МІНСК, 28 кас – Sputnik. Польскія ўлады далі тэрмін, на працягу якога павінна быць закрыта генконсульства Расіі ў Познані, паведаміў РІА Навіны пасол Расіі ў Польшчы Сяргей Андрэеў у панядзелак.
Раней кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі заявіў, што адклікаў згоду на працу консульства РФ у Познані, а таксама аб тым, што расійскія дыпламаты будуць прызнаны "непажаданымі асобамі" на тэрыторыі краіны. Прычынай свайго рашэння ён назваў затрыманне дыверсанта, які планаваў падпалы ў Вроцлаве нібыта па заданні расійскіх спецслужбаў, аднак ніякіх доказаў пры гэтым не прывёў.
"Мы атрымалі ноту МЗС Польшчы аб тым, што тэрмін закрыцця нашага генконсульства – 30 лістапада да паўночы", - сказаў пасол агенцтву.
Гэтую інфармацыю таксама пацвердзіў прэс-сакратар польскага знешнепалітычнага ведамства Павел Вроньскі.
"Канчаткова было дасягнута пагадненне, хаця цяжка гэта назваць пагадненнем – консульства атрымала тэрмін да 30 лістапада на тое, каб вызваліць будынак", - сказаў ён журналістам.
Вроньскі адзначыў, што гэта дастаткова складаная працэдура, паколькі трэба "вывезці рознага роду рэчы, трэба вывезці рознае абсталяванне".
Прадстаўнік МЗС Польшчы заявіў, што расійскім дыпламатам уручана распараджэнне аб тым, што яны павінны пакінуць краіну, таму што яны прызнаны "непажаданымі персонамі" на яе тэрыторыі.
"Да 30 лістапада іх ужо не будзе ў Польшчы", - запэўніў Вроньскі.
Пасля паведамлення аб адкліканні згоды на працу консульства Расіі ў Познані афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў РФ Марыя Захарава заявіла РІА Навіны, што Масква дасць адказ, і гэты адказ будзе "балючым".
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"