсамольскай будоўляй. Першы будатрад сабралі проста там, на з’ездзе.
Будатрадавец Анатоль Аладзьін

Пяць гадоў на БАМе

"Калі я служыў у арміі, то ведаў, што ў 1974 годзе майскія дэмбелі з маёй часці паехалі на БАМ. Іх было 40 чалавек, яны праз райкам камсамола паехалі арганізавана. Гэта значыць усеагульны маладзёжны ўздым быў у краіне", - успамінае Анатоль Аркадзьевіч.
Сам ён паехаў на БАМ у 1978 годзе – таксама арганізавана ў складзе студэнцкага будатрада. Гэта лічылася заахвочваннем.

"Мы – тое пакаленне, якое вельмі добра ведала, за што дадзены ордэны, якія ёсць на сцягу УЛКСМ. Там быў ордэн за ўдарны ўздым цаліны, за яшчэ нешта. А што нашаму пакаленню? Вось нам падавалася, што гэта будаўніцтва БАМа. Гэта эпахальная рэч. Нічога падобнага ў свеце не было", - распавёў субяседнік Sputnik.

Маладым людзям хацелася быць датычнымі да гэтага праекта, а грошы, паводле слоў Анатоля Аладзьіна, "з’явіліся ўжо потым". БАМ застаўся ў памяці як частка маладосці. Туды студэнт Аладзьін ездзіў кожнае лета з 1978 па 1982 гады.
У 1970-х яшчэ не было БелАЗаў такога памеру. Для БАМа закуплялі паўночнаамерыканскія Lectra Haul

Колькі зараблялі

Усё ж на вялікую будоўлю за Уралам моладзь імкнулася не толькі з-за патрыятычнага ўздыму, але і для заробку. Нават вядомую песню жартам перарабілі: "А я еду, а я еду за деньгами. За туманом едут только дураки".
У сямідзесятых, калі Анатоль Аладзьін вучыўся ў БДУ, стыпендыя была каля 40 савецкіх рублёў, а на БАМе за летні сезон можна было зарабіць ад адной да дзвюх тысяч рублёў і нават больш. Дзякуючы гэтаму, студэнт Аладзьін купіў сабе люстраны фотаапарат "Зенит", які каштаваў больш за сотню, а таксама аматарскую кінакамеру і іншую кіна- і фотатэхніку. Немалую суму адклаў на будучыню.
"Я разумеў, што мне трэба і сям’ю ствараць... Таму як бы так асабліва не стаў транжырыць", - растлумачыў Анатоль Аркадзьевіч.
Будучы студэнтам у канцы 1970-х і пачатку 1980-х, ён яшчэ не ведаў, што літаральна праз некалькі гадоў СССР распадзецца, а перад гэтым зберажэнні шматлікіх людзей пойдуць прахам з-за "паўлаўскай" грашовай рэформы. Так здарылася і з большай часткай "БАМаўскіх" рублёў нашага героя.
З часоў БАМа ў Анатоля Аладзьіна засталася вялікая калекцыя слайдаў
Затое засталіся ўспаміны, а з матэрыяльнага – шмат слайдаў, фота і нават васьміміліметровыя кінастужкі, якія студэнт Аладзьін наздымаў за час працы на БАМе.

Дэфіцыт

Калі ўжо казаць пра матэрыяльны бок, то праца на БАМе была каштоўная яшчэ і тым, што там можна было дастаць дэфіцытныя тавары.
"Напрыклад, гэта парасоны-аўтаматы, якія тут днём з агнём было не знайсці", - расказаў Аладзьін.
На складах у БАМа быў шмат цікавага для савецкага чалавека, у тым ліку тавары з капкраін. Будатрады дамаўляліся, каб ім прывозілі гэтыя тавары на продаж. Гэта было нешта накшталт прамтаварнай аўтакрамы.
Прадавалі кажухі, скураныя плашчы і шматлікае іншае. Дзяўчаты куплялі сабе якасную пражу, каб вязаць світэры. А вось студэнт Аладзьін купіў там даволі нечаканы для нашага часу сюрпрыз для блізкіх – электрычны самавар.

