МІНСК, 20 жні – Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў венгерскага калегу Тамаша Шуйока і прэм’ера гэтай краіны Віктара Орбана з Днём Святога Іштвана, паведаміла прэс-служба беларускага лідара.
На думку прэзідэнта, Шуйока раней дакладна адзначыў, што галоўны фундамент, на якім павінна будавацца супрацоўніцтва паміж краінамі, – гэта безальтэрнатыўная прыхільнасць да прынцыпаў узаемнага даверу і павагі.
Лукашэнка падкрэсліў, што Мінск і Будапешт на працягу многіх гадоў развіваюць узаемадзеянне менавіта ў адпаведнасці з асноватворнымі канстытуцыйнымі нормамі і націнтарэсамі.
Ён таксама нагадаў, што першы год прэзідэнцтва Шуйока выпаў на такую важную падзею, як старшынства Венгрыі ў Савеце ЕС.
Лукашэнка ўпэўнен, што дзякуючы гэтай лідзіруючай ролі Будапешта ў еўрапейскі парадак дня вернуцца такія важныя пытанні як абарона сям’і, традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей, неабходнасць захавання справядлівых прынцыпаў міжнароднага права і міждзяржаўных адносін.
Прэзідэнт таксама пацвердзіў гатоўнасць беларускага боку да супрацоўніцтва па розных напрамках.
Віншуючы Орбана, Лукашэнка падкрэсліў, што сёння Венгрыя – гэта "краіна з адказнай і актыўнай пазіцыяй, якая праводзіць узважаную міралюбівую палітыку".
Паводле слоў кіраўніка Беларусі, нават на фоне міжнародных цяжкасцей Мінск і Будапешт застаюцца вернымі сваім прынцыпам і развіваюць супрацоўніцтва.
"Безумоўна, адным з галоўных прыярытэтаў сёння з’яўляецца ўрэгуляванне канфлікту ў суседняй Украіне. Беларускі бок заўсёды выступаў за мірныя ініцыятывы і стабільнасць у Еўропе не толькі словамі, але і справай", - гаворыцца ў віншаванні.
Менавіта таму, паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі высока цэняць венгерскую пазіцыю, якая "займае важнае месца ў еўрапейскай палітыцы і робіць рашучыя крокі па ўстанаўленні міру".
Прэзідэнт пажадаў лідарам гэтай краіны добрага здароўя і плённай дзейнасці, энергіі і сіл для поспехаў ва ўсіх пачынаннях, а венгерцам – шчасця, дабрабыту і мірнага неба.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"