МІНСК, 30 вер – Sputnik. Большасць змяненняў у Кодэксе аб адукацыі, у першую чаргу, – пэўная тэхнічная карэкціроўка, якая не выклікае асаблівых прынцыповых пярэчанняў, заявіў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк перад пашыраным пасяджэннем Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы па тэме "Аб навацыях праекта Закона Рэспублікі Беларусь "Аб змене законаў па пытаннях адукацыі", перадае Sputnik.
Ён нагадаў, што два гады таму быў прыняты абноўлены Кодэкс аб адукацыі, і за гэты час абсалютная большасць яго норм паказала сваю высокую эфектыўнасць. Тым не менш, узніклі пэўныя нюансы, якія патрабуюць у першую чаргу тэхнічнай карэкціроўкі.
"Таму, калі мы гаворым аб абнаўленні Кодэкса, то абсалютная большасць яго навел, у першую чаргу, – пэўная тэхнічная карэкціроўка, якая не выклікае асаблівых прынцыповых пярэчанняў. Літаральна на гэтым тыдні на бліжэйшым пасяджэнні мы будзем яго разглядаць у першым чытанні", - сказаў Марзалюк.
Паводле яго слоў, ёсць яшчэ пытанні, якія патрабуюць удакладнення, напрыклад, датычацца атрымання вышэйшай адукацыі ў месцах пазбаўлення волі.
Старшыня Пастаяннай камісіі звярнуў увагу на тое, што атрыманне вышэйшай адукацыі не з’яўляецца абавязковым. Узнікае і маса пытанняў, як зняволеныя маглі б навучацца і гэтае пытанне патрабуе ўважлівага аналізу.
"Як магчыма дыстанцыйна атрымліваць вышэйшую адукацыю пры адсутнасці неабходнай інфармацыі, бібліятэк. Бо якасць адукацыйных матэрыялаў можа быць моцна абмежавана. Да таго ж, які пералік гэтых спецыяльнасцей", - дадаў Марзалюк.
Праектам закона прапануецца дапоўніць Кодэкс аб адукацыі нормай, у адпаведнасці з якой пералік відаў сацыяльна-педагагічных устаноў дапаўняецца такім відам, як дзіцячы дом пры манастырах.
Старшыня Пастаяннай камісіі падкрэсліў, што члены рабочых груп прыйшлі да меркавання аб неабходнасці дапаўнення праекта Закона артыкулам, у якім знайшлі б адлюстраванне асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу ў гэтых відах сацыяльна-педагагічных устаноў.
Першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч, у сваю чаргу, заявіў, што ніякіх экстраардынарных змен у адукацыйнай сферы чакаць не варта.
"Гэта шліфоўка кодэкса і мае яна чыста тэхнічны характар", - дадаў ён.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацсходу Ігар Сяргеенка падчас выступлення на пашыраным пасяджэнні паведаміў, што ў першым чытанні законапраект будзе разгледжаны 2 кастрычніка.
"Трэба аператыўна выйсці на другое чытанне, каб закон змог запрацавацть у лепшым выпадку з 1 студзеня наступнага года", - дадаў ён.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"