Вечная мерзлата

Прыродныя ландшафты, праз якія праходзіць БАМ, разнастайныя. Працягласць магістралі – больш за 4,3 тыс кіламетраў. Калі праехаць па ўсім шляху, можна ўбачыць і Байкал, і Тайгу, і сопкі. Кліматычныя асаблівасці рэгіёнаў таксама розныя.
Для Анатоля Аркадзьевіча прырода Сібіры і Далёкага Усходу не была ў навінку, бо ён нарадзіўся ў Прыморскім краі і пражыў там да 15 гадоў, пакуль сям’я не пераехала ў Беларусь. Але для многіх маладых жыхароў БССР паездка на "БАМаўскую" будоўлю была своеасаблівай экзотыкай. Многія сапраўды ехалі "за туманом, за мечтами и за запахом тайги".
У зоне вечнай мерзлаты летам можна хадзіць без майкі
Будатрады, як правіла, выляталі з Мінска ў Маскву самалётамі. Рабілі калектыўнае фота на памяць на Краснай плошчы і зноў на самалёт – у Іркуцк. Адтуль ехалі тры дні на цягніку да Тынды. У акно можна было ўбачыць забайкальскія стэпы, сопкі і іншыя прыгажосці.
"Для мяне ўсе гэтыя не было навіной, а вось вечная мерзлата для мяне быў сюрпрыз. На штык здымаеш зямлю, а далей камяні з лёдам", - успамінае Анатоль Аркадзьевіч.
Рэгіён вечнай мерзлаты – гэта не снег і завіруха круглы год. Летам даволі горача, а ўвечар і ўначы часам патрэбна зімовая куртка.

Чым харчаваліся на БАМе

Экзатычнай ежы на будоўлях не было. Будатрады закупляліся на харчовых базах. Елі макароны, грэчку з мясам ці тушонкай. Калі жаночая частка атрада ўспявала павазіцца з гатаваннем даўжэй, то маглі быць катлеты.
Варылі розныя супы, капусту. Дарэчы гэтыя стравы амаль заўсёды былі з мясам. Рыбны суп на памяці Анатоля Аладзьіна за некалькі гадоў быў толькі адзін раз.
Часам на вячэру бывала манка, але народу, які ўвесь дзень цягаў бярвенне або мяшаў бетон, гэта не вельмі падабалася, таму "дзетсадаўская" каша не прыжылася.
Сняданак на прыродзе. Будаўнікі БАМа падмацоўваюцца
Сухога закону як такога не было, спіртное спакойна прадавалася ў крамах. Менавіта на БАМе студэнт Анатоль упершыню ў жыцці ўбачыў бутэльку з этыкеткай "Спирт питьевой". Каштавала яна прыкладна як дзве бутэлькі гарэлкі – дзесяць савецкіх рублёў. З самой гарэлкай было складаней. Яе завозілі, але яна хутка знікала з крам.
Было на прылаўках і шампанскае, а таксама малдаўскае каберне, але гэтым няхітрым асартыментам, як і напоямі мацней, ніхто асабліва не захапляўся. Па-першае, прыязджалі ўсё ж такі працаваць. Па-другое, быў вызначаны графік працы крам, які не вельмі зручны для працоўных.
"Адзіночных п’янак не было. Калектыўныя ў выглядзе адзначэння дня будаўнікоў і дня імянінніка – гэта было", - прызнаўся Анатоль Аркадзьевіч.

Карагін

У любым выпадку, каб народ не дазваляў сабе лішняга, каб своечасова прыбыла перадавая група і стварыла лагер для будатрада, патрэбен добры арганізатар. У гутарцы з Анатолем Аладзьіным мы не маглі не ўспомніць легендарнага Уладзіміра Мікалаевіча Карагіна, якога, на жаль, ужо няма ў жывых, ён памёр 2 лістапада 2020 года.
Карагін быў, у тым ліку, адным з тых, хто вывеў беларускія студэнцкія будатрады на БАМ. Менавіта ён камандаваў Беларускім ударным камсамольска-маладзёжным атрадам імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі.
Уладзімір Мікалаевіч добра ладзіў з людзьмі і разбіраўся ў будаўнічай справе, хаця першая спецыяльнасць была звязана з філасофіяй.
Вучачыся ў БДУ на дзённым аддзяленні, па сваёй ініцыятыве хадзіў да "вячэрнікаў" на лекцыі ў Беларускі дзяржаўны політэхнічны інстытут (цяпер гэта Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт). Адсюль і веды, як кіраваць будоўлямі, якая для чаго патрэбна тэхніка і гэтак далей.
Карагін умеў добра падабраць калектыў для будатрада і з нейкага моманту набіраў туды і студэнтаў, і маладых спецыялістаў. У атрадах з БССР маглі быць свае бульдазерысты і іншыя спецыялісты, што спрашчала работу.
Анатоль Аладзьін у пасёлку Залацінка Нерюнгрынскага раёна Якуціі (цяпер гэта станцыя Іенгра)

Што будавалі

Працы былі розныя, але важна разумець, што моладзь і студэнты, як правіла, непасрэдна саму магістраль не будавалі. Але БАМ – гэта не толькі чыгуначныя пуці. Трэба было будаваць населеныя пункты са ўсёй інфраструктурай, у тым ліку электрастанцыямі.
Будаўнікі-студэнты пакідалі БАМ у канцы лета, а іншыя спецыялісты заставаліся. У краях, дзе зімой маразы могуць быць да мінус 40 і нават 50, трэба неяк абаграваць і сябе, і тэхніку.
"Справа ў тым, што ва ўмовах якуцкай зімы рухавік, калі яго выключыць, завесці немагчыма. Таму былі пабудаваны ангары, а ўнутры трубы, праз якія падавалася цяпло вентылятарам. Можаце ўявіць дыяметр трубы, куды ўваходзіць нос машыны КРАЗ?" - распавёў Анатоль Аладзьін.
Студэнты ўзводзілі жыллё, электрастанцыі, спецыяльныя гаражы з падагрэвам для буйнагабарытнай тэхнікі. Беларускія будатрады займаліся, у асноўным, пасёлкам Сярэбраны Бор на поўдні Якуціі, які фактычна быў зроблены з нуля.

