Сёлета беларускія грыбнікі публікуюць у сацсетках фота і відэа незвычайнага баравіка. Знешне ён вельмі падобны на белы грыб, але адрозніваецца больш яркай афарбоўкай і выцягнутай ножкай. Найбольш яго знаходзілі на поўдні краіны, але таксама ён быў заўважаны і ў некаторых раёнах Мінскай вобласці. Спецыялісты сцвярджаюць, што гэта залацісты баравік, які эмігрыраваў у Беларусь з Літвы.
Карэспандэнт Sputnik Кацярына Куніца паразмаўляла з міколагам і прафесійным грыбніком аб тым, як гэты від апынуўся ў нас, у якіх рэгіёнах сустракаецца часцей за ўсё і ці зможа чужаземны баравік выцесніць звыклы для беларусаў белы грыб.
Занесла ветрам
Як расказала малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі мікалогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Ганна Антановіч, залацісты баравік лічыцца канадскім відам. На Куршскай касе (Калінінградская вобласць) і ў Літве яго знайшлі ў 1980-х гадах. Лічыцца, што ў гэты рэгіён грыб завезлі з саджанцамі дрэў. Там ён добра прыжыўся і пачаў распаўсюджвацца далей – у Польшчу і Украіну, а цяпер апынуўся і ў Беларусі. Верагодней за ўсё, споры залацістага баравіка прынесла сюды ветрам.
Залацісты баравік
© Photo : из архива Александра Горбацевича
Па меркаванні Антановіч, першыя грыбы маглі з’явіцца ў краіне яшчэ ў пачатку 2000-х, але масавае распаўсюджванне яны атрымалі толькі апошнія пяць гадоў.
"Пра залацістыя баравікі нам (Інстытуту эксперыментальнай батанікі - Sputnik) паведамілі ў 2019 годзе, і мы паехалі ў камандзіроўку на поўдзень краіны, практычна на мяжу з Украінай. Прыехалі ў лес, а там куды ні зірні – усюды залацісты баравік расце, хоць касой касі", - распавяла міколаг.
Яна адзначыла, што сваю назву грыб атрымаў дзякуючы колеру шапачкі і ножкі. З-за такой размалёўкі яго нескладана знайсці на лясной палянцы – ён адразу кідаецца ў вочы. Па смакавых якасцях залацісты баравік не саступае беламу грыбу, але затое больш цеплалюбівы і таму ў асноўным расце ў паўднёвых рэгіёнах краіны. Таксама ён менш паражаецца рознымі насякомымі, дадала Антановіч.
"Таму пры засухах, пры павышаных тэмпературах, асабліва калі ў нас спякота была, ён расце лепш. І адчувае сябе лепш, чым наш белы грыб", - удакладніла Антановіч.
Страфарыя сіне-зялёная
© Photo : из архива Анны Антонович
Тым не менш, ёсць ужо першыя выпадкі з’яўлення гэтага грыба і ў Мінскай вобласці. Але калі ў паўднёвых рэгіёнах залацісты баравік расце вялікімі групамі, то на Міншчыне сустракаюцца невялікія паляны.
Таксама міколаг звярнула ўвагу, што з-за змянення клімату тэрміны грыбнога сезона зрушыліся. Так, сёлета першыя белыя грыбы з’явіліся ў канцы красавіка – пачатку мая. Паводле яе слоў, акрамя залацістага баравіка ў беларускіх лясах цяпер актыўна расце такі не вельмі распаўсюджаны від як паддубовік рабы.
Паддубовік рабы
© Photo : из архива Анны Антонович
Акрамя гэтага Антановіч адзначыла, што часта беларускія грыбнікі з-за яркай размалёўкі грыба памылкова думаюць, што ён атрутны. У якасці прыкладу яна прывяла страфарыю сіне-зялёную і паддубовік рабы.
"Страфарыя сіне-зялёная мае насычаны бірузовы колер. Яна на самай справе ядомая, але людзі яе не збіраюць, таму што лічаць, што раз яркая, то значыць атрутная. Тое ж самае тычыцца і радоўкі фіялетавай і павуцінніка фіялетавага, якія маюць ярка-фіялетавы колер, і таму іх таксама асабліва не збіраюць.
