"Добра ў лузе ў час палудны…": вершы пра малую радзіму

Беларускае сяло быццам сэрца роднай зямлі, якое б’ецца ў грудзях бадай што кожнага беларуса. І нават тыя, хто нарадзіўся ў горадзе, час ад часу наведваюць дзедаўскія хаты дзесьці ў вясковай глыбінцы. Sputnik дзеліцца лепшымі вершаванымі напамінамі пра малую радзіму.
Sputnik
Беларусь – краіна блакітных азёр і шматлікіх вёсак. Большасць сучасных гарадскіх жыхароў нарадзіліся ў невялічкім мястэчку і з настальгіяй успамінаюць бацькоўскую хату, матчыну гаспадарку і прыгожыя беларускія краявіды.
Моладзь імкнецца ў горад, каб атрымаць адукацыю і прэстыжную працу, але шмат і тых, хто вярнуўся ў родную вёску, аднавіў даўнюю сядзібу, завёў хатнюю птушку ці парася, пасадзіў сеё-тое ў гародзе і з асаблівай летняй асалодай чакае, калі ж з’явіцца ўраджай. А хтосьці і ўвогуле ніколі нікуды не з’язджаў!
Калі ж вы даўно не былі на вёсцы, пачытайце вершы пра сваю малую радзіму на Sputnik і абудзіце ўспаміны ў дальнім куточку сэрца, дзе ўсё яшчэ грымыць клямка ў сенцах, мыкаюць каровы ля ракі, клёкае бусел на старой ліпе і чуваць ранішні шоргат касы па роснай мураве.
Здароў, родная вёска!
Прачнуліся нівы і хаты: / Ўся ў полі людская сямейка...

З песень аб вясне

I зелень, і кветкі, і песні,
I неба вясёлая яснасць…
Ні цьмы той, ні снегавай плесні, –
Дзе глянеш – адна, братка, шчаснасць!

Свет цэлы зіяе каберцам,
Шум нейкі ад пушчаў нясецца,
З грудзей як не выскача сэрца,
Душа кудысь рвецца… ўсё рвецца…

Прачнуліся нівы і хаты:
Ўся ў полі людская сямейка,
За сошкай шнуруе араты,
Ля статку іграе жалейка;

З сяўнёю сявец пахаджае,
На скібіны валіцца зерне;
Знаць, сіла ў сяўца немалая…
Захоча – і свет пераверне!

Гэй, гэй, хлебаробе мазольны,
Пан сошкі, і коскі, і поля!
Кінь выгляд слязлівы, нявольны;
Ў тваіх руках слава і доля!

Янка Купала
Сапраўдныя зямлі чараўнікі / Свае паэмы трактарамі пішуць...

* * *

З маленства мы ірваліся у горад,
Хто ў інстытут, а хто і на завод.
I для Радзімы сталі мы апорай
I ў працы, і ў імгле ваенных год.

Пасля вайны жылі мы беднавата,
А вёскі проста слеплі уначы.
Мы перад імі ў нечым вінаваты,
Хоць мала чым маглі дапамагчы.

Зямля і неба звязаны дажджамі,
Мы з роднай вёскай – памяццю навек.
Прывыкшыя да тлуму гараджане,
Цяпер ірвёмся да лугоў і рэк.

Не з настальгіі, не для пакаяння,
Не на густы асенні медазбор –
Мяне завуць свая зямля і бор,
Як марака мары і акіяны,

Каб зноў адчуць салёныя турботы
Гаспадароў адроджанай зямлі.
Вясна ідзе…
На мне чужыя боты,
I я, крыху чужы, іду ў палі.

Халодны вецер, ты не скавычы
I не свішчы так рэзка і трывожна.
А ногі месяць гразь, нібы квачы,
Спрачаюцца з вясновым бездарожжам.

Сапраўдныя зямлі чараўнікі
Свае паэмы трактарамі пішуць.
Палі, палі – сялян чарнавікі –
I працаю, і вечнай праўдай дышуць.

На іх радкі пшаніцы прарастуць,
Хай дзень жніва ад сонца будзе яркі.
Люблю вясновы гуд, і перастук,
I рэактыўны голас цыркуляркі…

Якая непаўторная паўторнасць!
Я маладзею.
Зноў гатоў к рыўку…
Пачаўся дзень,
I на палетак чорны
Паклала сонца цёплую руку.

Пімен Панчанка
Тая ў’е вянок з валошак. / Той скацiнку ў гурт збiрае...

Вясковыя ўцехi

Вёска любая мая ты!
Часам сумна мне бывае,
Ды тваiм праходжу полем –
Сум умомант той знiкае.