Адпачынак

Выхадныя, вядома, у будатрадах былі, але была і дадатковая нагрузка – агітбрыгада. Трэба было ездзіць і выступаць перад мясцовым насельніцтвам у школах і на прадпрыемствах, а часам і ў адкрытым полі.
Выступалі з канцэртамі. У тым ліку гэта былі аналагі сучасных стэндапаў. Былі і таленты з добрымі вакальнымі данымі. Студэнты-фізкультурнікі паказвалі прыёмы каратэ, ламалі цэглу, што тады выклікала фурор.
Мінскія студэнты-фізкультурнікі ладзілі для жыхароў Якуціі каратэ-шоу
Або ж трэба было чытаць насельніцтву лекцыі, расказваць пра тое, што адбываецца ў іншых частках СССР. У аддаленых раёнах на БАМе не заўсёды добра лавілася радыё, не ўсюды рэгулярна паступалі газеты.

Заставайцеся з намі

БАМ стаў стымулам для пераезду моладзі ў гарады і пасёлкі далёка за Уралам. Стваралі сем’і і заставаліся, але не ўсе.
"Мясцовыя, вядома, нас вельмі моцна ўгаворвалі, прапаноўвалі заставацца. Быў недахоп людскіх рэсурсаў. Калі бачылі, што хлопцы працавітыя, то заўсёды казалі: "Тры гады – і "Жигули" у цябе ў кішэні. Пяць гадоў – "Волга" ў цябе ў кішэні". Казалі, што можна працягваць вучыцца завочна", - успамінае Анатоль Аркадзьевіч.
Пасёлак Сярэбраны Бор
Заставацца згаджаліся далёка не ўсе, але дружба з мясцовымі завязвалася. Многія ведалі: прыязджае беларускі будатрад – значыць прывязуць венікі для лазні. Гэта была своеасаблівая народная дыпламатыя не без удзелу Уладзіміра Карагіна.
На БАМе беларусы адкрывалі для сябе Сібір і Далёкі Усход, але пра сваю рэспубліку не забываліся.
"У нас заўсёды вісеў у лагеры флаг БССР, і заўсёды былі нашы буслы: або намаляваныя, або з дрэва зробленыя", - расказаў Анатоль Аладзьін.
У тыя часы візітнай карткай рэспублікі былі "Песняры" з песняй "Беларусь", якая пачыналася з радка: "Белый аист летит" . Песню гэтую любілі, а да беларусаў ставіліся дастаткова добра.
Пасёлак Сярэбраны Бор
У гэтым плане і зараз нічога не змянілася. Менавіта беларускіх будаўнікоў прыцягнулі для будаўніцтва касмадрома "Восточный". У найбліжэйшай будучыні плануецца і адпраўка будатрада на БАМ, які перажывае другое нараджэнне.

Кароткая гісторыя БАМа

Назва "Байкало-Амурская железнодорожная магистраль" з’явілася яшчэ ў 1930-х. Перад Вялікай Айчыннай вайной распачалі падрыхтоўчыя работы, а потым і будаўніцтва. Гэта працягвалася і пасля вайны, але ў 1950-х магістраль стала не такой актуальнай, будоўля на час спынілася.
Цікавасць да праекта ва ўлад вярнулася ў 1967 годзе. Было адноўлена праектаванне. У 1974 годзе на згаданым вышэй з’ездзе камсамола далі старт новай маштабнай будоўлі. Праз дзесяць гадоў было паложана "залатое" звяно.
Тады злучыліся дзве часткі БАМа, адну з якіх будавалі з усходу на захад, а іншую насустрач – з захаду на ўсход. Некаторыя працы працягваліся і пасля гэтага. Напрыклад, дарабляўся самы доўгі ў Расіі Паўночнамуйскі тунэль, які завяршылі толькі ў 2001 годзе.
У 1990-х на БАМе быў заняпад, у тым ліку з-за распаду СССР, але ў 2009 годзе аб’ёмы перавозак зноў пачалі расці. Цяпер магістраль загружана, і работы па павелічэнні прапускной здольнасці ідуць яшчэ з 2014 года. Плануецца мадэрнізацыя дарогі, каб па ёй маглі хадзіць цяжкавагавыя цягнікі.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Пуцін: на парадку дня – далейшая мадэрнізацыя БАМа