Якія падзеі адбыліся 9 жніўня і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце ў спраўцы Sputnik.
Гістарычныя падзеі 9 жніўня
У 1798 годзе была заснаваная Мінская дыяцэзія.
У 1944 годзе быў заснаваны Мінскі аўтамабільны завод.
Хто нарадзіўся 9 жніўня
1850 год: Рудольф Абіхт, нямецкі славіст, даследчык і папулярызатар беларускай культуры ў Германіі.
1890 год: Максім Бурсевіч, педагог, публіцыст, дзеяч беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі.
1936 год: Яўген Міклашэўскі, беларускі пісьменнік.
Таксама ў гэты дзень нарадзіліся фінская шведскамоўная пісьменніца і мастачка Тувэ Янсан і амерыканская спявачка, актрыса Уітні Х'юстан.
9 жніўня ў народным календары
У гэты дзень у народзе ўшаноўвалі святога вялікапакутніка Панцеляймона і блажэннага Мікалая.
Лічылася, што Панцеляймон дапамагае пазбавіцца ад галаўнога болю. Яго таксама называлі Зажніўным, і ў гэты дзень працягваўся збор лекавых траў, а яшчэ – Палій, бо падчас навальніцы можа спаліць маланкай. Таму забаранялася 9 жніўня везці з поля жыта.
Мікола Качанскі, або Капуснік, спрыяў добраму ўраджаю гэтай карыснай агародніны. "На Міколу Качанскага качаны завязаліся", "З капустай на стале не будзе пуста", "Капуста не пуста, сама ляціць у вусны" – так прымаўлялі, гатуючы стравы з капусты. На стале ў добрага гаспадара да гэтага дня з'яўлялася яшчэ і бульба – гэтыя дзве расліны былі асновай шматлікіх страў у канцы лета.