Страфарыя сіне-зялёная
© Photo : из архива Анны Антонович
"Натаўскі" грыб
Аб залацістым баравіку не па чутках ведае блогер-грыбнік Аляксандр Гарбацэвіч. Практычна ўвесь свой вольны час ён праводзіць у лесе, ведае самыя грыбныя месцы і нават бярэ платныя ўрокі ў міколагаў, каб лепш пагрузіцца ў гэтую тэму.
Аляксандр Гарбацэвіч
© Photo : из личного архива Александра Горбацевича
Па словах Аляксандра, у грыбных чатах залацісты баравік празвалі "натаўскім грыбам" – з-за таго, што ён завезены да нас з-за мяжы. Сёлета ўжо больш за 50 разоў падпісчыкі даслалі яму фота чужаземца з просьбай дапамагчы вызначыць, што гэта за грыб. Такія звароты былі і ў мінулыя гады, але не так часта, удакладніў грыбнік.
"У мінулыя два гады за ўвесь сезон мне даслалі фота залацістага баравіка разоў 20-30, а ў гэтым – ужо больш за 50 разоў і сезон яшчэ не скончыўся. Я пачаў пытацца ў людзей назву вёскі і раёна, дзе яго знайшлі. Зыходзячы з усіх дадзеных, зрабіў выснову, што залацісты баравік рухаецца 200 км у год", - распавёў Аляксандр.
Грыбнік адзначыў, што сёлета ўпершыню знайшлі гэты іншаземны від у самых усходніх раёнах Гомельскай вобласці. Акрамя гэтага, ён пачаў расці ў Мінскай вобласці. Па назіраннях мужчыны, у адрозненне ад белага грыба залацісты баравік у спякоту расце даўжэй.
"З 12 жніўня ва Уздзенскім раёне пайшла актыўная хваля. Пачалі расці ўсе віды грыбоў і разам з імі залацістыя баравікі. Праз шэсць дзён усе грыбы пайшлі на спад і на сёмы дзень практычна ўжо нічога не было, а залацістыя працягвалі расці. На дзясяты дзень іх колькасць павялічылася. Гэта такое ўнікальнае назіранне", - падзяліўся грыбнік.
Белы грыб (злева) і баравік залацісты (справа)
© Photo : из архива Александра Горбацевича
Аналагічную карціну мужчына ўбачыў у жніўні і ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці. Паводле яго слоў, там таксама белыя грыбы і чырвонагаловікі адышлі за тыдзень, а залацісты баравік працягваў расці. Як лічыць Аляксандр, відавочна, што гэты від устойлівы да спякоты і, магчыма, яму падабаецца менавіта такое надвор’е. Аднак, каб канчаткова рабіць вывады, трэба назіраць за ім некалькі гадоў.
Пры гэтым ён адзначыў, што ў Польшчы вучоныя афіцыйна прызналі, што залацісты баравік выцясняе белы.
"Мне расказалі, што ў Польшчы сумесна з беларускімі вучонымі было даследаванне – у іх залацістыя баравікі з’явіліся раней. І ў Польшчы афіцыйна зрабілі выснову, што залацістыя баравікі выцясняюць белы грыб сасновы. Яны ж спажываюць тыя ж рэсурсы – растуць разам у сасновым лесе", - сказаў субяседнік.
Акрамя гэтага, Аляксандр звярнуў увагу, што гэты від грыбоў захоплівае зараз і Расію.
"Мне ўжо дасылалі фота з Расіі. Адзін круты расійскі блогер напісаў, маўляў, чаго вы так дрэнна збіраеце залацісты баравік – ён ужо і да нас дабраўся", - падзяліўся Аляксандр.
Па словах грыбніка, на смак залацісты баравік – нешта сярэдняе паміж чырвонагаловікам і польскім грыбам. Асабліва, калі ўжываць яго ў марынаваным выглядзе.
Як лічыць Аляксандр, рана заяўляць, што залацісты баравік поўнасцю выцясняе сасновы белы. Зыходзячы з двухгадовых назіранняў, пакуль толькі можна сказаць, што сасновых белых было менш, а іншаземны від недзе з’явіўся ўпершыню, а ў некаторых месцах яго стала больш, чым у папярэднія гады.
"Будзем працягваць назіраць, як пацяпленне клімату ўплывае на сітуацыю: ці стане сасновых белых менш, а залацістых баравікоў, наадварот, больш", - сказаў на заканчэнне Аляксандр.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"