Пасол: беларуская "санкцыёнка" абавязкова вернецца на рынак Сербіі

Сербія – адна з нямногіх дзяржаў, з кім Беларусь мае дружалюбныя адносіны ў Еўропе. Нават нягледзячы на тое, што Бялград далучыўся да эканамічных рэстрыкцый супраць Мінска, краіны працягваюць супрацоўнічаць і падтрымліваць палітычны дыялог на найвышэйшым узроўні.
Sputnik
Некалькі дзён таму Беларусь і Сербія адзначылі 30 гадоў устанаўлення дыпламатычных адносін. За гэты час узаемны гандаль вырас у разы. Зрэшты, праз санкцыі адбыўся некаторы спад у беларуска-сербскіх эканамічных адносінах.
Аб тым, як сёння наладжана ўзаемадзеянне Мінска з традыцыйным партнёрам на Балканах, у эксклюзіўным інтэрв’ю Sputnik расказаў пасол Беларусі ў Сербіі Сяргей Маліноўскі.
– Спадар пасол, Беларусь і Сербія з’яўляюцца даўнімі сябрамі і партнёрамі. Як Вы ацэньваеце ўзровень узаемадзеяння Мінска і Бялграда сёння?
– Калі мы звяртаемся да 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Сербіяй, якое мы адзначылі 15 лістапада, то, аглядаючыся на пройдзены шлях, мы бачым, што на працягу ўсяго гэтага перыяду нашы краіны з’яўляюцца блізкімі партнёрамі. Але асновы беларуска-сербскай дружбы адыходзяць далёка ў мінулае.
Па-першае, гэта наша агульная барацьба з фашызмам у гады Другой сусветнай вайны. Калі мы гаворым аб сённяшнім узаемадзеянні нашых краін, то яно, вядома, грунтуецца на тым багатым багажы, які мы сумесна назапасілі за гады суверэннага развіцця ў рамках інтэнсіўнага палітычнага дыялогу і супрацоўніцтва ў розных галінах.
Але ў сувязі з той сітуацыяй, якая ёсць на еўрапейскім кантыненце, заходнія санкцыі ў дачыненні да беларускай дзяржавы, з улікам геаграфічнага становішча Беларусі і Сербіі, не могуць не адбівацца на нашых сувязях. На многіх напрамках нам трэба будзе па-новаму выбудоўваць наша супрацоўніцтва. Таму я ацаніў бы цяперашнюю фазу ўзаемадзеяння як маючы значны патэнцыял для далейшага развіцця.
– Прызначаючы Вас паслом у Сербіі ў лістападзе 2023 года, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сказаў, што не ўсё ў адносінах дзвюх краін на сённяшні дзень развіваецца так, як хацелася б. У якіх сферах і напрамках неабходна наладзіць супрацоўніцтва і знайсці новыя пункты росту?
– Я ўжо адзначыў некаторыя знешнія перашкоды, якія не залежаць ад нашых дзяржаў. Беларусь традыцыйна ўдзяляе эканамічнаму ўзаемадзеянню з замежнымі партнёрамі ключавую ўвагу, як аснове для ўсіх іншых напрамкаў супрацоўніцтва. Сёння стаіць задача выявіць новыя нішы і пункты росту ў эканамічным і інвестыцыйным узаемадзеянні, і мы лічым, што яны, вядома ж, ёсць – з улікам наяўнасці амбіцыйных праграм развіцця і ў Беларусі, і ў Сербіі.
Нягледзячы ні на якія знешнія перашкоды, у нас ёсць патэнцыял для кааперацыі ў сферы прамысловасці, сельскай гаспадаркі, высокіх тэхналогій і шэрага іншых галін, у тым ліку з улікам новых кампетэнцый, якія набываюць і беларуская, і сербская эканомікі.
Важную ролю ў гэтым могуць адыграць істытуцыянальныя механізмы, якія існуюць паміж нашымі краінамі, найперш міжурадавая камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.
