МІНСК, 21 ліс – Sputnik. Кандыдаты ў прэзідэнты змогуць два разы выступіць у прамым эфіры на тэлеканале "Беларусь 1" і Першым нацыянальным канале Беларускага радыё, паведаміў ЦВК Беларусі.
На кожнае выступленне выдзеляць не больш за паўгадзіны. Эфір дадуць з 8 па 17 студзеня 2025 года па працоўных днях. Гэта будзе ў прайм-тайм: па ТБ – з 19:00 да 20:00, на радыё – з 8:00 да 9:00.
Кандыдаты, па жаданні, могуць запісаць сваё выступленне, калі не жадаюць казаць у прамым эфіры. У любым выпадку, выступаць павінен менавіта кандыдат, а вось у дэбатах можа прымаць удзел давераная асоба.
"Канкрэтныя даты і час выступленняў будуць вызначацца жараб’ёўкай пасля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты", - растлумачылі ў ЦВК.
Праграмы кандыдатаў выбаршчыкі змогуць прачытаць у газетах "Рэспублiка" і "Звязда". У апошняй яны будуць на беларускай мове.
Раней паведамлялася, што выбары прэзідэнта Беларусі прызначаны на 26 студзеня 2025 года, а датэрміновае галасаванне стартуе 21 студзеня. Кандыдаты пакуль яшчэ не зарэгістраваны: ідзе збор подпісаў за іх вылучэнне.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"