Чэкі "Жыллё" праіндэксавалі ў Мінску

Звычайна індэкс росту кошту чэкаў "Жыллё" кожны рэгіён устанаўлівае свой, у беларускай сталіцы ён зноў павысіўся.
Sputnik
МІНСК, 18 жні – Sputnik. Імянныя прыватызацыйныя чэкі "Жыллё" праіндэксавалі ў беларускай сталіцы, адпаведнае рашэнне Мінгарвыканкама №3059 ад 8 жніўня апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Апошні раз чэкі індэксавалі ў маі гэтага года, тады іх кошт адчувальна павысіўся, а менавіта на 15% да 36,603 бел. руб.
Цяпер гарадскія ўлады ўстанавілі цану аднаго чэка ў памеры 39,972 бел. руб. Такім чынам, яго кошт на гэты раз павялічыўся яшчэ на 9,2%.
Новы кошт імянных прыватызацыйных чэкаў "Жыллё" пачынае дзейнічаць у Мінску пасля афіцыйнага апублікавання дакумента.

Чэкі "Жыллё"

Налічэнне жыллёвых квот і выдача чэкаў у краіне рабілася мясцовымі ўладамі на працягу сямі гадоў – з 1992 па 1999 год. Яны мелі намінал сто, пяцьсот, тысяча, тры і пяць тысяч рублёў. Пасля дэнамінацыі 1994 года наміналы былі зменшаны ў 10 разоў.
У 2005 годзе быў падпісаны Дэкрэт №6 "Аб упарадкаванні абарачэння і выкарыстання імянных прыватызацыйных чэкаў "Жыллё". Да 1 студзеня 2007 года неабходна было перарэгістраваць каштоўныя паперы ў "Беларусбанку". Пасля гэтага іх выдачу спынілі.
Індэкс росту кошту чэкаў у кожным рэгіёне можа ўстанаўлівацца свой. Ён разлічваецца на падставе статыстыкі аб сярэдняй цане аднаго квадратнага метра агульнай плошчы жылля, якое будуецца з дзяржпадтрымкай у параўнанні з коштам яго будаўніцтва па стане на 31 снежня 1991 года.
Чэкі "Жыллё" могуць выкарыстоўваць беларусы і члены іх сямей, якія стаяць у чарзе на жыллё. Імі таксама можна аплаціць паявы ўзнос у жыллёвым або жыллёва-будаўнічым кааператыве. Акрамя таго, з дапамогай чэкаў можна фінансаваць індывідуальнае або калектыўнае жыллёвае будаўніцтва, рэканструкцыю аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў і долевы ўдзел у жыллёвым будаўніцтве.
Акрамя гэтага, чэкі дазваляюць купіць жыллё або пагасіць крэдыт у банку з працэнтамі за карыстанне імі і пазыку юрыдычных асоб, якая была ўзята і выкарыстана для будаўніцтва або пакупкі жылля.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
"Капрамонт будучыні" правядуць у адным з раёнаў сталіцы