Музей зробяць у вежы Шчытоўка ў Навагрудку – як ён будзе выглядаць

Вежа Шчытоўка пасля заканчэння рэстаўрацыйных работ на Замкавай гары ў Навагрудку абяцае стаць галоўнай турыстычнай славутасцю.
Sputnik
ГРОДНА, 2 ліс – Sputnik, Іна Грышук. Галоўную вежу Навагрудскага замка плануюць аднавіць да гістарычных памераў і арганізаваць у ёй музей, у праектным філіяле "Белрэстаўрацыі" паказалі, як яна можа выглядаць пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ.

Старадаўні мур і новыя сцены

Аднаўленне галоўнай вежы замка – Шчытоўкі – стане шостай чаргой рэканструкцыі, якая доўжыцца больш за дзесяць гадоў. Праект распрацаваны ў праектным філіяле ААТ "Белрэстаўрацыя" два гады таму.
Як распавёў галоўны архітэктар праекта Андрэй Карпук, задума складаецца ў тым, каб адрэстаўраваць фрагменты гістарычных сцен, якія захаваліся, а таксама ўзнавіць згубленыя сцены вежы. Іх вышыня будзе максімальна набліжана да вышыні гістарычнай часткі.
Па зацверджанай канцэпцыі, у Шчытоўцы прадугледжаны варыянт халоднай экспазіцыі. Да руін замка не падведзены інжынерныя камунікацыі, акрамя электрычнасці, і праводзіць іх, умешваючыся ў гістарычны культурны пласт, палічылі немэтазгодным.
Працы будуць уключаць рэстаўрацыю захаваных фрагментаў цаглянага муру. Старажытныя сцены ўмацуюць, пазамазваюць расколіны, запоўняць дробныя сколы на фасадах і ўзновяць некаторыя згубленыя ўчасткі.
Пры аднаўленні страчаных сцен Шчытоўкі плануюць прымяняць спосаб муру, які выкарыстоўваўся пры стварэнні гістарычных сцен.
"Страчаныя сцены спецыяльна прапануецца рабіць з новай цэглы. Такі прыём дазволіць паказаць розніцу паміж старадаўнімі і адноўленымі сценамі", - растлумачыў Карпук.

Шэсць узроўняў і 20 метраў вышыні

Пасля заканчэння работ на Замкавай гары вырасце шасціўзроўневая вежа памерам прыкладна 11,4 на 11,4 м ля падмурку. Першы ўзровень знаходзіцца на глыбіні больш за 5 м, шосты – на адзнацы 12,5 м. Таўшчыня сцен складзе больш за метр. У адной з новых сцен адновяць унутраную лесвіцу, якая будзе весці на верхні ўзровень.
Аконныя рамы і дзверы ў Шчытоўцы прапануюць зрабіць з дрэва, шкло ў вокнах – са ўстаўкамі вітражоў. Памеры і форма аконных і дзвярных праёмаў выбіраліся на аснове даных комплексных навуковых даследаванняў і адпавядаюць гістарычнай эпосе. Дах вежы накрыюць чарапіцай.

Старажытныя падмуркі і сярэднявечны туалет

Па задумцы, музейная экспазіцыя, якая з’явіцца ў адноўленай пасля рэстаўрацыі Шчытоўцы, будзе прысвечана гісторыі Навагрудскага замка.
Унутры вежы архітэктары запраектавалі шматузроўневую прастору. Тут з’явіцца сучасная металічная лесвіца, якія звяжа ўсе шэсць узроўняў. На ніжнім можна будзе ўбачыць старажытныя падмуркі і сцены вежы, а таксама рэшткі падмуркаў трыбунала – згубленага палаца, які прымыкаў да яе.
На верхніх ярусах плануецца размяшчаць экспанаты, якія дапускаецца экспанаваць у халодным музеі. У асноўным гэта прадметы і артэфакты, знойдзеныя археолагамі падчас раскопак на Замкавай гары, пачынаючы з шасцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Таксама запланавана абсталяваць музей рознымі мультымедыйнымі прыладамі.
Верхні ярус запраектаваны як аглядная пляцоўка, канферэнц-зала і зала для часовых экспазіцый у цёплы час года.
Каб трапіць у вежу, турыстам прапануюць падняцца з першага на шосты ўзровень па лесвіцах, зробленых у тоўшчы ўзноўленых сцен. Назад будуць спускацца па лесвіцы, размешчанай усярэдзіне вежы.
Пасля рэстаўрацыі Шчытоўкі наведвальнікі таксама змогуць убачыць і адну з самых старых у Беларусі сярэднявечных прыбіральняў – данскер. Гэта канструкцыя ў выглядзе эркера, які выступае за межы асноўнай сцяны. Яе плануюць аднавіць, а таксама максімальна захаваць тыя іншыя старажытныя артэфакты, якія захаваліся да рэстаўрацыі.

Сталіца ВКЛ і не толькі

Навагрудскі замак лічыцца ўнікальным помнікам абароннага дойлідства эпохі Сярэднявечча. З пачатку XI стагоддзя быў драўляным, у XIV-XVI стагоддзях – каменным, меў сем веж. Да нашых дзён захаваліся ў паўразбураным выглядзе толькі дзве з іх – цэнтральная (Шчытоўка) і Касцельная.
Замак вядомы не толькі як месца каранацыі першага правіцеля Вялікага княства Літоўскага Міндоўга. У часы свайго росквіту ён лічыўся адным з самых буйных і непарушных замкавых комплексаў Усходняй Еўропы. Тут праходзілі сеймы, пасяджэнні галоўнага трыбунала ВКЛ, сустрэчы паслоў і каралёў. У касцёле ля падножжа замка бралі шлюб кароль Польшчы Ягайла і Соф’я Гальшанская, шлюб якіх паклаў пачатак дынастыі Ягелонаў, што правіла ў шэрагу еўрапейскіх краін. Замак быў разбураны падчас Паўночнай вайны 1700-1721 гадоў.

Шостая чарга рэстаўрацыі

Аднаўленчыя работы па рэстаўрацыі і кансервацыі праходзяць больш за дзесяць гадоў. Яны ўмоўна падзелены на шэсць этапаў, ці пускавых комплексаў. У бягучым годзе завяршылася пятая чарга рэстаўрацыі.
Дзякуючы праведзеным працам удалося выратаваць ад разбурэння Касцельную вежу, якая знаходзілася ў аварыйным стане і магла абваліцца. Таксама былі ўмацаваны схілы замкавага ўзгорка. Падчас пятай чаргі рэстаўрацыі правялі кансервацыю руін замкавых сцен па ўсім перыметры Замкавай гары і руін трох веж – Уваходнай, якая знаходзіцца справа ад сучаснай уваходнай брамы, Дазорнай і Пасадскай, якія размешчаны злева ад уваходу.
З восені гэтага года ўваход на тэрыторыю Замкавай гары зачынены. Агляд тэрыторыі праводзіцца па білетах пад наглядам супрацоўнікаў музея або ў складзе экскурсій.
Шосты этап рэстаўрацыйных работ Навагрудскага замка ўключае аднаўленне і стварэнне музея ў вежы Шчытоўка.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Драўляны лямус у Гродне рыхтуецца адзначыць юбілей – што пакажуць у музеі