– Сербія свята шануе памяць савецкіх воінаў-вызваліцеляў. У кастрычніку краіна адзначыла 80-годдзе вызвалення Бялграда ад фашысцкіх захопнікаў. Улічваючы тое, як сёння еўрапейскія чыноўнікі спрабуюць перагледзець вынікі Другой сусветнай вайны, зносяць помнікі героям Чырвонай арміі, наколькі важна захоўваць гэтую памяць? Як Беларусь і Сербія супрацоўнічаюць у гэтым напрамку?
– Сёлета памятныя мерапрыемствы ў Беларусі і Сербіі, прысвечаныя 80-годдзю вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, яшчэ раз прадэманстравалі агульнасць нашай гістарычнай памяці. Памяці, якая разам з даўнімі духоўнымі, культурнымі і рэлігійнымі сувязямі фарміруе трывалы фундамент беларуска-сербскіх адносін.
Беларусь і Сербія супрацоўнічаюць на міжнароднай арэне па пытаннях, звязаных з захаваннем гістарычнай праўды і супрацьдзеяннем перапісванню гісторыі. У бягучым годзе нашы краіны сталі сааўтарамі сумеснай заявы дэлегацый пры АБСЕ Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана з нагоды гадавіны Перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне. І Беларусь, і Сербія знаходзяцца ў ліку дзяржаў, якія ў ААН далучыліся да рэзалюцыі, накіраванай на барацьбу з гераізацыяй нацызму і неанацызму.
Пасольствы Беларусі і Сербіі бяруць удзел у памятных мерапрыемствах у нашых краінах, прысвечаных памяці загінулых воінаў і ахвяр Першай і Другой сусветных войнаў, агрэсіі НАТА супраць Югаславіі ў 1999 годзе.
– У мінулым годзе зборная Беларусі па футболе па рашэнні УЕФА праводзіла свае "дамашнія" паядынкі ў рамках адбору да чэмпіянату Еўропы-2024 у Сербіі. На гэты момант беларускія футбалісты (нацыянальная зборная і клубы) з-за санкцый гуляюць у Венгрыі, Турцыі і Азербайджане. Ці паступаў ад Мінска запыт да Бялграда аб садзейнічанні ў правядзенні матчаў у рамках іншых футбольных спаборніцтваў у будучыні?
– Вядома для нас, беларускіх дыпламатаў, было б выдатна пабалець у Сербіі за нашу нацыянальную зборную па футболе. Напэўна, гэта магло б стаць прадметам перагавораў паміж футбольнымі федэрацыямі. Але, мяркуючы па ўсім, на дадзены момант беларуская зборная цалкам камфортна сябе адчувае падчас "дамашніх" матчаў на стадыёнах у Венгрыі.
– На нядаўнім кліматычным саміце ў Баку прэзідэнты Беларусі і Сербіі правялі двухбаковую сустрэчу, якая безумоўна з’яўляецца сігналам для актывізацыі супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Ваша меркаванне: ці рэальна інтэнсіфікаваць нашы адносіны ў найбліжэйшы час?
– Вельмі сімвалічна, што сустрэча кіраўнікоў беларускай і сербскай дзяржаў – Аляксандра Лукашэнкі і Аляксандра Вучыча – адбылася літаральна напярэдадні 30-гадовага юбілею нашых дыпламатычных адносін. Яна азнаменавала працяг палітычнага дыялогу на вышэйшым узроўні. Такія сустрэчы заўсёды з’яўляюцца важным сігналам і маркерам для двухбаковых адносін і развіцця супрацоўніцтва па розных напрамках у цэлым.
Як было адзначана прэзідэнтам Беларусі, беларускі бок разлічвае на аднаўленне работы эканамічнай міжурадкамісіі, якая павінна дапамагчы вызначыцца, па якіх напрамках далей супрацоўнічаць. Вынікі яе працы могуць стаць прадметнай асновай для падрыхтоўкі ўзаемных візітаў на высокім і найвышэйшым узроўнях.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Пасол РФ у Сербіі: Захад ва Украіне паўтарае метады развалу Югаславіі