МІНСК, 3 ліс – Sputnik. Малдаване, якія жывуць у Расіі, прыязджаюць у Беларусь, каб узяць удзел у другім туры галасавання на выбарах прэзідэнта Малдовы, паведамляе Sputnik.
Выбарчы ўчастак для грамадзян Малдовы адкрыты ў Мінску ў будынку дыпмісіі гэтай краіны ў Беларусі. Ён працуе з 7:00 да 21:00.
У беларускую сталіцу ўжо прыбылі тры аўтобусы грамадзян гэтай краіны, усяго каля 50 чалавек. Перад будынкам дыпмісіі хутка ўтварылася вялікая чарга.
Акрамя таго, з Масквы вылятаюць яшчэ сотні іх суграмадзян, якім няма дзе галасаваць. Па рашэнні ЦВК Малдовы, у Расіі працуе толькі два выбарчыя ўчасткі для галасавання – абодва ў пасольстве Малдовы ў Маскве. На іх выдзелена ўсяго 10 тыс бюлетэняў. Па даных кіраўніка Партыі сацыялістаў Рэспублікі Малдова Ігара Дадона, у РФ пражывае больш за 400 тыс малдаван.
Каля пасольства ў Маскве, дзе размешчаны абодва ўчасткі, з самай раніцы нядзелі сабралася вялікая чарга. Малдаване, якія знаходзяцца не на радзіме, але жадаюць прагаласаваць, акрамя Мінска вылятаюць таксама ў Баку і Стамбул.
Нагадаем, першы тур выбараў прэзідэнта Малдовы адбыўся 20 кастрычніка. Паводле даных ЦВК краіны, дзеючы прэзідэнт Мая Санду набрала 42,45% галасоў, адхілены ўладамі ад пасады генпракурора рэспублікі Аляксандр Стаяногла набраў 25,98%. У той жа дзень у Малдове прайшоў рэферэндум па пытанні аб уступленні ў Еўрасаюз. За інтэграцыю з ЕС выказаліся 50,46% грамадзян краіны, супраць – 49,54%.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"