МІНСК, 4 кас – Sputnik. Каля 4 320 новых легкавых аўтамабіляў было прададзена ў Беларусі ў верасні, паведамілі ў Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА).
Гэты паказчык больш як у два разы пераўзыходзіць верасень 2023-га. Тым не менш, гэта не рэкорд гэтага года: максімальны вынік быў зафіксаваны ў жніўні, тады прадалі 4 916 машын.
Паводле статыстыкі, 44,3% легкавушак, якія былі рэалізаваны дылерамі, выраблены ў Беларусі. Гаворка ідзе аб такіх марках, як Geely і Belgee. Больш за 38% аўто былі ўвезены з Расіі, яшчэ больш за 17% – з-за меж ЕАЭС.
Пры гэтым у Беларусі вырасла доля продажу новых электракараў: з 2% у верасні 2023 года да 8% у верасні 2024-га.
З пачатку года ў краіне было прададзена каля 34 тыс аўтамабіляў. У БАА прагназіруюць, што да канца года аб’ём продажу складзе 45-48 тыс адзінак.
"Пры дасягненні прагнознага паказчыка рынак дылерскага продажу можа вырасці больш як у два разы да ўзроўню папярэдняга года", - адзначыў старшыня праўлення асацыяцыі Сяргей Варывода.
Паводле яго слоў, ужо відавочна, што ў гэтым годзе тэмпы росту дылерскага продажу легкавушак перасягнуць аналагічны паказчык папярэдніх гадоў за ўвесь 20-гадовы перыяд публікацыі аўтамабільнай статыстыкі.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"