На парадку дня II Міжнароднага кангрэса тураператараў – шырокі спектр актуальных тэм, у ліку якіх дзяржаўнае рэгуляванне сферы турызму, візавая палітыка, страхаванне, сучасныя падыходы да гарантавання бяспекі турыстаў і іншыя практычныя пытанні.
У рамках цырымоніі адкрыцця Кангрэса быў зачытаны прывітальны адрас Пасла Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Барыса Грызлова ўдзельнікам і арганізатарам мерапрыемства. Кіраўнік расійскай дыпмісіі, у прыватнасці, адзначыў:
"Сёння на гасціннай беларускай зямлі праходзіць вельмі важнае для развіцця турыстычнай галіны дзвюх краін мерапрыемства. Прыемна, што гэта ўжо другая такая сустрэча, якая сабрала салідную колькасць аўтарытэтных удзельнікаў. Гэта, у сваю чаргу, пацвярджае запатрабаванасць гэтай перагаворнай і дыскусійнай пляцоўкі, зацікаўленасць у выбудоўванні ўзаемадзеяння паміж тураператарамі.
Адсутнасць моўных і пагранічных бар’ераў, наяўнасць зручнай транспартнай інфраструктуры і цікавых культурна-гістарычных лакацый, даступнасць турыстычных прадуктаў для шырокіх пластоў насельніцтва – усе гэтыя фактары прадвызначаюць інтэнсіўнасць узаемнага турыстычнага абмену.
Апошняя з пералічаных абставін асабліва актуальная ва ўмовах аб’ектыўнага росту цэн і ўскладнення лагістыкі тураў у замежныя краіны. Немалаважна, што ўнутраны турызм на прасторах Саюзнай дзяржавы напрамую стымулюе рост эканомік нашых дзяржаў дзякуючы актывізацыі рознічнага гандлю і шырокага спектра спадарожных спажывецкіх паслуг.
Па даных статыстыкі, у 2023 годзе звыш 175 тыс расіян у рамках арганізаваных тураў наведалі беларускія санаторна-курортныя, аздараўленчыя і іншыя аналагічныя ўстановы, і яшчэ 14 тыс чалавек адпачывалі ў мясцовых аграсядзібах.
Усяго за год Беларусь наведалі звыш 4,8 млн расіян, што складае каля 85% ад агульнай колькасці іншаземцаў, якія прыехалі ў рэспубліку з рознымі, у тым ліку рэкрэацыйнымі мэтамі. Іншымі словамі, нягледзячы на ўведзены бязвізавы рэжым для еўрапейцаў, менавіта расіяне, як і раней, складаюць аснову турыстычнага патоку ў Беларусь.
У сваю чаргу, беларускія турысты ў мінулым годзе зрабілі 111 тыс арганізаваных паездак у Расію. Зразумела, гэтыя лічбы не ўлічваюць тых грамадзян, якія вырашылі адпачыць у прыватным парадку і самі паклапаціліся аб трансферы, браніраванні гасцініц і сваім вольным часе. А гэта ўжо больш за 400 тыс чалавек.
У 2023 годзе была рэалізавана спецыяльная праграма Саюзнай дзяржавы ў сферы турызму, па выніках якой профільнымі ведамствамі заключана пагадненне аб паглыбленні сістэмнага супрацоўніцтва на гэтым напрамку і зацверджана адпаведная дарожная карта, якая прадугледжвае, у прыватнасці, стварэнне расійска-беларускай рабочай групы па развіцці турызму.
Літаральна два тыдні таму, 26 верасня, у Мінску адбылося другое пасяджэнне гэтага органа. Важным рашэннем для галіны стала стварэнне ў Смаленску турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Саюзнай дзяржавы. Абмяркоўваецца пытанне далейшага нарошчвання сумесных турыстычных маршрутаў.
Важным фактарам росту ўзаемных, у тым ліку турыстычных, паездак з’яўляецца пашырэнне геаграфіі рэгулярных авіязносін паміж буйнымі гарадамі Расіі і Беларусі, а таксама маршрутаў прамых чыгуначных зносін, асабліва ў нашым прыграніччы.
З нядаўніх дасягненняў на гэтым напрамку можна згадаць запуск новых авіярэйсаў у Маскву і Санкт-Пецярбург з Гомеля, а таксама ў расійскую сталіцу з Брэста. Прапрацоўваецца магчымасць арганізацыі пералётаў і з іншых абласных цэнтраў рэспублікі.
У жніўні гэтага года былі састыкаваны прыгарадныя расійскія і беларускія электрычкі і дызельныя цягнікі на напрамках Смаленск – Віцебск і Смаленск – Орша.
З чэрвеня зноў пачаў хадзіць рэйкавы аўтобус з Вялікіх Лук і Новасакольнікаў Пскоўскай вобласці з перасадкай на мяжы да раённага цэнтра Полацка Віцебскай вобласці. У адпаведнасці з дамоўленасцямі паміж РЧ і БЧ, з лістапада бягучага года ўводзіцца дадатковая пара электрацягнікоў "Ласточка", якія будуць курсіраваць паміж Масквой і Мінскам па выхадных і святочных днях.
Асаблівай увагі заслугоўвае без перабольшання грандыёзны і вельмі запатрабаваны праект, падтрыманы прэзідэнтамі нашых краін, па будаўніцтве высакахуткаснай магістралі паміж Масквой і Мінскам. На першапачатковым этапе плануецца пракласці новыя веткі і звязаць паміж сабой буйныя гарады Расіі, пасля чаго адпаведная інфраструктура праз Смаленск дойдзе і да сталіцы Беларусі.
Рэалізацыя гэтай ініцыятывы шматразова павялічыць узаемны пасажырапаток і паслужыць яшчэ больш актыўнаму развіццю турыстычнага патэнцыялу Саюзнай дзяржавы. Мяркуецца, што час у шляху для пасажыраў скароціцца як мінімум удвая і складзе каля трох гадзін – гэта нават хутчэй, чым авіяпералёт, калі браць у разлік чаканне рэйса ў тэрмінале і час на дарогу да аэрапорта.
Будзем спадзявацца, што нашы транспартнікі і машынабудаўнікі справяцца з пастаўленай задачай у акрэсленыя тэрміны”.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"