МІНСК, 9 ліп – Sputnik. Лета – адзін з самых складаных перыядаў для здароўя чалавека, і каб атрымаць ад гэтага сезона зарад бадзёрасці, а не абвастрэнне хранічных захворванняў, трэба выконваць звод простых правіл, адзначыў акадэмік Расійскай акадэміі навук Генадзь Анішчанка ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь у рамках відэамоста Масква – Мінск – Астана – Бішкек – Ерэван – Ташкент на тэму: "Біябяспека краін ЕАЭС".
Анішчанка нагадаў, што ў сярэдняй паласе з-за высокай вільготнасці паветра тэмпература ў трыццаць і больш градусаў пераносіцца складаней, чым саракаградусная спякота ў краінах Азіі. У такіх умовах надвор’я некаторыя людзі адчуваюць сябе прыгнечанымі, хутка ператамляюцца, губляюць апетыт. У зоне рызыкі перш за ўсё аказваюцца тыя, хто мае сардэчна-сасудзістыя захворванні, аднак ад цеплавога ўдару не застрахаваны ніводзін, нават зусім здаровы, чалавек.
Для таго, каб гэтага не здарылася, падкрэсліў акадэмік, важна прытрымлівацца шэрага нескладаных правіл.
Сіеста
Па-першае, паводле яго слоў, у спякоту трэба старацца выконваць сіесту і без вострай патрэбы не выходзіць на вуліцу ў перыяд з 10 да 17 гадзін. Калі ж тым часам усё ж даводзіцца апынуцца на вуліцы, то галаўны ўбор абавязковы.
"Адзенне павінна быць свабоднае, з натуральнай тканіны – ні ў якім разе не сінтэтыка – і пераважна светлых тонаў, якое адбівае святло. Гэта асабліва важна для людзей старэйшага пакалення і дзяцей, таму што ў малых тэрмарэгуляцыя арганізма яшчэ не ўстаялася", - расказаў Анішчанка
Як распазнаць сонечны ўдар
Акадэмік перасцярог, што, калі не выконваць гэтыя простыя патрабаванні, ёсць рызыка атрымаць сонечны ўдар. Дадзеная пагрозлівая жыццю хвароба мае шэраг сімптомаў і вельмі важна прыслухоўвацца да свайго арганізма, адзначыў ён.
"Гэта рассеяная ўвага, млявасць, млоснасць, слабасць з’яўляецца. Любая фізічная нагрузка толькі пагаршае стан. Калі з’явіліся такія сімптомы, трэба каб як можна хутчэй чалавек апынуўся ў памяшканні. І, вядома, выклікаць хуткую дапамогу", - даў параду Анішчанка.
Спякота і вада
Як ні парадаксальна, але акадэмік выказаўся супраць таго, каб сядзець у паўдзённую спёку ля вадаёма. Лепш пабыць дома, абмяжоўваючы рухі – проста паляжаць. І асабліва важна выконваць пітны рэжым, падкрэсліў ён.
"Гэта самае галоўнае, таму што (у спякоту пры руху - Sputnik) ідзе інтэнсіўнае вылучэнне вільгаці з потам. Гэта значыць, кроў становіцца больш вязкай і згушчаецца. Гэта асабліва небяспечна для тых, у каго ёсць схільнасць да ўтварэння тромбаў або варыкознае пашырэнне вен, як правіла, гэта датычыцца ніжніх канечнасцей", - сказаў Анішчанка.
Ён нагадаў, што ў спякоту трэба выконваць пітны рэжым і піць трэба не морс, квас або газіроўку, а простую ваду.
"У дзень, вядома, мы бяром 5 літраў. Гэта з першай, другой стравай, бяром да ўвагі ўсю ваду з ежы, якая ёсць. Але два літры чыстай вады выпіваць абавязкова", - парэкамендаваў акадэмік.
Тры коўдры
Анішчанка падчас відэамоста таксама падзяліўся ўласнай методыкай, якой прытрымліваецца ў гарачыя дні.
Ён распавёў, што ўкрываецца летам трыма коўдрамі – такі спосаб тэрмарэгуляцыі быў ім падгледжаны ў жыхароў сярэдняй Азіі, якія носяць у спякоту халаты з воўны і футровыя шапкі.
Уся справа ў тым, што ўнутры такога "кокана" з адзення або коўдраў падтрымліваецца камфортная для арганізма тэмпература 36,6 градуса, растлумачыў акадэмік РАН.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"