Стрэну там дзяцей вясковых –
Хоць адзежка iх у латах,
Столькi шчырасцi чысцюткай
Бачу ў мiлых вачанятах!

Як жывеш пане Стафане?
Усмiхаецца Сцяпанка.
Там – Алесь, а там Вiктося,
Што зардзелася, там – Янка.

Пасвяць свiнак тут, авечак
Гэты – з пужкаю гуляе,
Тая ў’е вянок з валошак.
Той скацiнку ў гурт збiрае.

Там – Гануська-гаспадынька
З Iзабэлкай каля пашы
Шчыра бульбiны збiраюць,
Што выкопвае Лукашык.

Iх, сяброў маiх маленькiх,
Бачыць рад я на палетках –
Змiтрака, Марцiнка, Юрку
Дамiцэлю i Пракседку.

Iх усiх вiтаю шчыра,
Грушку iм даю цi яблык.
Хто раней паглядваў скоса
На мяне, цяпер – мой сябра.

Хай жа вас сам Бог гадуе,
Вам дае здароўе, шчасце,
Ад людзей пашану, ўвагу,
Зберагае ад напасцi.

Падрастай, народ маленькi,
Гаспадынькi, аратаi.
Адарыць мне вас няма чым –
Шчырым сэрцам адараю.

Ян Чачот
Зямліцы дарагой аздобы. / Сініцаў шустрых галасы...

Бярозы, сосны, верасы

Бярозы, сосны, верасы,
Вятрам і сонцу даспадобы, –
Мае вы сімвалы красы,
Зямліцы роднае аздобы.

Раса на вейках дзеразы,
Як срэбра найвышэйшай пробы, –
Мае вы сімвалы красы,
Зямліцы дарагой аздобы.

Сініцаў шустрых галасы,
Снягір, як золку расцяробы, –
Мае вы сімвалы красы,
Зямліцы сонцавай аздобы.

Маёй любові адрасы,
Зліцця з іх прыгажосцю спробы, –
Мае вы сімвалы красы,
Зямліцы вечнае аздобы!..

Алег Лойка
Дагарэў за брамай небакрай...

Бацькаўшчына

Дагарэў за брамай небакрай,
Месяц паміж воблачкаў плыве.
Выйду зноў, як у мінулы май,
Басанож прайдуся па траве.
Дымная, сцюдзёная раса,
Цёмныя ў траве ад ног сляды.
А такога рослага аўса
Я не бачыў доўгія гады.
Бач, хмызы спляліся, як павець,
Светлякі мігцяць, гараць святлей.
Перад тым як звонка ў лозах пець,
Прачышчае горла салавей.
Лашчыцца трава да босых ног.
З дальніх паплавоў плыве ракой
Ледзь прыкметны сумны халадок –
Подых юні ўходзячай маёй.
Паімчаць за ёю наўздагон? –
Хоць і схопіш – усё адно падман.
Дзе каханне тых мінулых дзён –
Весніх паркаў бэзавы туман?
Нават шкадаванне – дзе яно?
Зноў вясна, і жаль знікае зноў.
(Так губляюць пах перад вясной
Ссохлыя сцябліны палыноў.)
Ціха цмокае у сне рака.
О, як добра, як прыгожа жыць!
Раска, як русалчына луска,
На вадзе ад месяца гарыць.
А вакол травіцы роснай рай
І бярозак белая сям’я.
Мой чароўны беларускі край,
Бацькаўшчына светлая мая!

Уладзімір Караткевіч
Ад спёкі летняй / Дол ачах...

* * *

Ад спёкі летняй
Дол ачах.
Буслы спачылі
За ракою
На цёплых
Жнівеньскіх стагах
У насцярожаным
Спакоі.

Туман,
Асмужаны ледзь-ледзь,
Плыве
На поплаў і балота…
I трэба
Ногі адагрэць
Перад вялікім
Пералётам.

А мо надыхацца
Ім трэба
Настоем траў
Пад родным небам,
Каб водар гэты
Іх прывёў
З далёкай далечы
Дамоў.

Анатоль Грачанікаў
Перш за ўсё мне ласкалі вочы / Жыта, сосны і валуны...

Жыта, сосны і валуны

Дзе па роднай зямлі ні крочыў –
Скрозь – ад Прыпяці да Дзвіны –
Перш за ўсё мне ласкалі вочы
Жыта, сосны і валуны.

Дзе ў далёкіх маіх вандроўках
Я ні сніў аб Радзіме сны –
Паўставалі ў іх зноў і зноўку:
Жыта, сосны і валуны.

