МІНСК, 24 кас – Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запрасіў прэзідэнта Ірана Масуда Пезешкіяна наведаць Мінск, паведаміла прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы.
Лідары сустрэліся ў Казані на палях саміту БРІКС і правялі двухбаковыя перагаворы. Лукашэнка адзначыў, што гэта першая іх сумесная сустрэча. Пезешкіян у сваю чаргу заявіў, што рад магчымасці пабачыцца і абмеркаваць некаторыя пытанні супрацоўніцтва Тэгерана і Мінска.
Прэзідэнт Беларусі яшчэ раз павіншаваў іранскага калегу з пераканаўчай перамогай на выбарах, вынікі якіх не маглі аспрэчыць нават на Захадзе. Пасля чаго запрасіў Масуда Пезешкіяна наведаць Мінск у зручны час, каб абмеркаваць перспектывы ўзаемадзеяння дзвюх краін. Лукашэнка падкрэсліў, што паміж дзяржавамі ніколі не было закрытых тэм.
"Я таксама хачу падзякаваць вам за падтрымку ў наданні нам статусу партнёра (у БРІКС - Sputnik). Мы перад вамі ў даўгу", - сказаў беларускі лідар.
Саміт краін БРІКС з удзелам кіраўнікоў дзяржаў праходзіць у Казані з 22 па 24 кастрычніка, Іран упершыню ўдзельнічае ў саміце ў статусе пастаяннага члена гэтага аб’яднання. Беларусь таксама пацвердзіла поўную гатоўнасць да ўступлення ў арганізацыю.
З 1 студзеня 2024 года ў БРІКС, акрамя Бразіліі, Індыі, Кітая, Расіі і ПАР, уваходзяць Егіпет, Іран, ААЭ, Саудаўская Аравія і Эфіопія.
Выбары прэзідэнта Ірана прайшлі ў пачатку ліпеня гэтага года паводле канстытуцыі краіны пасля трагічнай смерці экс-прэзідэнта Эбрахіма Раісі.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"