МІНСК, 25 вер – Sputnik. Беларускі ўрад прыняў рашэнне прадоўжыць яшчэ на шэсць месяцаў часовую забарону на вываз асобных відаў прамысловых тавараў, гэта прадугледжана пастановай Саўміна №688 ад 20 верасня, якая афіцыйна апублікавана ў сераду на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У дакуменце гаворыцца, што забарона ўстанаўліваецца на вываз шэрага тавараў за межы рэспублікі ў дзяржавы ЕС, прычым незалежна ад краіны паходжання гэтых тавараў.
Таксама забарона ўводзіцца на вываз за межы мытнай тэрыторыі ЕАЭС з Беларусі ў дзяржавы, якія не з’яўляюцца членамі гэтай інтэграцыі, тавараў "пры змяшчэнні іх пад мытныя працэдуры экспарту, часовага вывазу, перапрацоўкі па-за мытнай тэрыторыяй і рээкспартам".
Нюансы і выключэнні
Згодна з пастановай, забарона не распаўсюджваецца на тавары, якія суправаджаюцца сертыфікатам, што пацвярджае беларускае або расійскае паходжанне, а таксама калі яны атрыманы ў выніку перапрацоўкі на мытнай тэрыторыі ЕАЭС у Беларусі.
Таксама рашэнне не датычыцца той прадукцыі, якая выраблена з выкарыстаннем тавараў, раней змешчаных пад мытную працэдуру свабоднай мытнай зоны, і тавараў, якія вывозяцца за межы рэспублікі па разавых ліцэнзіях, што выдаюцца ўладамі.
Забарона таксама не закране міжнародныя транзітныя перавозкі, перавозкі тавараў паміж часткамі тэрыторыі Расіі транзітам праз Беларусь.
Да выключэнняў адносіцца і перавозка міжнароднай гуманітарнай дапамогі, тавараў з Беларусі ў Расію ў рамках Саюзнай дзяржавы, а таксама шэраг іншых выпадкаў.
Пералік тавараў
Пастановай таксама зацверджаны пералік тавараў, на вываз якіх устаноўлена гэтае абмежаванне.
Усяго ў ім больш за 280 найменняў, сярод іх шэраг матэрыялаў для стаматалогіі і медыцыны, лом, твэлы, асобныя катлы, турбіны, рухавікі, некаторае прамысловае абсталяванне, апаратура, механізмы, машыны і абсталяванне для сельскай гаспадаркі, станкі, некаторыя віды электраабсталявання і іншай апаратуры, лакаматывы і вагоны, транспартныя сродкі і гэтак далей.
Асноўныя палажэнні дакумента набылі моц з 23 верасня і будуць дзейнічаць на працягу паўгода.
Беларусь у канцы сакавіка 2022 года ўвяла забарону на вываз з краіны 254 відаў тавараў. Урад растлумачыў гэтае рашэнне "абаронай эканамічных інтарэсаў дзяржавы". У верасні мінулага года гэтае рашэнне было прадоўжана на паўгода, а ў сакавіку 2024-га – яшчэ на шэсць месяцаў.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"