I па самай высокай мерцы
Мне ўжо ясна, што да труны
Данясу я не шмат у сэрцы:
Жыта, сосны і валуны.

О, сябры! Калі нешта значыць
Мой усім вам паклон зямны –
Хай і цень мой з пагорка бачыць
Жыта, сосны і валуны.

Ніл Гілевіч
Адуванчык, / Дзьмухавец, / Кучаравы маладзец...

Адуванчык

Адуванчык,
Дзьмухавец,
Кучаравы маладзец.
Стаў ён
Пры дарожцы
На даўжэзнай ножцы.
Дзьмухнуў вецер –
Адуванчык
Стаў нібыта
Абарванчык.
Адуванчык,
Дзьмухавец,
Як падстрыжаны хлапец,
Бо на макаўцы
Ў былінкі
Аніводнай
Валасінкі.

Авяр’ян Дзеружынскі
Колькі год я не бачу бусла, / Колькі год у стагах не начую...

* * *

Колькі год я зязюлі не чую,
Колькі год я не бачу бусла,
Колькі год у стагах не начую,
Колькі год не трымаў я вясла!

Мне б зязюля гадоў надлічыла,
Бусел мог папярэдзіць пажар,
А раднейшая зорка ручыла
I вясло кіравала ў абшар.

Я сталічнаму ўдзячны дэкору,
Мяне сорам да долу не гнуў,
Ды ніяк не пазбыцца дакору,
Што істотнае нешта мінуў.

Смутак сэрца працяў палынова,
Адчуваю амаль што бяду
За нязбытнасць надзей.
Да нанова
Праз мінулыя страты прайду!

Я не хліпкі зусім, не пахілы,
He магу я ад іншых адстаць
I адкрыю ў сабе небасхілы,
Каб да променя ўсё навярстаць.

Сцяпан Гаўрусёў
Пускаў глыбока карані, / Каб зноў пасеяць жыта...

* * *

Нішто душу мне так не лечыць,
Як стрэча гэтая з сялом,
Калі наш род шыракаплечы
Збярэцца разам за сталом.

Жытнёвы род не фарысеіў –
Ён жыў на свеце недарма:
Зямлю
араў,
I жыта
сеяў,
I ў рукапашных
паміраў.

Вайною біты –
не забіты,
Пускаў глыбока карані,
Каб зноў пасеяць жыта –
Жыццё ад смерці засланіць.

Алесь Пісьмянкоў
Палью я руту-мяту, / пайду я па ваду...

Успамін былога вяскоўца

У горадзе жыць – жыць зручна.
Кран павярнуў – і тут жа
вада ў цябе пад рукой.
А помніцца, як ад студні
нёс ты поўныя суды
вады сцюдзёнай, важкой.

Вада калыхалася ў вёдрах,
і ў двух тых люстрах водных
успыхвала святло,
плыло ўсё сяло.

Вёдры калыхаліся…
З другога краю сяла
дзяўчына, з якой кахаліся,
насустрач табе ішла.

Ішла па ваду і пела:
"Ой, сохне рута ў саду,
палью я тую руту,
па ваду пайду.
Палью я руту-мяту,
пайду я па ваду.
А як прыйдзе восень,
замуж я пайду…".

Вёдры калыхаліся.
Мы з дзяўчынай усміхаліся.
Можа, таму, што кахаліся,
а можа быць, таму,
што ўсё так адбывалася,
што вада разлівалася,
што ў вёдрах адбівалася
па сонцу аднаму.

Ты смяяўся: "З поўным..."
Яна чырванела: "З пустым..."
Чамусьці ўсё тое помнім,
не забываем аб тым.

Анатоль Вярцінскі
Ветрык краскі чуць калыша, / Травы шалясцяць...

На лузе

Добра ў лузе ў час палудны!
Лёгка там дыхнуць!
Хмаркі белыя марудна
За лясы плывуць.

Ветрык краскі чуць калыша,
Травы шалясцяць,
Луг зялёны жыццем дыша –
Конікі трашчаць.

Ў лозах шчэбет не сціхае,
Шум стаіць і свіст,
Ў яркім бляску спачывае
На ракіце ліст.

Спевам-гоманам і звонам
Поўніцца ўвесь луг,
I дрыжыць над ім, зялёным,
Жыватворчы дух.

Якуб Колас
Чытайце таксама:
"Спявае лета над барамі…": топ-10 вершаў пра самы цёплы час
Адам Русак: "I ў сэрцы песні не стрымаць…"
Лірычны шлях Алеся Бачылы: "Мне лепей ад роднага краю нічога на свеце няма..."