МІНСК, 4 кас – Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе візіту на ААТ "Парахонскае" ў Пінскім раёне даручыў вярнуцца да праграмы па развіцці Палесся, гаворыцца ў паведамленні Тelegram-канала Пул Першага.
"Калі мы Палессе прывядзём у парадак, мы накормім толькі за кошт Палесся ўсю краіну", - цытуе Лукашэнку Пул Першага.
Беларускі лідар нагадаў, што ўлады ўжо раней прымалі праграму па адраджэнні Палесся. Цяпер, на яго думку, да гэтага пытання зноў неабходна вярнуцца.
"І не распыляць сродкі. Ураду каманду даў, каб мы сканцэнтраваліся на нейкіх буйных праектах і накіроўвалі туды сродкі", - прыводзіць словы прэзідэнта яго прэс-служба.
Лукашэнка ўдакладніў, што мае на ўвазе тэрыторыю ад Пінска да Мазыра. Пры гэтым у Мазырскім раёне ёсць уласная магутная база, таму дапамога патрэбна іншым палескім раёнам.
Курыраваць гэту тэматыку будзе ўпаўнаважаны прадстаўнік прэзідэнта па Брэсцкай вобласці Міхаіл Русы. Таксама да гэтай працы далучыцца ўрад і кіраўніцтва абласцей.
Дзяржпраграма развіцця Палесся
Раней у Беларусі ў 2010-2015 гадах рэалізоўвалася Дзяржаўная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся.
Праграма ахапіла Гомельскую і Брэсцкую вобласці, і на яе рэалізацыю было затрачана 4 трлн недэнамінаваных рублёў (400 млн рублёў - Sputnik).
Тэрытарыяльна ў праграме ўдзельнічалі Жыткавіцкі, Петрыкаўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Пінскі, Столінскі і Лунінецкі раёны.
Мэта праграмы заключалася ў забеспячэнні ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Прыпяцкага Палесся на аснове комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў, павелічэнні экспарту і інвестыцый, захаванні ўмоў узнаўлення прыродна-рэсурснага патэнцыялу і стварэнні спрыяльных умоў для пражывання насельніцтва.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"